У жыцці не сумавала — прала, жала і спявала…
Культура

У жыцці не сумавала — прала, жала і спявала…

юрцевич

Адкрываючы падручнікі гісторыі, часта ўспрымаем напісанае там як нешта далёкае і быццам несапраўднае. Бо ўсе факты і падзеі адбываліся раней, мы не былі сведкамі гэтага. І зусім іншае ўражанне застаецца ад расказу чалавека, які бачыў ці быў удзельнікам таго або іншага выпадку. У нас яшчэ застаецца цудоўная магчымасць паслухаць жывыя ўспаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ці дзяцей і падлеткаў таго часу, памяць якіх яркай стужкай занатавала самае балючае і хвалюючае. Яны, як часцінка гісторыі цэлай краіны, захоўваюць у сабе тую бязмежную прагу да Перамогі, горыч ад бяссілля, светлую надзею, якая не згасала нават пад градам куль і снарадаў…

Пелагея Паўловіч з Вулькі 2 пра перажытае ў дзяцінстве таксама можа расказваць бясконца. 86-гадовы ўзрост жанчыны многія падзеі пакінуў за межамі дасягаемага. Нават цяпер ад гэтых цяжкіх успамінаў нельга заставацца спакойнай.

Выпрабаванні ў іх сям’і пачаліся яшчэ да акупацыі. У 1939-ым бацьку забралі на вайну з палякамі, дзе ён трапіў у палон. Маці сама касіла сена, выконвала іншую мужчынскую работу. Нічога звышасаблівага: жанчынам таго часу даводзілася браць на сябе непасільныя абавязкі, калі побач не было моцнага мужчынскага пляча.

Пелагеі тады споўнілася 10 год. Юная памочніца гатавала ежу, дапамагала па гаспадарцы. Жала жыта, церла лён і капала бульбу. Спраўлялася нароўні з дарослымі. Спадзяваліся, што тата хутка вернецца, і жыць стане лепш. Асабліва аб гэтым марыла дзяўчынка. Але наперадзе была вайна…

Прызвычаіцца да новых законаў было цяжка. За нязначнае непадпарадкаванне пагражала смяротная кара. А з развіццём партызанскага руху небяспека толькі ўзрастала. Сям’я жыла на перакрыжаванні ў цэнтры вёскі, і хату не міналі днём немцы, а ноччу – народныя мсціўцы. Страшна было, што адны не паспеюць сысці і сустрэнуцца на падворку, тады не мінаваць смерці і малым, і дарослым.

Аднойчы раніцай захопнікі пастукаліся якраз тады, калі ў пакоі заставаўся партызан. Ад безвыходнасці перапалоханая гаспадыня паспела схаваць мужчыну на печы пад грудай насечанай лучыны. Паверх яе заслала пакрывала і пасадзіла дзяцей. Немцы распалажыліся снедаць, малыя цікаўна заглядвалі ў хованку, а жанчына калацілася ад страху і безупынна малілася Богу…

Больш так рызыкаваць пабаяліся, і ўсёй сям’ёй перабраліся ў лес. Брат удзельнічаў у баявых аперацыях, дзяўчынку часта прасілі дапамагчы прыгатаваць вячэру для ўсяго атрада. Даводзілася мыць бялізну. Але ў будучым свой удзел у вызваленчай барацьбе Пелагея не імкнулася пацвердзіць дакументамі, маўляў, навошта, усе і так ведаюць. А з часам сведкаў не засталося ў жывых. Ды шкадуе аб гэтым жанчына не вельмі, не дзеля ільгот вялося тады змаганне.

У час акружэння ўцякалі, хто як мог. Дзед не здолеў хутка хадзіць, таму застаўся дома. Немцы яго не чапалі, а будынак вырашылі спаліць. Кінулі ў хату запалены скрутак саломы і паехалі далей. Дзед паспеў патушыць агонь.

Пасля вызвалення брата забралі на фронт. Яму пашчасціла застацца жывым, а хутка з палону вярнуўся бацька. Дарэчы, неўзабаве ён стаў старшынёй толькі што створанага мясцовага калгаса. Да гэтага пабываў у Расіі, дзе калектывізацыя прахо-дзіла значна раней, ведаў усю сістэму. Разумеў, што задача нялёгкая, але і адступаць не рашаўся, бо перамены адбываліся ва ўсёй краіне.

Час быў няпросты. Усё новае народ успрымаў у штыкі. Выконваючы загад кіраўніцтва, забіраючы з падворкаў вупраж, вазы, коней і кароў, Васіль Іванавіч выглядаў ворагам у вачах аднавяскоўцаў. Яго пракліналі, яму пагражалі. Негатыўныя адносіны адбіваліся і на сям’і, на якую коса глядзелі сваякі і суседзі. Толькі намнога пазней людзі змірыліся з пераменамі.

Пелагея працавала ў паляводстве, у жывёлагадоўлі карміла свіней і авечак, даіла кароў. Пасябравала з суседам, і неўзабаве Фама прапанаваў выйсці за яго замуж. Нарадзіліся дзеці. Жыццё прамільгнула, як адзін дзень. Праца і зноў праца, за якой не бачылася прасвету. У калгасе і дома, не толькі дзеля дабрабыту, а больш па неабходнасці душы.

Калі восенню на ўборку бульбы прыязджалі студэнты, яна гатавала ім ежу. Часцей пякла бліны, якія моладзь вельмі любіла. Праз многа год, калі сустракала каго з тых пастаяльцаў, яны шчыра дзякавалі сваёй Васільеўне за смачныя абеды. Пакуль не было сталоўкі, заўсёды гатавала і для механізатараў.
Мастацкая самадзейнасць была часткай жыцця вясковай артысткі. Яны разам з сяброўкамі збіраліся на рэпетыцыі, выступалі дома, ездзілі на канцэрты ў суседнія клубы, дзе атрымлівалі прызнанне за свае здольнасці. А колькі жартаў, вясёлых прыпевак гучала ў тыя вечары, ніколі не сціхаў смех.

Цяпер усё інакш. Даўно няма ў жывых Фамы Васільевіча. Дзеці дарослыя. Дачка Вера апынулася на Поўначы. Ніжневартаўская вобласць стала другой радзімай для дзяўчыны з Палесся. Там выгадаваліся яе дзеці, нарадзіліся ўнукі. Раіса працавала прадаўцом у вясковых магазінах, потым у Мікашэвічах стала кранаўшчыцай. Сын Валерый пабудаваў хату побач з матчынай, на адным падворку з бабуляй жыве яго сын Сяргей.

6 унукаў і 11 праўнукаў ёсць на сённяшні дзень. Магчыма неўзабаве стане і прапрабабуляй – нядаўна старэйшая праўнучка выйшла замуж і, дасць Бог, парадуе новым пакаленнем нашчадкаў. Увагай блізкіх Пелагея Васільеўна не абдзелена. Тэлефонныя званкі сведчаць, што пра яе хвалююцца, зычаць здароўя. На жаль, яно ўжо не тое, як у маладосці, гады паціху бяруць сваё. Але жанчына трымаецца. А ўспаміны не даюць спакою. Таму яна шчыра дзеліцца імі з малодшымі, каб тыя ведалі, якой цаной давалася нам Перамога.

Марыя Яраховіч



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть