У Лунінецкай СШ №2 прайшоў турнір памяці Івана Фёдаравіча Рашэцкага
Культура

У Лунінецкай СШ №2 прайшоў турнір памяці Івана Фёдаравіча Рашэцкага

На свеце шмат вялікіх людзей. Адзін здзейсніў подзвіг, другі пабываў у космасе, іншы зрабіў навуковае адкрыццё, нехта напісаў кнігу. Іх імёны памятаюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне. Але ёсць людзі, чый лёс ніяк, здавалася б, не змяніў гісторыю. Гэта таксама вялікія людзі, таму што яны ўсё сваё жыццё аддалі любімай справе, і многія ўспамінаюць пра іх з пачуццём вялікай любові і падзякі.
Выдатнай прафесіі прысвяціў свой жыццёвы шлях настаўнік фізкультуры лунінецкай СШ №2 Іван Фёдаравіч Рашэцкі. 

І хоць няма яго цяпер з намі, ён застаецца прыкладам, яго імя жыве ў сэрцах вучняў, калег і ўсіх, хто ведаў яго. Памяці настаўніка ў школе праводзіцца турнір па валейболе сярод дзяўчат. Зборная каманда СШ №2 г. Лунінца пад яго кіраўніцтвам неаднаразова станавілася пераможцай раённай спартакіяды і годна прадстаўляла Лунінетчыну на абласных спаборніцтвах. Аб гэтым падчас урачыстага адкрыцця адзначыў у сваім прывітанні да ўдзельнікаў трэцяга турніру галоўны суддзя спаборніцтваў Віктар Вайцяхоўскі.


На гэты раз валейбольныя баталіі разгарнуліся паміж камандамі лунінецкай гімназіі, Язвінскай, Вулькаўскай 2 СШ і гаспадарамі. Пяць гадзін у спартыўнай зале не змаўкалі эмоцыі балельшчыкаў, якія падтрымлівалі дзяўчат. Спаборніцтвы праходзілі па кругавой сістэме, якая дазволіла сапернікам бліжэй “пазнаёміцца” і ацаніць сілы адзін аднаго. Да заключнага паядынку гаспадыні і валейбалісткі Вулькаўскай 2 СШ падыйшлі з аднолькавым вынікам, маючы ў сваёй скарбонцы па 2 перамогі. Эмоцыі спартсменак СШ №2 крыху перашкодзілі ім прадэманстраваць сваю лепшую гульню, і яны саступілі з лікам 0:2. Такім чынам, прадстаўніцы Вулькаўскай 2 СШ святкавалі перамогу.
– Мы ўпершыню ўдзельнічалі ў турніры, – дзеліцца ўражаннямі трэнер каманды Людміла Верас. – Спадабалася ўсё: і арганізацыя, і самі спаборніцтвы. Мы рады папоўніць сваю скарбонку яшчэ адным дасягненнем. Дзякуй за запрашэнне. Гэта сапраўднае свята для нас.


Трэцяе месца занялі гімназісткі. Усе прызёры і пераможца атрымалі дыпломы, мячы, салодкія пачастункі ад адміністрацыі СШ №2 і райкама БРСМ. Да таго ж, памятныя падарункі ад рэдакцыі газеты “Лунінецкія навіны” ўручаны лепшым ігракам – Карыне КУРАК (Язвінская СШ), Анастасіі ВЕРАС (Вулькаўская 2 СШ), Маргарыце СМЯТАНІНАЙ (СШ №2 г. Лунінца) і Аксане Кавалевіч (гімназія г. Лунінца).

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть