Ветэранам працы – увага і падарункі
Культура

Ветэранам працы – увага і падарункі

прафсоюзДля райкама прафсаюзаў работнікаў АПК і прафкамаў сельгасарганізацый пачатак  мая здаўна лічыцца часам ушанавання ветэранаў працы. Сёлета, калі краіна святкуе 110-годдзе прафсаюзнага руху, падзяку за працу, віншаванні і падарункі, за свой пасільны ўклад у развіццё і росквіт нашага краю атрымалі больш як 30 былых працаўнікоў сельгаскааператываў Лунінеччыны.

У СВК “Дзятлавіцкі” ў адміністрацыйным будынку за кубачкам чаю і салодкімі пачастункамі, арганізаванымі старшынёй прафкама Галінай Бузынчык, сустрэліся былыя бухгалтар Ксенія Канапацкая і дыспетчар Міхаіл Яраховіч. Людзі вельмі цікавыя і па-сапраўд-наму годныя павагі. Нягледзячы на тое, што Міхаіл Андрэевіч ужо больш як 10 год па стану здароўя не працуе ў калектыве, дзе адначасова ўзначальваў прафкам, па аднаму толькі агеньчыку ў вачах можна было меркаваць, што ён па-ранейшаму застаецца сапраўдным лідарам. Расказваючы пра слаўную гісторыю сваёй гаспадаркі, Міхаіл Андрэевіч не хаваў, што зараз адсутнічае зацікаўленасць яго землякоў у наладжванні як агульнай працы, так і адпачынку.”Людзі скардзяцца на нізкія заробкі, спрабуюць супаставіць іх з тымі, што атрымліваюць рабочыя і служачыя ў заходніх дзяржавах. А ці па-лічылі яны свой уклад у справу? Хіба так працуюць там? Калісьці на работу многія з нас амаль за 5 кіламетраў дабіраліся, хто пешшу, хто веласіпедам і не скардзіліся, не патрабавалі службовага транспарту. Бо ведалі, перш чым нечага патрабаваць, самім трэба добра працаваць. А наконт адпачынку… Ці спрабавалі арганізаваць хаця б бяспройгрышную латарэю? Прадалі б яе за тыдзень да мерапрыемства, частку выручаных сродкаў на прызы патрацілі б, а другую на іншыя мерапрыемствы накіравалі б. У пералічаных бедах мы самі часам і вінаваты – не прывучылі дзяцей да работы, аберагалі ад яе, як маглі. Вось і вынік. Сваіх я не вельмі песціў, траіх разам з жонкай выгадавалі – усе цяпер сваю справу маюць”…
Гэткі ж цёплы прыём былых працаўнікоў ладзіўся і ў СВК “Велута”. Нягледзячы на абмежаванасць аўдыторыі, старшыня прафкама Галіна Каліноўская настолькі сур’ёзна падрыхтавалася да мерапрыемства, што яго можна было правесці ў актавай зале мясцовага клуба. Годнымі гэтага былі і заслугі былых аператара машыннага даення Ганны Хлуд, якая мае 39 год працоўнага стажу, і галоўнага бухгалтара Любові Саковіч (41 год стажу). З 1968-га і па сённяшні дзень застаецца ў калектыве Міхаіл Наварыч. Яго працоўны шлях пачаўся з палявода, пазней быў кладаўшчыком, брыгадзірам, інжынерам, а цяпер адказвае за гаруча-змазачныя матэрыялы. Ветэраны атрымалі падарункі і віншаванні ад арганізатараў мерапрыемства. Падзякаваў сумленным працаўнікам, пажадаў ім моцнага здароўя і старшыня гаспадаркі Сяргей Наварыч.
Сумленна працавалі і пакінулі пра сябе добрую памяць у калектыве СВК “Чучавічы” ветэраны Васіль Рылач, Надзея Хаменя, Ніна Ліхтар, Антон Тупека. Менавіта яны па рэкамендацыі старшыні прафкама Валянціны Гаргун былі вылучаны на гэты раз з вялікай колькасці пенсіянераў. І не здарма. Вадзіцель, бухгалтар, аператар машыннага даення, брыгадзір паляводчай брыгады – кожны з іх годны ўшанавання. Людзі былі вельмі рады магчымасці сустрэцца разам, успомніць былыя часы, падзяліцца радасцямі, расказаць адзін другому аб праблемах, парэкамендаваць народныя рэцэпты пры хранічных захворваннях. І што вельмі адметна, сярод такіх “чароўных” лекаў галоўная ўвага надавалася журавінам, якія жыхары Чучавіч збіраюць кожную восень у навакольных балотах і лічаць самай карыснай ягадай, здольнай супрацьстаяць любой хваробе…
Добрае ўражанне ад гэтых сустрэч доўга не пакідала старшыню райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Аляксандра Дубініча і бухгалтара Вольгу Ермалёнак. Яны яшчэ раз упэўніліся, што зрабілі справу добрую і карысную. І няхай не крыўдуюць тыя ветэраны, якім сёлета не дасталося ўвагі. Упэўнены, у наступным годзе ў сельгаскааператывах будуць новыя прозвішчы людзей, годных ушанавання.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть