Культура

У пілотцы на парад

бабровникішла сёлета разам са сваім класам настаўніца гісторыі СШ №2 г. Мікашэвічы Наталля Іванаўна Баброўнік.
Стылізаваную форму адзення, прысвечаную салдатам Вялікай Айчыннай, класны кіраўнік прапанавала вучням, а яны ў адказ: “А вы таксама надзенеце пілотку?”. Сумесна вырашылі: калі ўсе – значыць, усе. І маршыравалі па галоўнай вуліцы маладога горада дзеці з галінкамі бэзу ў руках і настаўніца са слязамі на вачах.
Галоўнай рэліквіяй сям’і Наталлі Іванаўны былі франтавыя “трохвугольнікі” дзядулі. Пакутуючы ад крова-праліцця на Украіне, яна шукала свой спосаб супраць-дзеяння гэтай братазабойнай вайне. Знайшла паплечніцу ў асобе калегі і цёзкі Наталлі Барысаўны Благадзёравай, якая з красавіка ўзначаліла раённы краязнаўчы музей. Дзве неабыякавыя асобы наведалі ў Мінску “Гістарычную майстэрню”, якую вядзе навуковец з БДУ Кузьма Казак пры падтрымцы Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханеса Рау. І цяпер ужо сталіч-ныя госці былі запрошаны на выязны семінар у Мікашэвічы, арганізатарамі якога выступілі аддзелы адукацыі, а таксама ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Шчырая сустрэча ў гасцін-най СШ №2 перасягнула рамкі аднаго рэгіёну. Аб сваіх напрацоўках хвалююча распавядалі мясцовыя выкладчыцы Аксана Рыгораўна Арашкевіч (Лунінецкая гімназія) і Людміла Леанідаўна Пятніца (Палеская СШ), вучні якіх былі пераможцамі конкурсаў розных этапаў з даследаваннямі па ваеннай тэматыцы. Прыклад мэтанакіраванай работы па ваенна-патрыятычнаму выхаванню школьнікаў сваім жыццём паказвае Іван Аляксеевіч Панасюк, чые пошукавыя намаганні ўвасобіліся ў чарговую кнігу “Лісты камандзіраў”. Вопытам даследаванняў па ваеннай тэматыцы падзялілася настаўнік-наватар СШ №69 г. Мінска Ірына Рып.
Адлюстраваннем галоўнай мэты грамадства – выхаваць шанаванне пераможнага пакалення ў падрастаючага – былі выступленні вучняў. Глыбокае прасяканне ў тэму Халакосту паказалі юныя жыхары в. Ленін Жыткавіцкага раёна Гомельшчыны разам з выкладчыцай гісторыі Людмілай Міхайлаўнай Таненя. Юныя гаспадары сустрэчы – вучні Наталлі Іванаўны Баброўнік – запісалі ўспаміны старажылаў аб змаганнях з ворагам, існаванні ў перыяд акупацыі, прымусовай працы ў Нямеччыне. Праект стаў сапраўды творчым, таму што дзеці ўвасобілі расказы дарослых сродкамі мастацтва – малюнкамі, вышыўкамі, вырабамі з бісеру і г.д. Можна працягваць сведчанні таго, што толькі настаўнікі, якія праз сябе прапускаюць падзеі вайны, захопяць гэтай тэмай вучняў.
У беларускім касцюме абаяльная вучаніца 3 “В” класа Насця Чарнавокая (настаўніца Алена Уладзіміраўна Баган) так пранікнёна прачытала верш аб шанаванні гістарычнай памяці, што ўсіх прымусіла ўзняцца і застыць у хвіліне маўчання…
Не стрымлівалі сваё хваляванне прадстаўнікі пакалення “дзяцей вайны”. Ветэран працы РУВП “Граніт” Яўген Лявонцьевіч Бугаёў выказаў упэўненасць у шанцаванне моладзі, якая так бераж-ліва захоўвае сведчанні мінулага. Былая выкладчыца Гродзенскага каледжа мастацтваў Крысціна Палеса расчуліла прысутных шчымлівымі ўспамінамі аб пасляваенных цукерках-“падушачках” і загартаванай ударамі лёсу любоўю да жыцця…
“Нельга жыць з павернутай назад галавой, але і нельга забываць вайну, каб не пачалася новая”, – Наталля Іванаўна Баброўнік падвяла своеасаблівы вынік абмену вопытам даследчай дзейнасці. Такі ж сэнс утрымліваўся ў словах Вольгі Рэнш. Грамадзянка Германіі, якая шмат год працуе ў Беларусі, адзначыла галоўную асаблівасць нашай краіны – талерантнасць, што вылучае наш народ у параўнанні нават з бліжэйшымі суседзямі. На думку госці, гэта спрыяе паступальнаму развіццю эканомікі і дабрабыту краіны. Практычны аспект адкрытасці абмеркавання самых балючых тэм увасоблены ў “Гістарычнай майстэрні”, жывыя сведчанні ў якой за кароткі тэрмін пакінулі 80 тысяч чалавек больш як з 60-ці краін свету. Але гэта толькі пачатак вялікага шляху па аднаўленню трагічных і гераічных старонак вайны, таму сваё выступленне гісторык Кузьма Казак завяршыў заклікам: “За работу!”.
На другую частку семінара натхніў канцэрт юных выхаванцаў вакальных і танцавальных гурткоў Палаца культуры. Краязнаўчай паўзай можна назваць наведванне кар’ера РУВП “Граніт”, экскурсію па якому правяла намеснік генеральнага дырэктара Маргарыта Серавокая.
Потым удзельнікаў зноў павяла дарога памяці. Першы прыпынак на ёй – брацкая магіла жыхароў вёскі Сітніцкі Двор, знішчаных фашыстамі ў лістападзе 1942-га. Аб трагедыі ўсхвалявана расказалі вучні Сінкевіцкай СШ. Да сціплага абеліска ўскладзены вянок. Звярну-ліся да старшыні сельвыканкама Галіны Стахаевіч з просьбай аб увекавечанні прозвішчаў усіх загінуўшых жыхароў вёскі.
Нельга было абысці ўвагай асобны помнік з надпісамі на польскай мове, дзе ўказаны вяскоўцы толькі каталіцкага веравызнання. Гэта – праяўленне “неталерантнасці”, адзначыла Вольга Рэнш:
– Ахвяры фашызму загінулі разам. Недаравальна падзяляць іх пасля смерці…
І яна ж першая з кветкамі падышла да помніка воінам і партызанам, загінуўшым пры вызваленні Лахвы. Гэта мясціна не была пазначана ў маршруце семінара, але магіла знаходзіцца побач з памятным знакам аб знішчэнні яўрэяў старажытнага мястэчка і абмінуць яе было б таксама недаравальна.
На брацкім пахаванні ахвяр Лахвенскага гета сустракалі вучні мясцовай СШ, якія дакладна расказалі пра паўстанне вязняў і іх знішчэнне ў верасні 1942-га. Старшыня сельвыканкама Людміла Пашкевіч разам з дэлегацыяй усклала вянок да помніка з надпісамі на беларускай і рускай мовах і на іўрыт.
Сімвалічна, што развітанне ўдзельнікаў семінара адбывалася каля стэлы, якая стылізавана аб’яднала зорку Давіда і цярновы вянец Хрыста. Усведамленне агульнай небяспекі вайны павінна злучаць нас мацней, чым розныя веравызнанні і нацыянальнасці. Хочацца спадзявацца, што неабыякавыя настаўнікі перададуць вучням самае злабадзённае і галоўнае пачуццё – захаванне міру, каб словы “І памяць сэрца гаворыць” (гэта было рабочай назвай семінара) адгукаліся ў душах маладых сучаснікаў суперажываннем ваеннаму пакаленню і недапушчэннем новых пагроз. І разам зможам ажыццявіць мару яшчэ адной захопленай настаўніцы гісторыі – Дзіяны Раманаўны Сладзінскай (СШ №2 г. Лунінца):
– А давайце на Парад Перамогі выйдзем з партрэтамі продкаў, якія змагаліся з фашызмам. Разам – дарослыя і дзеці – арганізуем “бессмяротны гарнізон”. Гэта ж будзе сапраўднае ажыццяўленне закліку “Ніхто не забыты – нішто не забыта”…
Хто падтрымлівае гэту ідэю – далучайцеся!
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть