Культура

ВАЙНЕ НЕ ЗАГУБІЦЬ КАХАННЕ…

Лунінчане не вельмі ахвотна дзеляцца сямейнымі тайнамі. Пра адну з гісторый, што адбылася на даваенным Залессі, напісала польская пісьменніца Марыя Тавяньска ў нарысе “Бутэлька”, які ў сярэдзіне 1990-ых гадоў быў апублікаваны ў амерыканскім часопісе “Крэсы літэратарскі”. Нашчадкі сям’і Бернат – герояў нарыса – знайшлі там шмат памылак. Што ж, ад літаратурнага твору нельга патрабаваць захавання дакументальнай дакладнасці. Але выявіць яе – у памяць трагедый мінулай вайны – неабходна.

Былая медсястра Ірына Аляксандраўна Пігулеўская расказала аб продках па бацьку:

– Дзядулю ведаю толькі па фотаздымку – Іосіф Іванавіч памёр у 1924 годзе. Бабуля Антаніна Іванаўна перажыла яго на 35 год. Бернаты мелі дзесяць дзяцей. Праўда, Першая сусветная вайна ў эвакуацыі забрала жыццё маленькага Аляксея. Падрастаючыя дзеці вілі свае гнёзды. Старэйшы, Іван, з жонкай асталяваліся ў Польшчы. Яшчэ раней другі сын, Сцяфан, выехаў у Аргенціну, куды пазней забраў і сястру Марыю. Яны пісалі лісты, пакуль жыла бабуля. У дзядзькі быў сын, у цёці – двое, але сувязі з імі страчаны… Пяцёра дзяцей чыгуначніка жылі ў Лунінцы і пайшлі ў прафесію па яго слядах. Васіль, аматар рыбалкі, патануў на Прыпяці… У яго не было дзяцей, як і ў Сяргея. Ніна заставалася ў матчыным доме на вуліцы Міцкевіча, які знеслі ў канцы 1980-ых гадоў, выгадавала сына. У нашага бацькі з траіх – жывем двое. З усяго роду толькі мой брат носіць прозвішча Бернат…

Вайна трагічным зыходам аб’яднала жыццё сем’яў дзвюх сем’яў – брата і сястры Бернатаў.

Вольга Іосіфаўна была замужам за Канстанцінам Сямёнавічам Дзямідам. На вуліцы Віленская, у двары яго бацькоў, пабудавалі дом і для маладой сям’і. Вясной 1944 года немцы абвінавацілі мужа ў сувязях з партызанамі і, разам з жонкай і трыма дзецьмі, кінулі ў засценкі гестапа. Вязняў павінны былі карміць сваякі. Брат Аляксандр насіў арыштаваным родным вараную бульбу, малако. 34-гадовую Вольгу з мужам, сынам Аляксандрам і дочкамі – Ірынай і Тамарай, якім было адпаведна 14, 12 і 7 год, расстралялі на Баханова 9 мая. Праз два месяцы вызвалілі раён… Калі была праведзена эксгумацыя, жанчыну апазналі па вялікай вязанай чырвонай хустцы і бутэльцы з малаком, якую яна трымала ў руках. Шматлікія ахвяры апошняй карнай акцыі фашыстаў былі адпеты свяшчэннікамі і перазахаваны на праваслаўных могілках…

Трагічную гісторыю першай сям’і Мікалая Іосіфавіча Берната расказала яго дачка ад другога шлюбу былая працаўніца РУВП “Палессеэлектрамаш” Раіса Гудкова.

Шэравокі, стройны, сур’ёзны хлопец з Залесся вадзіў кампанію з аднагодкамі з Брадзілаўкі, якой кіравала вядомая спявачка царкоўнага хору Ксенія Бесан. Адной з яе сябровак была вясёлая рыжавалосая прыгажуня. Мікалай і Броня пакахалі адзін аднаго. Калі дзяўчына зацяжарыла, грымнуў сканадал на ўвесь Лунінец. Аказваецца, выбранніцай беларуса была яўрэйка. Мікалай доўга ўгаворваў родных не супярэчыць вяселлю. Рашаючым довадам стала блізкае паяўленне дзіцяці. Сціснуўшы сэрца, маці згадзілася благаславіць шлюб пры ўмове, што будучая нявестка прыме праваслаўную веру.

Інакш абстаялі справы ў сям’і небагатага яўрэя-рамесніка па прозвішчу Партной. На яго думку, дачка зняважыла род сувяззю з “кацапам”, таму яе літаральна зачынілі ў доме. З нараджэннем хлопчыка (дарэчы, 19 студзеня, на Вадохрышча) Броні дазволілі выходзіць у двор, але па горадзе папаўзлі чуткі, што сям’я тэрмінова збіраецца пераехаць у іншае месца, дзе ўдасца схаваць нацыянальнасць бацькі дзіцяці.

Адчайная Сіма дапамагла злучыцца закаханым. Броня перадала сяброўцы ў фортку сына, а сама выйшла, быццам у прыбіральню, у адной сукенцы, накінуўшы ад марозу на плечы толькі шаль. У агароджы была загадзя адарвана дошка, за якой каханую чакаў Мікалай, адразу закутаўшы яе ў кажух.

Пры хрышчэнні Броні далі імя Вераніка. Абвянчаўшыся восенню 1937 года, бацькі ахрысцілі сына: Георгія дома чамусьці называлі Сашкам. Родныя маладой жанчыны адракліся і праклялі яе…

Шчаслівая сям’я жыла ў маленькім доміку, дзе ўтульна было ўсім Бернатам. Праз год нарадзілася Хэлена (з дамашнім імем Галінка). З пачаткам акупацыі Мікалай пераехаў на другі канец горада, зняў дом сярод чужых людзей, дзе ніхто не ведаў іх незвычайнага мінулага. Летам 1942 года Бог даў яшчэ адну дачку – Валянціну. Гаспадыня нікуды не выходзіла. Спадзяваліся, што ўдасца перачакаць “смутны” час. У адрозненне ад жонкі, муж не мог схавацца ад выканання разнарадак нямецкай управы. Аднойчы, вярнуўшыся з-пад Мікашэвіч, дзе гараджан прымусілі высякаць лес паблізу чыгуначнага палатна, гаспадар убачыў пусты разрабаваны дом…

Родныя расказалі Мікалаю, што яго жонка і дзеці расстраляны на Баханова. Называлася і імя даўняга знаёмага, які ў час вайны стаў паліцаям і даносам выслужыўся перад новымі гаспадарамі. Людзі бачылі, што перад расстрэлам Броня з немаўляцем на руках і дачкой, якая трымалася за маму, падштурхнула сына: бяжы. Хлопчык пабег, але паліцай выстраліў, дзіця ўпала, яго скінулі ў яму…

У роспачы Мікалай кінуўся да сякеры, каб адпомсціць здрадніку. Родныя захавалі брата ад большай бяды: звязалі рукі і два тыдні трымалі ў склепе, насілі самагонку, каб піў, забываўся і нічога не зрабіў з сабой…

Яму было крыху больш за 30 год, але ён лічыў сваё жыццё кончаным. З вызваленнем раёна зноў працаваў на чыгунцы. Аднойчы, пераходзячы пуці, убачыў жанчыну. Яна была так падобна на яго загінуўшую жонку, што захліснула сэрца. Мікалай проста сеў на шпалы…

Ураджэнка Вулькі 1 Соф’я Сямёнаўна Каржанеўская рана засталася без бацькі, да вайны прыслужвала ў багатых дамах. Летам 1944-га працавала на аднаўленні чыгуначных пуцей, дзе і сустрэлася поглядам з 33-гадовым сівым мужчынам. Толькі паспелі пазнаёміцца, як яна захварэла на тыф. У бараку, пад часовым дахам, не было каму даглядаць хворую. Бернаты трымалі карову, і Мікалай штодня прыносіў дзяўчыне свежае парное малако. Усё жыццё Соф’я лічыла, што гэта яе выратавала, і была ўдзячна мужу…

Раіса Мікалаеўна завяршае сумны расповяд:

– Згубіліся фатаграфіі першай жонкі і дзяцей бацькі – ён насіў іх у кішэні, а ў 1950-ыя гады рабаўнікі ўкралі пінжак з грашыма і дакументамі. Боль жа ў сэрцы засталася на ўсё жыццё. Калі бацька расказваў мне пра гэту трагедыю, страшэнна плакаў…

Яна нарадзілася ў пераможным 1945-ым. Мама Раіса Мікалаеўна перажыла і мужа (на 20 год), і дзвюх малодшых дочак, якія памерлі ад цяжкіх хвароб. Лунінчанка па крупніках збірае дакументальныя сведчанні, каб захаваць памяць аб прадстаўніках сям’і чыгуначніка Берната, у якой вайна ў адначассе знішчыла дзевяць жыццяў…

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть