Традыцыйна, але прыемна
Культура

Традыцыйна, але прыемна

десялаНяма старонкі, даражэйшай за сваю Радзіму. Дзе б ні быў чалавек, ён абавязкова імкнецца вярнуцца да вытокаў, да тых дрэўцаў, якія бачыў маленькімі, да тых пясчынак, якія некалі тапталі дзіцячыя ножкі. Мабыць, таму сталі такімі папулярнымі і любімымі ў народзе штогадовыя святы вёсак, якія даюць магчымасць сустракацца са знаёмымі, на хвіліначку вярнуцца ў мінулае.

У Вульцы 2 такое цудоўнае мерапрыемства заўсёды ладзіцца на Яблычны спас. Хаця часта чуюцца папрокі, што праграма амаль аднолькавая ў кожнай вёсцы і кожны год. Але як не згадаць самых старэйшых жыхароў, не парадавацца за маленькіх аднавяскоўцаў і не павіншаваць юбіляраў? Хай традыцыйна, але прыемна.
На гэты раз больш увагі на свяце атрымалі мнага-дзетныя сем’і. У рамках праграмы “Дзеці ідуць у школу” каштоўныя падарункі ўручалі намеснік старшыні Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Вячаслаў Салавей і старшыня райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дубініч, прадстаўнікі СВК “Вулькаўскі світанак” і сельвыканкама.
З віншаваннямі звярнулася да прысутных начальнік аддзела па ідэала-гічнай рабоце, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Аксёнава. Арганізатары імкнуліся зра-біць музычную праграму разнастайнай і на любы густ. Гучалі народныя песні і эстрадныя нумары, больш жартоўнымі былі віншаванні ад прадстаўнікоў “афрыканскага кантынента” і “інша-планецян”. А задорныя цыганскія танцы выклікалі ўсеагульнае захапленне. Вядучыя здзіўлялі тонкім гумарам і абаяльнасцю.
Давялося яшчэ раз упэўніцца, што радасць і бяда заўсёды ходзяць побач. У гэты святочны дзень вёска страціла аднаго са сваіх жыхароў. У той жа час даведаліся, што хутка чакаецца прыбаўленне ў некалькіх сем’ях . Такое яно – жыццё – непрадказальнае, далікатнае, часам трагічнае…
Салодкая вата, папкорн – абавязковыя атрыбуты мерапрыемства. Шашлыкі казыталі асаблівым пахам, горкі і батуты прыцягвалі, як магніт. Радасны смех малых паднімаў настрой у дарослых. Дыскатэка ў вячэрнім паўз-мроку захапіла ў танцавальны вір гаспадароў і гасцей. Так не хацелася развітвацца са святам на цэлы год!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть