Культура

Усміхніся жыццю — і яно ўсміхнецца табе!

Шмат простых мудрасцей засвоіла лунінчанка Вольга Захараўна САНЮКОВІЧ, якая 10 лютага адзначыла 80-гадовы юбілей.
Перабіраю фотаздымкі, занатаваўшыя адметныя падзеі жыцця жанчыны. Мяркуючы па іх шматлі-касці, біяграфія – багатая на шчаслівыя імгненні. Да такога вываду падводзіць шчырая ўсмешка на кожным фотаадлюстраванні Вольгі Захараўны. Праўда, кінулася ў вочы адсутнасць дзіцячых здымкаў юбіляркі, асабліва заўважаная на фоне стосу фота сучасных маленькіх нашчадкаў.
– Ды ў мяне і дзяцінства не было, – тлумачыць суразмоўніца з той жа маладой усмешкай, што прымушае не паверыць лічбе яе паважанага ўзросту. – Не споўнілася і трох год, калі памерла мама. На памяць застаўся адзіны фотаздымак 1923 года, калі мае бацькі з яшчэ адной парай першымі вянчаліся ў новай Свята-Крыжаўзвіжанскай царкве.
Захара Данілавіча Давыдчыка, без перабольшання, ведаў увесь горад. Ён быў першым лунінецкім печніком. Прафесію, што праславіла, набыў выпадкова. Маладая жонка – Настасся Яфімаўна «з дому Жарко” – адмовілася жыць у бруднай хаціне, дзе туліліся яшчэ дзве сям’і. На тым жа двары клець перарабілі пад жытло. Печнікамі тады былі, як казалі, «ці жыдок, ці палячок”. Малазямельны селянін размешваў гліну і ўважліва назіраў за дзеяннямі майстра. Вырашыў, што няма нічога складанага. Пасля прапанаваў свае паслугі аднаму з навасёлаў. Дамовіўся, што набудзе неабходныя матэрыялы і, калі печ акажацца дрэннай, не возьме плату ні за іх, ні за работу. Першы блін не аказаўся камяком. Хутка ад заказаў не стала адбою.
– З дзяцінства пазнавала бацькавы коміны, – гаворыць Вольга Захараўна. – Ён кожнаму рабіў, як сабе: на даху выкладваў асобную прыступачку з цэглы, каб зімой снег не задзьмувала…
Бацька працаваў. Мачаха была абыякавай да трох сірот. Вольга доўга нават не ведала, як трэба ўмывацца. Спаласне раніцай – твар, вечарам – ногі. Ды і дзе было захоўваць чысціню? У час акупацыі адзіны пакой заняў немец, выселіўшы сям’ю ў сені. Аднойчы пры бамбёжцы дзяўчынцы ў галаву трапіў асколак бомбы. Рана загнаілася. Бацька звярнуўся да панаваўшага ў хаце «кватаранта”. Пры медагля-дзе яна сама ўпершыню ўбачыла пад сарочкай бруднае цела … Нямецкі ўрач прымусіў старэйшых вымыць дзіця і доўга лячыў Вольгу нейкім смярдзючым сродкам (цяпер ведае, што гэта была іхтыёлавая мазь). Так удалося пазбегнуць больш цяжкіх наступстваў…
За навучанне жаночым прамудрасцям старажыл удзячна «дзянне” – жонцы роднага дзядзькі па маці. У 10 год дзяўчынка ўжо прала, вязала, накідвала ніткі на кросны і г.д. Заўсёды было запатрабавана яе ўменне шыць, тым больш – у пасляваенны час. На здымках канца 1940-ых – пачатку 1950-ых Вольга і сяброўкі ўражваюць разнастайнымі фасонамі не падобных адна на адну модных сукенак. 
У дзяўчыны хапала прыхільнікаў сярод мясцовых хлопцаў. Добрая і ветлі-вая, нікога не крыўдзіла адмовай. З адным – хадзіла на вячоркі, ад другога – атрымлівала лісты з арміі. Як часта бывае, замуж выйшла за трэцяга. Калі зацяжарыла, востра рэагавала на любыя пахі – іншы раз да страты прытомнасці. Напалоханая свякруха палічыла, што нявестка, як і яе маці, хворая на туберкулёз. Загадала сыну:
– Вязі гэту сухотную заразу дамоў – няхай там здыхае…
«Добры” муж загрузіў на воз яе куфар з пасагам і прывёз да бацькі. Той, вядома, прыняў дачку-небараку. Мачаха прымушала спыніць цяжарнасць. Вольга не падпарадкавалася. 10-га ліпеня 1952-га на свет паявілася яе Галінка…
У народзе дакладна кажуць: не 
было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. На двары былога мужа ў адным доме жыла яго сям’я, у другім –  кватараваў чыгуначнік. Так сталася, што яго жонка цяжка захварэла. Вольга Захараўна захавала знаёмства з добрымі людзьмі. Жывучы непадалёку, наведвала іх. Ацаніўшы шчырую душу суседкі, перад смерцю жанчына папрасіла: не пакідай майго мужа, маленькіх Геначку і Стасіка…
Так сышліся два адзіноцтвы. Вольга Захараўна здзіўлялася падабенству іх лёсаў. Андрэй Андрэевіч Санюковіч з 6-ці год гадаваўся без маці, з 12-ці – без бацькі. Пры Польшчы пасвіў жывёлу. У 1940-ым пастуха накіравалі на курсы ў Маскву. Адтуль прыехаў першым у Лунінцы дыпламаваным зваршчыкам. У час акупацыі быў вывезены ў Германію. Пасля вайны дэманстраваў такія высокія майстарскія здольнасці, што два дэпо – вагоннае і паравознае – любымі шляхамі перацягвалі да сябе сапраўднага прафесіянала.
Шчаслівая падтрымкай гаспадара, Вольга Захараўна клапацілася пра дзяцей – дачку і двух сыноў. А ў 1962-ім у сям’і паявіліся блізняты – Раіса і Андрэй. Вырашана было будаваць свой дом. Сцены склаў бацька, дах – муж. Усе аддзелачныя работы таксама выканалі без пабочнай дапамогі. З 1967-га для сям’і Санюковічаў родным стаў дом, узведзены на «бацькаўшчыне” галавы сям’і, – вуліцы ж Вінакурава і Гастэла пракладзены па былых агародах сялян Царкоўнай вуліцы. 
Трэба адзначыць, што Вольга Захараўна не саступала бацьку і мужу ў працавітасці. Яе прафесійная біяграфія пачыналася яшчэ на маслапроме, што размяшчаўся на скрыжаванні вуліц 17-га Верасня і 50-год Кастрычніка, працягвалася на заводзе масла і СОМ. На пенсію выйшла з завода электрарухавікоў. Сведчанні добрасумленных адносін да справы – медалі «За доблесную працу”, «За працоўную доблесць” (у былым райкаме КПБ уручаў сам Пётр Міронавіч Машэраў!), «Ветэран працы”, шматлікія ганаровыя граматы.
У сям’і доўгі час жыла маці першай жонкі мужа. Вольга Захараўна дагле-дзела да старасці мачаху і свайго бацьку. Вось ужо 10 год толькі ў сэрцы жыве галоўны мужчына яе жыцця. Штодзённы напамін пра цудоўнага чалавека – не толькі дом: карункі металічнай агароджы, акардэон (дарэчы, на ім іграў старэйшы сын, музыку выбраў прафесіяй малодшы). А яшчэ – шматлікія бытавыя праблемы, якія без гаспадара становяцца з узростам непераадольнымі…
Гаспадыня праводзіць мяне на ганак, на якім шчодра рассыпана проса. На верандзе змайстравана і прылада для зерня, на якую звяртае маю ўвагу Вольга Захараўна, і дадае:
– Столькі птушак злятаецца, што не змяшчаюцца на кармушцы. А на ганку ў мяне гэтыя жывыя істоты проста базары ладзяць! І ўсю вясну праводжу пад музыку птушыных спеваў…
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть