Культура

Вакзал для траіх

Гэтую сям’ю у наваколлі ведаюць усе. Таццяна Жодзік з двума дзецьмі жыве ў прыстасаваным пад кватэру вакзальным будынку на станцыі Дзятлавічы. Старэйшая Дана – сямікласніца, малодшы Максім – інвалід першай групы з невылечным дыягназам “дзіцячы цэрэбральны параліч”.509

“Жыллё” дасталася сям’і ад бабулі і дзядулі нябожчыка-мужа. Гэта ён у свой час пачаў турбаваць раённыя службы з просьбай дапамагчы вырашыць праблему. Давесці справу да канца не паспеў. Пасля яго смерці Таццяна колькі разоў звярталася ў розныя інстанцыі, аднак справа з месца так і не зрушылася.
Канчатковую кропку ў гісторыі павінна паставіць Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі, на чыім балансе знаходзіцца будынак. (Дарэчы, шыльда з інвентарным нумарам, здаецца, адзіны новы атрыбут гаротнага жытла). Справядлівасці дзеля, варта сказаць, што ў другім крыле знаходзіцца яшчэ адна кватэра. Сям’я, што тут пражывае, у званы не б’е: заможнай яе назваць нельга, але сітуацыя неўпрыкмет лепшая, чым у суседзяў.
Дыстанцыяй пуці праведзена абследаванне кватэры, дзе жыве сям’я Жодзік, пра што сведчыць дэфектны акт. У ім пазначана, што ў памяшканні наспеў рамонт столі, абнаўленне тынкоўкі сцен, афарбоўка падлогі, рамонт электра-праводкі і печаў, замена шкла ў вокнах і г.д. Адказныя асобы нават паабяцалі, што “будуць хадайнічаць перад фінансава-эканамічнай камісіяй Баранавіцкага аддзялення дарогі аб разглядзе пытання па разаваму выкананню рамонтных работ, … згодна з дэфектным актам”.
Хадайніцтва, па ўсяму відаць, зацягнулася. Яшчэ адну зіму сям’я з горам папалам перацярпела ў кватэры, дзе ад сырасці адвальваюцца шпалеры, сыплецца на падлогу ўчарнелая столь, а вокны не адчыняюцца па той прычыне, што проста могуць выва-ліцца. Але самая вялікая бяда – электраправодка і стан ацяплення. Грубка – паўразваленая і задымленая. Па чорных наплывах можна лёгка вызначыць, куды шукае сабе выхад дым. Печку, якая знаходзіц-ца ў пераабсталяваным пад кухню калідоры і заклікана абаграваць пакой, дзе ляжыць Максімка, яго мама проста не рызыкуе паліць. Зімой яна на руках нясе сына ў суседні пакой да старэйшай дзяўчынкі: у свае 11 год хлопчык важыць 14 кілаграмаў.
Даход сям’і з усімі даплатамі вагаецца ў межах 2 мільёнаў рублёў. За гэтыя грошы трэба пракарміць і апрануць дзяцей, а яшчэ – пастарацца выкраіць сродкі для рэабілітацыі малога. Раней на аднаўляючыя працэдуры яго з мамай запрашалі часта. Цяпер адзін раз у год ездзяць у Пінск. Зразумела, знайсці грошы на рамонт пакояў і аднаўленне грубкі і печы адзінокай маці не атрымліваецца. Як не атрымліваецца змірыцца з выпрабаваннямі жорсткага лёсу і абыякавасцю тых, хто мог бы дапамагчы, але чамусьці не спяшаецца гэта рабіць.
У Дзятлавіцкім сельвыканкаме растлумачылі, што чыгуначнае ведамства, быццам бы, не адмаўляецца набыць дом для Таццяны Жодзік і яе дзяцей. Вось толькі падыходзячы варыянт так і не змаглі падабраць. Тое, што прапаноўвалі, здавалася залішне дарагім. Рамонт, магчыма, абышоўся б танней, ды толькі і на яго грошай аніяк не знойдуць.
Тым часам Максімка бездапаможна ўзнімае слабую руку, сустракаючы рэдкіх наведвальнікаў кватэры. Сцялася душа і ў члена Савета Рэспублікі Таццяны Удавенка, калі яна пераступіла парог “жылля”. Адзінокай маме з дзецьмі яна прывезла набор посуду “Вікторыя”. Ад раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Таццяна Жодзік атрымала набор пасцельнай бя-лізны і прадукты. Гэта тое малое, чым здолелі дапамагчы жанчыне.
Праўда, Таццяна Дзміт-рыеўна паабяцала хадайнічаць перад Баранавіцкім аддзяленнем Беларускай чыгункі ў хутчэйшым вырашэнні застарэлай праблемы. Вось толькі закончацца пакуты гаротнай сям’і не раней, чым адказныя людзі прасякнуцца болем маладой удавы і дваіх яе дзяцей. А пакуль інвалід І групы Максімка Жодзік – вельмі хворы хлопчык, чыё бязрадаснае існаванне абмежавана сценамі жудасна-абшарпанага пакоя – сонечна ўсміхаецца людзям і свету, прымушаючы маму верыць, што лёс, урэшце, злітасцівіцца над іх бясконцымі пакутамі.

Показать больше

Похожие статьи

Одно Сообщение

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть