Культура

“У старасці заўжды ПРЫГАДВАЕМ ДЗЯЦІНСТВА”

Пажылы чалавек зайшоў у рэдакцыю “ЛН”.
– Хачу даць аб’яву ў рубрыку “Прадаю”.
– Калі ласка, прысядзьце. Запісваем.
– Каму прадаць год 60, каб стаць маладзейшым?
Развесяліў усіх прысутных! Пацікавілася:
– Што добрага было ў вашай маладосці, што так яе прагнеце? Акупацыя, пасляваенная нястача…
– Не скажыце! Дзяцінства і юнацтва – самы цудоўны ўзрост чалавека, на якія б гістарычныя катаклізмы ён не выпаў.
Уладкаваўшыся ў крэсле больш зручна, быццам даўшы зразумець, што ён нікуды не спяшаецца, лунінчанін Міхаіл ВЯРЭНІЧ стаў расказваць:
– Нарадзіўся ў 1934-ым у Стахаве. Вёска бедна жыла. З больш чым тысячы дамоў толькі каля дзясятка можна назваць больш-менш дабротнымі. Калі пачалася вайна і прыйшлі немцы, яны абыходзілі бокам хаты з земляной падлогай. Займалі тыя, дзе была драўляная. Спыніліся і ў нашым доме. Сям’ю – восем чалавек – выселілі ў клуню. Ведаеце, што гэта такое?
– Хлеў для сена…
– Так. Размясціліся немцы ў доме. Двор – агульны, не пазбегнуць зносін. Хіба дзеці асэнсоўвалі небяспеку? Лета, вокны адчынены. Мы з братамі ў садзе залезем на дрэвы, назіраем. Немцы пакінуць штосьці на стале, калі зможам – сцягнем… 
Сярод ворагаў таксама былі розныя людзі. Бацькі трымалі гаспадарку: два кані, тры каровы. Адзін з немцаў вельмі любіў парное малако. Мама падоіць карову – тут жа яму кубак налівае. Так быў задаволены, што вяртанне статку з пашы сустракаў, іграючы на гармоніку… Але сярод пастаяльцаў быў і такі злосны немец, што нават яго погляду баяліся. Асабліва небяспечна стала, калі захопнікі адчулі адступленне. Нас своечасова папярэдзіў гэты “дабрак”. Бацька прыхаваў штосьці з рэчаў, забраў жывёлу і з трыма старэйшымі дзецьмі пайшоў у лес. Яшчэ трое засталіся з мамай. Немец да сценкі паставіў: не знайшоў швейную машынку “Зінгер”, на якую паклаў вока. Маці, хвалюючыся за дзецей, і рада была б яе аддаць, ды не ведае, дзе бацька закапаў. Калі б зноў не заступіўся наш сябар, не сядзеў бы я сёння з вамі…
Пры адступленні немцы загадалі ўсім жыхарам ехаць разам з імі на вазах. Меркавалі рабочую сілу вывезці ў Германію. А ў нас каня няма. Крычаў немец, махаў перад носам маці пісталетам. Потым прыслалі кабылу без хваста – казалі, што бяльгійская. Рушыў абоз. Канваіравалі нас ужо “ўласаўцы”. Праз 4 кіламетры дайшлі да Плотніцы. Тут на абоз наляцелі савецкія самалёты. Пакуль хто ў неба глядзеў, дык моладзь уцяміла, што трэба ратавацца. Паразбягаліся ў лес. У абозе засталіся старыя, жанчыны і дзеці. Заначавалі ў Рухчы. Зноў паменшала нас – хтосьці пад пакровам ночы ўцёк. Нас перадалі пад варту мадзьяраў. Дзень ехалі да Лемяшэвіч. Калі спыніліся, падышоў дзядок. Відавочна, пашкадаваў жанчыну з дзецьмі. Шапнуў маме: “Змагу схаваць два вазы”.
Яго сядзіба была на павароце. Калі нам зноў загадалі рухацца, мы і наш сусед завярнулі ў адчыненыя вароты. На ноч дзед надзейна прыкрыў вазы чаротам. Раніцай жа нацёр усіх нейкім зеллем. Скура пакрылася сыпам, быццам каростаю. Дзед даў настаўленне: “Калі спыняць немцы, скажыце, што вас камісавалі і дамоў адправілі…”. 
Так і было, як ён сказаў. Без праблем удалося перасячы нямецкія варты. Пад Плотніцай заначавалі. Запалілі агонь. На полымя выляцеў самалёт. Пры бамбёжцы забіла кабылу. Мы пад вазы пахаваліся і засталіся цэлымі. Хаця страху набраліся, як грымнулі Волянскія масты. Немцы ўзарвалі іх, каб перашкодзіць наступленню рускіх. Але і гэта не дапамагло – хутка Беларусь была вызвалена… Дабраліся да Стахава. Бацьку перадалі, што ўжо дома. Калі ён вярнуўся, агледзеў чорную столь, дзе хаваў брытву. Яе не аказалася – немцы рабавалі сялян падчыстую…
– Цяжкае дзяцінства. Здаецца, што яго прыгадваць? Трэба праганяць чорныя думкі, захоўваць у душы самыя светлыя імгненні жыцця. Хаця… Класік сцвярджаў: “Радасць – забываецца, сум – ніколі”.
– І ён меў рацыю. Чым старэйшым станаўлюся, тым часцей у снах прыходзіць тое, што, як вы кажаце, непажадана помніць. Што ж рабіць, калі ў нашым жыцці самай уражваючай падзеяй была вайна… Але побач былі мама, сябры вясковага маленства, родная зямля. Таму ва ўспамінах нават небяспека афарбавана ў колеры вясёлкі. І сняцца краявіды малой радзімы, хаця больш за паўстагоддзя жыву ў Лунінцы…
– А як вы трапілі ў наш горад?
– Закончыўшы школу, яшчэ крыху папрацаваў у калгасе. Стаў першым трактарыстам! Калі прызвалі ў армію, схільнасць да тэхнікі саслужыла дабро. Спачатку быў у Камянцы-Падольскім, потым – у Чарнаўцах, дзе набыў вайсковую спецыяльнасць шафёра. Аддаўшы тры гады сапёрным вайскам, разам з сябрамі махнуў у Чарвонаград. Там знайшоў сваё шчасце – ажаніўся з Нінай. Летась адсвяткавалі б 55-годдзе вяселля. На жаль, ужо 10 год удавею…
Дык вось, вырашылі будаваць сумеснае жыццё на Беларусі. Калі ехаў у Столін – хацеў у аўтабазу ўладкавацца, разгаварыўся з выпаковым спадарожнікам. Той прапанаваў: возьмем цябе вадзіцелем, меліярацыя цяпер больш прагрэсіўная галіна, чым аўтатранспарт. Гэта быў Павел Несцеравіч Пажывілка, дай Бог яму доўгіх год жыцця… Мне далі бартавую машыну. Дастаўляў матэрыялы і гаручае. Вывучыў асушальныя сістэмы ў Ганцавіцкім, Столінскім, нашым раёне. Займеў мноства знаёмых. У той жа час шафёр быў больш “круты”, чым дырэктар! Сям’я спачатку жыла ў інтэрнаце. Паступова пабудавалі свой дом.
Карыстаўся павагай у кіраўніцтва. Тады ж на ўсё былі ліміты. Але і давер паміж гаспадарнікамі – у глыб Расіі ехаў толькі з чэкавай кніжкай. Дакументы аформілі, груз узялі – разлікі будуць. Начальства гаварыла: “Ты – прабіўны хлопец”, – і камандзіравала за дэфіцытам. Дзесяць год сумленна працаваў у МУААС. Далі новенькі “газік”. І здарылася, што трапіў у аварыю. Траўмаў не было, але машыне крыху падмялі “крылы”. Галоўны механік у прысутнасці людзей так абразіў мяне, што я проста заплакаў. Праўда, начальнік Васіль Пятровіч Міхальчанка паставіў спецыяліста на месца: “Жалеза было і будзе. Галоўнае – усе людзі жывыя”. Але было крыўдна. Звольніўся. З жонкай зноў паехалі ва Украіну. Але вытрымалі там толькі два гады. У 1969-ым вярнуліся і засталіся назаўсёды. Працаваў на заводзе электрарухавікоў, удзельнічаў у будаўніцтве рэстарана “Прыпяць”, з нарыхтоўчай канторы выйшаў на пенсію.
З жонкай выгадавалі траіх дзяцей. Усе жывуць у Лунінцы. Пацешылі старых трыма ўнукамі і трыма ўнучкамі. Адна з дочак – Алена – часова не працуе, Валянціна загадвае універсамам. Рады, што сын Васіль таксама стаў вадзіцелем. Ды і я з баранкай не развітваюся – кірую сваім “гольфікам”.
– Відавочна, перасоўваецеся без парушэнняў правіл дарожнага руху, не выпіваеце, таму і маеце вадзіцельскі стаж амаль у паўстагоддзя. Што параіце маладым вадзіцелям, якія не вызначаюцца дысцыплінаванасцю?
– Шчыра прызнаюся: і мяне ў маладосці раз затрымалі за рулём у нецвярозым стане. Але ж шафёраў тады была лічаная колькасць. Нас усе ДАІшнікі ведалі. Патруль суправадзіў мяне дамоў і здаў жонцы ў рукі: маўляў, прачысці мазгі сваёй палавінцы. Ніна ўзяла мяне ў такі абарот, што аднаго ўроку на ўсё жыццё хапіла. Упэўнены ў вялікім выхаваўчым уздзеянні сям’і. Маці, жонка, сястра могуць забараніць роднаму чалавеку нецвярозым садзіцца за руль. Штрафы становішча не выправяць. Цяпер у моладзі столькі шалёных, не заробленых уласным мазалём грошай, што яны выкідваюць іх на вецер, не лічачы.
– Выглядаеце бадзёра, настрой аптымістычны. Падзяліцеся сакрэтамі жыццялюбства.
– Устаю ў 6 гадзін раніцы. Спраў па гаспадарцы шмат – ачысціць ад снегу двор, нанасіць дроў, натапіць дом. Снедаю, гатую абед. Дочкі наведваюць, але стараюся сам за сабой даглядаць. Вясною высаджваю агарод, апрацоўваю свае 6 сотак. Іншы раз наведваю брата – ён жыве на Чорным моры, а то і пуцёўку ў санаторый дадуць. Трэба жыць, куды дзенешся?.. Загаварыў я вас, непрыкметна гадзіна прабегла.
– Чаму ўсё ж завіталі ў рэдакцыю?
– Добра, што напомнілі! Цяпер жа дзеці віншуюць у газеце і па радыё сваіх бацькоў. Вось і мае сказалі: у пенсінера больш часу, зрабі заяўку, а мы аплоцім.
– Цудоўная нагода! А якую песню ў падарунак хочаце паслухаць?
– Назву не ведаю, а словы помню: як мама “качала мою по ночам колыбель”. Нарадзіўся 10 лютага. І перакананы, што ў дзень нараджэння трэба віншаваць не імянінніка, а маму – гэта ж яна падарыла жыццё. Даўно няма на зямлі маёй мамы, але ж у сэрцы яна заўсёды са мною – пакуль жыву, ці не так?
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть