Вера – ад слова вернасць
Культура

Вера – ад слова вернасць

лопаткоЛёс раскідаў па свеце дзяцей чыгуначніка, але на Лунінецкім Залессі яны захавалі сядзібу продкаў. Унукі перадаюць новым пакаленням гісторыю жыцця ў ХХ стагоддзі шматпакутнага роду.
На вуліцы Палеская прыцягвае ўвагу вуглавы акуратны домік з аканіцамі і разнымі ліштвамі. Сядзібу ўладкавала сям’я Лапатка. З Баранавіцкага павета пераехалі ў Лунінец у канцы ХІХ стагоддзя, пасля будаўніцтва чыгункі. Максім Іванавіч працаваў стрэлачнікам. Жонка Вольга Сямёнаўна вяла хатнюю гаспадарку і выхоўвала дзяцей. У перыяд Першай сусветнай былі эвакуіраваны ўглыб Расіі. Вярнуліся ў так званы міжваенны час. Неўзабаве горад стаў “крэсамі ўсходнімі” Польшчы. Рускае дабрачыннае таварыства ў Лунінцы, стварыўшы рэальнае вучылішча, дало магчымасць “тутэйшым” дзецям працягнуць адукацыю. Але нават пісьменнаму праваслаўнаму чалавеку складана было спадзявацца на годнае працаўладкаванне.
Ахвяра рэпрэсій
Сёлета 100 год споўнілася б Міхаілу. Ён працаваў каморнікам на станцыі Лунінец. Пасля падзей верасня 1939-га арыштаваны. Зараз смехатворным выглядае абвінавачванне ў тым, што “распаўсюджваў антысавецкую паражэнчую агітацыю і меў намер нелегальна збегчы за мяжу”, але тады яно каштавала чалавеку не толькі свабоды, але і жыцця. Пастановай Асобнай Нарады пры НКУС СССР ад 30.12.1940 г. заключаны ў выпраўленча-працоўны лагер тэрмінам на 5 год. Рэабілітаваны ў красавіку 1989-га… У сям’і лічаць, што загінуў на Калыме.
З арміяй Андэрса –
у Канаду
На два гады маладзейшы за брата Мікалай быў афіцэрам Войска Польскага. Пасля паражэння ў пачатку Другой сусветнай вайны дабраўся да Лунінца. Праз некаторы час з сябрамі паехаў у аку-паваную немцамі Польшчу. Паспяхова вярнуліся, але хтосьці данёс савецкім уладам, што пераходзілі мяжу. Быў арыштаваны і сасланы ў Архангельск. Пасля вайны пасяліўся ў Канадзе. Перад смерцю ўспамінаў маму, у забыцці размаўляючы на рускай мове. Жонка вельмі дзівілася: “Ён жа паляк, каталік”. Даведаўшыся, што сям’я Мікалая была праваслаўнай і ён, верагодна, застаўся адданы веры продкаў, папрасіла родных маліцца за мужа…
Сустрэчы за мяжой
Старэйшая дачка, Яўгенія, нарадзілася на мяжы стагоддзяў. Яе мужам стаў работнік тэлеграфа. Маладая сям’я жыла ў частцы бацькоўскага дома. Акупантамі былі вывезены ў Германію. Бацькі і сын знаходзіліся ў розных лагерах. У 1945-ым муж і жонка вярнуліся на радзіму. Бацька неўзабаве памёр і не даведаўся пра лёс сына. Як аказалася, пасля вызвалення былы “остарбайтэр” выехаў у Англію. Баяўся наведваць малую радзіму ў СССР. На сустрэчы з сынам маці ездзі-ла ў Польшчу, дзе жыла сям’я яе брата.
Святары: у Польшчы…
Двое сыноў чыгуначніка – Аляксандр і Пётр – скончылі Лунінецкую “рэалку”, Віленскую духоўную семінарыю, багаслоўскі факультэт Варшаўскага універсітэта з прысваеннем звання “магістр праваслаўнай тэалогіі”.
Жонкай Пятра (1909-1987) стала Вольга Міхайлаўна Копчава, унучка святара з вёскі Высадск (гэта ў 16 км ад столінскага Церабяжова, але на ўкраінскім баку). Першае месца пастырскай службы лунінчаніна – сяло Парахонск Палескай (цяпер Пінскай ) епархіі. Пераведзены ў Беласток (Польшча), быў благачынным Беластоцка-Гданьскай акругі. Выкладаў у школах Закон Божы… 93-гадовая матушка жыве ў сям’і сына Мікалая і перапісваецца з беларускімі сваякамі.
…і Расіі
Аляксандр (1904-1979) абвянчаўся з Ларысай Вісарыёнаўнай Рубановіч (1906-1982), таксама прадстаўніцай духоўнай дынастыі: яе дзед быў псаломшчыкам, а бацька – настаяцелем храма Прарока Ільі с. Церабяжоў на Століншчыне. Хутка тут абаснавалася і сям’я лунінчаніна.
Рака Гарынь падзяляе паселішча на дзве часткі. Падчас вайны ў Верхнім Церабяжове стаялі немцы. У Ніжнім, дзе жыў свяшчэннік, было адноснае безуладдзе, але людзі таксама знаходзіліся ў пастаянным страху. У 1944-ым, з пачаткам вызвалення Беларусі, для Чырвонай Арміі стварылася магчымасць кантраляваць гэтую частку акупіраванай тэрыторыі Столінскага раёна. Каб адцягнуць непазбежнае, зімой немцы сагналі людзей рабіць процітанкавыя акопы. Затым жыхарам загадалі эвакуіравацца, а сяло было спалена…
Сям’я Лапатка знайшла прытулак у Лунінцы. Але перад адступленнем немцы прымусова вывезлі сотні гараджан у Нямеччыну. У горадзе Зуль акругі Эрфурт зямлі Цюрынгія бацькі і старэйшыя дзеці працавалі на заводзе. У красавіку 1945-га былі вызвалены амерыканскімі саюзнікамі. Як ні ўгаворвалі пераязджаць за акіян, сям’я была непахіснай – толькі на радзіму.
Доўгім і цяжкім было вяртанне дадому. Дзеці жылі ў Лунінцы ў бабулі з дзедам. На зіму прыхаджане прытулілі а. Аляксандра і матушку. Улетку яны ўладкавалі пад жыллё склеп, затым узвялі часовае збудаванне. На нармальны дом сродкаў няма дзе было зарабіць. Тым часам старэйшыя дачка і сын, паспяхова скончыўшы СШ №2 г. Лунінца, паступілі ў ВНУ ў Мінск. Трэба было дапамагаць дзецям. Знаёмы архіерэй, які служыў у Кемерава, запрасіў у Расію. Тут а. Аляксандр атрымаў прызначэнне ў храм Міхаіла Архангела г. Навакузнецк. Уладкаваўшыся, забраў матушку з малодшай дачкой (затым выхаваў і старэйшую ўнучку). На схіле год бацькі жылі ў яе ў Бійску, дзе і знайшлі апошні прытулак. Іх дачка Таццяна працавала медсястрой, зяць стаў святаром, як і трое іх дзяцей. З братоў-блізнят Мікалаю было адпушчана толькі 6 гадоў, Георгій пражыў 77. Скончыў лесатэхнічны факультэт Мінскага тэхналагічнага інстытута. З Карэліі пераехаў да бацькоў. Аднойчы яго жонка пайшла на працу і прапала. Пазней яе цела знайшлі ў навакольнай канаве… Сам вырасціў дачку.
Гісторыю роду захоўвае Ніна Аляксандраўна Скрабец, якой ідзе 85-ы год. Яна скончыла Мінскі педагагічны інстытут імя Максіма Горкага, выкладала матэматыку ў Лышчанскай СШ Пінскага раёна. Пасля смерці мужа вярнулася ў Лунінец ў бабулін дом. Радуецца, што трое дзяцей набылі вышэйшую адукацыю, займаюць годнае месца ў грамадстве. Ірына, фармацэўт, засталася ў Навакузнецку. Інжынеры ў Мінску – сын Аляксандр і дачка Алена. У шчаслівай бабулі ўжо шасцёра ўнукаў і шасцёра праўнукаў.
Таццяна Канапацкая.
Фота з сямейнага
альбома Н.А. СКРАБЕЦ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть