У адказе за спакой на вуліцах і ў дамах
КультураПроисшествия

У адказе за спакой на вуліцах і ў дамах

рыбак

Наша сустрэча з начальнікам раённага аддзела ўнутраных спраў, палкоўнікам Уладзімірам РЫБАКОМ адбылася напярэдадні прафесійнага свята – Дня міліцыі. Нягледзячы на гэта, размову пачалі са спраў надзённых, таго, што сёння найбольш турбуе адно з самых вялікіх праваахоўных ведамстваў раёна.

– З пачатку года 7 злачынстваў учынена ў нашым раёне ў адносінах да пажылых людзей. Большасць з іх – крадзяжы, але адно – разбой у Бастыні – аднесена да катэгорыі цяжкіх. Заезжыя злачынцы цыганскай нацыянальнасці ўдзень ездзілі па вёсцы, а ўначы забраліся ў дом да пажылой жанчыны. На жаль, ніхто з жыхароў населенага пункта і не падумаў паведаміць у міліцыю пра тое, што ў вёсцы паявіліся незнаёмцы. Гэта шчасце, што іх затрымалі. Зараз супрацоўнікі РАУС збіраюць матэрыял і правяраюць, ці не маюць гэтыя раней судзімыя падазраваемыя дачынення да аналагічных злачынстваў мінулых год. Адначасова выпадак павінен стаць навукай для даверлівых грамадзян, якія па прычыне свайго дастаткова сталага ўзросту не заўсёды правільна ўспрымаюць рэчаіснасць і становяцца ахвярамі зламыснікаў. Урок гэта і для нас. Прыкметна актывізавана работа з вышэй пазначанай катэгорыяй грамадзян, робім падворны абход, тлумачым, стараемся засцерагчы старых ад бяды. На жаль, у некаторых выпадках даводзіцца дарослым дзецям нагадваць пра тое, што трэба больш уважліва і клапатліва ставіцца да састарэлых бацькоў. Здараецца мець справу і з вялікаўзроставымі сынамі, якія ўмудраюцца жыць за кошт маці, прапіваючы іх невялікую пенсію. Мацярынскае сэрца не дазваляе заявіць на такое “дзіця”, і яны церпяць усё. Праўда, такое доўгацярпенне іншы раз заканчваецца трагедыяй.

– Практычна тое ж можна сказаць і пра сямейных скандалістаў. Якія меры ўздзеяння з боку праваахоўнікаў прымяняюцца да іх?

– Часцей за ўсё – пазбаўленне дзеяздольнасці мужоў-п’яніц і так званыя абаронныя прадпісанні. Хаця ў абодвух выпадках вельмі складана пераламаць менталітэт нашых жанчын. Яскравым сведчаннем гэтаму можа стаць нядаўні выпадак у адной з вёсак раёна. Мнагадзетная сям’я, муж, раней судзімы за забойства і падпал, здзекаваўся над жонкай, у выніку чаго яна неаднаразова з пабоямі трапляла ў бальніцу. Здаецца, якраз тая сітуацыя, калі бакі проста не могуць знаходзіц-ца на адной тэрыторыі. Вымушаны былі выдаць яму абароннае прадпісанне, прасцей кажучы – адсяліць. Пэўны час дэбашыр хаваўся ад міліцыі, а пасля ад нас у доме яго пачала хаваць жонка. У выніку якраз напярэдадні суда за ўжо ўчыненае злачынства ён пайшоў на новае – падпаліў гандлёвы ларок, які належаў сям’і. Урэшце-рэшт яго ўзялі пад варту. І што вы думаеце, зараз жонка заклапочана не столькі тым, як яна будзе жыць з мужам, які ўяўляе рэальную пагрозу, колькі тым, як яна будзе жыць без яго! Тым не менш, нават такія сітуацыі не пакідаем на волю лёсу. Работа па выяўленню сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы працягваецца. Вялікія спадзяванні ў гэтым ускладваем на сельвыканкамы. Хто, як не яны, павінны ведаць сваіх людзей і тое, чым жыве кожная асобна ўзятая сям’я?

– А ўчастковыя? Хіба іх роля меншая ў гэтай важнай справе?

– Іх роля не меншая, і ў пераважнай большасці яны нядрэнна спраўляюцца з ускладзенымі абавязкамі. Шкада толькі, што дагэтуль у нашым райаддзеле захоўваецца некаторы кадравы голад: няма ўчастковага інспектара ў Вялікіх Чучавічах, “не закрыты” два ўчасткі ў Лунінцы і адзін – у Мікашэвічах. Яны, вядома, не застаюцца без міліцэйскай увагі, аднак якасць работы ўсё ж кульгае.

– Не сакрэт, што сёння ў статыстыцы ўчыненых злачынстваў пераважаюць крадзяжы. Як можна супрацьстаяць гэтай навале?

– Усім мірам. І гэта не жарт. Перш за ўсё, трэба больш абачлівымі і адказнымі быць самім жыхарам. Зусім нядаўна затрымалі групоўку падазраваемых. Яны займаліся крадзяжамі з пакінутых без нагляду дамоў, якія нашчадкі выкарыстоўваюць пад дачы, позняй восенню і зімой практычна не бываючы на гэтых сядзібах. Як ні крыўдна, у большасці выпадкаў злодзеям нават не трэба было моцна ламаць галаву. У дом трапілі праз незачыненае акно, у гараж – праз адкрытыя дзверы, гэтак жа – у хлеў. Дванаццаць злачынных эпізодаў! Бралі ўсё, што трапляла пад руку:  ад касы і малатка – да складанага электраінструмента.  Такая ж сітуацыя з веласіпедамі. Іх цягнуць адусюль, у вёсках – ад магазінаў, аддзяленняў банка, амбулаторый, школ, у гарадах – з пад’ездаў і двароў шматкватэрных дамоў. Зараз актыўна працуем над тым, каб каля найбольш наведваемых людзьмі ўстаноў абавязкова былі металічныя прыстасаванні для таго, каб можна было з дапамогай замка надзейна прымацаваць веласіпед. Ідзем нават на тое, што забіраем пакінуты без нагляду двухколы транспарт у аддзел. Людзі ўжо ведаюць гэта і, калі выявілі прапажу, перш-наперш звяртаюцца да нас. Не так даўно супрацоўнікі аддзела ладзілі нават незвычайную акцыю – раздавалі ў вёсках людзям замкі для веласіпедаў.  Павінен жа ўрэшце чалавек зразумець, што ад яго самога ў немалой ступені залежыць захаванасць маёмасці. Дарэчы, у Германіі ёсць цікавы вопыт. Калі ў вас прапаў веласіпед, і вы заявілі пра гэта ў паліцыю, там, перш за ўсё, высвятляць, ці быў ён прымкнёны. Калі не – атрымаеце штраф за стварэнне ўмоў для ўчынення крадзяжу. Калі ж вы наогул не паведаміце пра крадзеж у паліцыю, то будзеце пакараны за ўтойванне злачынства. Дысцыплінаваць людзей можна па-рознаму.

– Апошнім часам у якасці такога сродку нярэдка прапаноўваюць відэаназіранне. У нас яно выкарыстоўваецца актыўна?

– Відэаназіраннем абсталявана плошча Леніна. Вывучаецца магчымасць усталяваць відэакамеры на Прывакзальнай плошчы. У перспектыве такая апаратура, магчыма, паявіцца ў Лунінцы на з’ездзе з пуцеправода.  Не так даўно сітуацыя на гэтым аварыйна небяспечным участку была з выездам на месца вывучана раённай камісіяй па бяспецы руху. Прынята рашэнне разгрузіць перакрыжаванне з дапамогай руху па кальцу. Ужо ёсць праект, спадзяюся, што з наступленнем спрыяльных умоў надвор’я там пачнуцца неабходныя работы. Што датычыць устаноўкі відэакамер на пад’ездах шматкватэрных жылых дамоў, то ў Лунінцы пакуль ніводнага такога дома няма. У суседнім Пінску такая сістэма абароны ад злодзеяў выкарыстоўваецца дастаткова актыўна і дае свой плён. Як сведчыць статыстыка, кра-дзяжы з машын, прыпаркаваных у дварах, і з пад’ездаў дамоў з відэаназіраннем практычна зведзены да нуля.

– Мабыць, нашы землякі баяцца пакінуць вас без работы, таму і не згаджаюцца абсталёўваць дамы відэакамерамі…

– Без работы мы, на жаль, не застанемся ніколі. Чаго толькі каштуе актыўнае наступленне алкагольнай і наркатычнай атруты. І ўцягваюцца ў гэтую загану маладыя людзі. Пры ўсім пры тым, што ўздзеянне спайсаў на галаўны мозг чалавека да канца не вывучана, хаця дакладна вядома: прывыканне да іх паяўляецца пасля першага ўжывання атруты. А колькі было выпадкаў, што гэтая першая спроба аказвалася апошняй, ставячы кропку ў жыццях зусім маладых лю-дзей. Нашы супрацоўнікі разумеюць, што сёння неабходна мэтанакіравана, выверана і прынцыпова выяўляць, перш за ўсё, тых, хто нясе бяду ў сем’і – збытчыкаў забароненых рэчываў. Яны праяўляюць нямала вынаходлівасці, каб заставацца па-за зонай бачнасці, актыўна выкарыстоўваюць інтэрнэт, але і нашы супрацоўнікі не дрэмлюць. Зусім нядаўна ў Мікашэвічах затрымалі збытчыка спайсаў і пяцёра спажыўцоў. Усе 1993-1994-га гадоў нараджэння. І сёння няварта геаграфічна акрэсліваць зоны распаўсюджвання гэтага зла, быццам часцей сустракаецца яно ў Мікашэвічах ці Лунінцы. Сёння яно паўсюдна, бо паўсюдна ёсць інтэрнэт. Не бяздзейнічаюць адукацыя, грамадскія арганізацыі, праваахоўнікі, але, на маю думку, першаступенную ролю ў процістаянні гэтай пагрозе павінны ўсё ж адыгрываць бацькі. Не пакідайце без увагі сваіх дзяцей, сачыце за тым, з кім яны сябруюць, перапісваюцца ў сацыяльных сетках, сустракаюцца ў вольны час. І калі хоць нешта насцярожыла вас у паводзінах нашчадкаў, не спрабуйце гэта ўтойваць – самастойна са страшнай бядой, якой з’яўляюцца наркотыкі, вам не справіцца.

– Трывожна-дзелавая ў нас атрымалася размова…

– Гэта наша работа, пра якую не маем права забываць не толькі ў будні, але і ў святы, у тым ліку і ў Дзень міліцыі. Тым не менш, віншуючы асабовы састаў РАУС з прафесійным  святам, хачу пажадаць сваім калегам удачы, настойлівасці і прафесіяналізму ў самых складаных сітуацыях.  А яшчэ – цярпення, мужнасці, здароўя, дабра, узаемаразумення і падтрымкі ў сем’ях. Грамадства чакае ад нас самаадданага выканання высакароднага абавязку – аберагаць спакойнае жыццё нашых людзей, і мы павінны гэтыя спадзяванні апраўдаць.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть