Ва ўсе часы, ва ўсе вякі будуць жыць палешукі!
Культура

Ва ўсе часы, ва ўсе вякі будуць жыць палешукі!

Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся” ў пяты раз прайшоў у аграгарадку Ляскавічы на Петрыкаўшчыне. Мерапрыемства, якое праводзіцца адзін раз у два гады, сабрала самабытныя калектывы не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Польшчы. Удзел у ім брала і дэлегацыя Лунінеччыны на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Пачко, які разам са старшынёй Жыткавіцкага райвыканкама Віктарам Атліванавым сустракаў на мяжы абласцей Брэсцкага губернатара Анатоля Ліса.

Прысвечаны Году малой радзімы фестываль прадэманстраваў, наколькі беражліва на Палессі адносяцца да захоўвання ўнікальных рысаў нацыянальнай культуры. Своеасаблівай яго візітоўкай стаў вялікі канцэрт фальклорных калектываў, удзел у якім разам з іншымі браў наш народны ансамбль песні і музыкі “Шляхцічы”.

На ўзбярэжжы канала, які вядзе да Прыпяці, па традыцыі размясці-ліся пляцоўкі раёнаў беларускага Палесся і шматлікія гандлёвыя рады, багатыя на ўнікальныя творы народных рамёстваў. Разам з іншымі высокагустоўныя прадметы разьбярства па дрэве прапаноўваў і жыхар Вялікіх Чучавіч Сяргей Гнедзька.

Па-мастацку аформленыя “падворкі” расказвалі пра тое, чым адметны рэгіёны Палескай нізіны. Іх самабытнасць, а таксама творчы падыход у невялікіх тэатралізаваных прадстаўленнях разам з Міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Юрыем Бондарам ацэньвалі губернатары Гомельскай і Брэсцкай абласцей Уладзімір Дворнік і Анатоль Ліс. Нашу вобласць прадстаўлялі Лунінеччына, Піншчына і Століншчына.

Вясельны абрад “Як прыедзеш у Дварэц, дык адразу – пад вянец!”, падрыхтаваны культработ-нікамі Лунінецкага раёна, выклікаў вялікую цікавасць у гледачоў, а народныя ансамблі песні і музыкі “Весніца”, “Вандроўнікі”, фальклорныя калектывы “Світанак” з Дзятлавіч і “Жывіца” з Вулькі 1 да позняга вечара весялілі ўдзельнікаў незвычайнага фестывалю.

Актыўна працаваў гандаль. Выстаўку-дэгустацыю ладзіў філіял “Грамадскае харчаванне” райспажыўтаварыства, частуючы гасцей шматлікімі прысмакамі.

Аж да самай Прыпяці несла наваколле іскрыстае рэха свята, якое пераканаўча сцвярджала: ва ўсе часы, ва ўсе вякі будуць жыць палешукі!

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть