Успаміны пра бацьку
Культура

Успаміны пра бацьку

гнедько

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Гардзей Гнедзька (1911-1982) жыве ў памяці родных і прыёмных дзяцей. Яго дочкі, пасталеўшы і ўсвядоміўшы каштоўнасць нематэрыяльнай спадчыны бацькі, свята захоўваюць дакументы ваеннага часу.

Надзея Міхайлаўна Давыдчык:

– Мая мама – Варвара Грушэўская, бацька – Міхаіл Санюковіч. Жылі на хутары Пнішча. Бацька закончыў 7 класаў польскай школы. Па тым часе быў адукаваным чалавекам. Меў каліграфічны почырк і пісаў звароты за непісьменных суседзяў. Працаваў у паравозным дэпо. Асаблівага дастатку не мелі, але і галоднымі не былі. Пры акупацыі немцы таксама прымусілі бацьку ісці на чыгунку. А пасля вызвалення нашы яго арыштавалі і прыгаварылі да турмы. Мне не споўнілася яшчэ і двух год. Відавочна, бацька там і памёр…

А праз 5 год да нас прыйшоў Гардзей Ільіч. Гаварылі, што ён яшчэ кавалерам да мамы заляцаўся, але яна адмовіла. З часам кожны стварыў уласную сям’ю. Але, пэўна, ад лёсу не схаваешся. Ён пакінуў сваю жонку з сынам-падлеткам і прыйшоў да ўдавы, стаўшы родным для дзвюх прыёмных дачок.
Жорсткі, патрабавальны, ён галоўным злом на зямлі лічыў лайдацтва. Сам шмат працаваў і нас не шкадаваў. Калі ў 6 раніцы ўстане, злуецца на сябе, што позна. Тут жа і нас узнімаў з ложкаў. Кожнаму хапала работы. У той час сенажацяў не давалі, а карову ў кожным двары трымалі. Бацька накосіць па купінах, па хмызянках, а мне потым бегай – пераварочвай, зграбай. Частку сена прадавалі – гэта было істотным прыбыткам.

Быў раз, моцна на яго раззлавалася. У школе была добрай вучаніцай, але аднойчы паставілі двойку. Злашчасны сшытак я выкінула, а бацька яго знайшоў. Вось тады і адлупцаваў мяне папругай. У роспачы вырашыла і ад ежы адмовіцца, і не размаўляць ніколі. Гадзіны тры вытрымлівала характар… З цягам часу зразумела, што сам, непісьменны, ён усведамляў важнасць вучобы, таму і імкнуўся прымусіць мяне да дысцыпліны і адказнасці.

Нядаўна прачытала тлумачэнне прозвішча Гнедзька – быццам паходзіць яно ад слова “гнедзь”, ці “гнеды”, што значыць жывёла цёмна-рыжага колеру, а затым так сталі называць і чалавека, які разводзіў коней. Можна лічыць, што прозвішча вызначыла яго любоў да коней, якую пранёс праз усё жыццё. На сядзібе заўсёды была свая жывёла, а на работу ў быткамбінат бацьку запрасілі, таму што там таксама быў патрэбны гужавы транспарт.

Бацька на 9 год перажыў маму. У яго адна дата смерці з Брэжневым – 10 лістапада 1982-га. Толькі 71 год лёс бацьку адмерыў. Мне ўжо 72 споўнілася…

Алена Гардзееўна Албул:

– Мы называем адна адну сёстрамі, хаця імя па бацьку носім розныя. Розніца ва ўзросце – 10 год. Дні нараджэння адзначаем разам: у мяне – 7 сакавіка, у Надзі – 8-га. І менавіта яна вырашыла, што наш бацька варты таго, каб прыгадалі ў юбілей Вялікай Перамогі.

Салдацкі шлях вызначаем праз пасведчанні на баявыя і юбілейныя медалі, па-дзячныя лісты. Першая ўзнагарода – памятны знак польскай коннай артылерыі за перыяд службы ў 1933-1935-ых гг. Вярнуўшыся дамоў, жыў як звычайны селянін, клапаціўся пра сям’ю. У жніўні 1944 года прызваны ў Чырвоную Армію. Ваяваў на І Беларускім фронце. Відавочна, у Чырвонай Арміі ўлічылі польскі вопыт – бацька быў прызначаны гарматным нумарам. Званне – радавы. Прысягу прыняў 2 верасня, і адразу пачаліся баі. Аднойчы, калі ляжаў на брустверы, куля трапіла ў шынель, паміж раскінутымі нагамі салдата. Потым аднапалчане тую дзірку як цуд разглядалі.

А наогул ён не любіў успамінаць пра вайну. Хаця… Калі крыху вып’е – то пра адзін, то пра другі эпізод раскажа.

Загад аб медалі “За адвагу” напісаны напярэдадні Дня Перамогі – 7 мая 1945 года. Толькі цяпер на сайце “Подзвіг народа” знайшлі прадстаўленне: “Гардзей Ільіч Гнедзька ў баях у раёне паселішча Рэгітон 16 красавіка пад агнём праціўніка ўручную дастаўляў боепрыпасы да гарматы, забяспечыўшы гэтым бесперабойны агонь”… Цяжкімі былі змаганні ва Усходняй Прусіі – бацька казаў, што па трое сутак даводзілася стаяць у вадзе. Трывожачы душу напамін аб жорсткіх баях, дзе загінулі многія аднапалчане, – медаль “За ўзяцце Кенігзберга”, Па-дзячныя лісты Вярхоўнага Галоўнакамандуючага…
У 1947-ым атрымаў медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”. Захавалася і пасведчанне 1969 года аб тым, што адзначаны юбілейнай узнагародай – “50 год Узброеным Сілам СССР”.

Надзея Міхайлаўна Давыдчык:

– Адна мая сястра, Любоў, на 10 год старэйшая, другая, Алена, – на 10 год маладзейшая за мяне. Атрымалася, што бацька выхоўваў мяне з сямі год, таму запомніла яго ўспаміны пра вайну. Наслухаўшыся пра Кенігзберг, амаль не здзівілася, калі ў 1961-ым апынулася ў Ка-лінінградзе. З Лунінца туды везлі жывёлу. У нарыхтоўчай арганізацыі працавала Люба, якая і ўзяла мяне, выпускніцу школы. А вось там уражанняў хапіла: упершыню бачыла і нямецкія вежавыя гадзіннікі з боем – чорныя з золатам, і аўтобусы. Горад яшчэ ляжаў у руінах, хіба толькі цэнтр быў больш-менш расчышчаны. Лунінчанам таксама прапанавалі паўдзельнічаць у аднаўленчых работах. Рэшткі збудаванняў грузілі на машыны. Заплацілі нядрэнна – прыехала ў Лунінец у новым касцюме і з наручным гадзіннікам…
Дзецям Гардзея Гнедзькі – і родным, і прыёмным – быў наканаваны складаны лёс. Сын і тры дачкі годна вытрымалі жыццёвыя выпрабаванні. Нашчадкамі франтавіка з гонарам называюць сябе шасцёра ўнукаў, восем праўнукаў і ўжо адна прапраўнучка.

Таццяна Канапацкая

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть