Культура

Вокны

Люблю вячэрнюю вёску. Павольна ідучы па вуліцы з нейкім дзіўным пачуццём, назіраю за знаёмымі хатамі.
Яшчэ толькі-толькі цемра ахутвае наваколле, а ў пакоях ужо загарэліся агні электралямпачак. З кожнага асветленага акна на вуліцу выглядае часцінка чалавечага побыту.
Яны ўсе розныя. Памерамі, колерам фіранак, яркасцю асвятлення могуць многае расказаць пра сваіх гаспадароў. Лёсы тых, чыё жыццё цепліцца ў будынку, таксама ў кожнага асаблівыя.
Вось за гэтым акном зусім нядаўна нарадзілася дзяўчынка. У малечы яшчэ няма рэальнага адчування, якая пара сутак на вуліцы – салодка паспаўшы днём, яна ўсю ноч бадзёра снуе ножкамі, кугукае толькі ёй зразумелыя словы. Таму і акенца будзе да раніцы пазіраць у цемру падслепаватым свячэннем начнічка.
У суседняй драўлянай хатцы жыве адзінокая бабуля. Яна кладзецца спаць рана, бо сум і пустата ў пакоях навяваюць невясёлыя думкі. Задрамаўшы каля тэлевізара, жанчына прачнецца глыбокай ноччу, вып’е супакойваючыя лекі і доўга бу-дзе глядзець у цемру, пера-біраючы ў памяці самыя значныя падзеі свайго няпростага жыцця. А з раніцы менавіта яе акно першым на ўсю вуліцу ўспыхне жоўтым святлом. Хай і няма ёй куды спяшацца, але звычка рана ўставаць засталася яшчэ з маладосці, калі трэба было паспець упарадкаваць сваю гаспадарку і своечасова з’явіцца на працу. Ды перад суседкамі было сорамна, і кожная гаспадыня імкнулася як мага раней узняцца з ложка.
Доўга не гасне вячэрняе святло ў прасторным катэ-джы, дзе жыве мнагадзетная сям’я. То ў адным, то ў другім пакоі мільгаюць постаці дзяцей і падлеткаў. Вечар – любімы час для іх, калі ўсе дома і можна ўдосталь нагуляцца з братамі і сёстрамі, падзяліцца навінамі са школы і дзіцячага садка. Рыхтаваць дамашнія заданні няпроста, калі ў старэйшых ёсць столькі сакрэтаў за дзень, і тут галоўнае – нічога не прапусціць. Іх рогат і піск чуецца далёка за вокнамі, выклікаючы ў прахожых лёгкую зайздрасць за светлае дзяцінства.
Рана цямнеюць вокны шыкоўнага асабняка на другім баку вуліцы. За высокім плотам схаваны думкі і жаданні яго насельнікаў. Сям’я тут жыве невялікая, з суседзямі сустракацца гаспадары не любяць, лічачы простых калгаснікаў ніжэй за свой асаблівы статус. Да пагардлівых адносін ад ганарлівых мужа і жонкі вяскоўцы прывыклі, мала звяртаюць на тых увагі, але і паважаць іх, вядома ж, ніхто не будзе.
Ніколі не пустуе хата па-суседству. Жанчына там жыве гаваркая. Да яе за парадай і дапамогай звяртаецца амаль уся вёска. Нікому не адмовіць, выслухае і зразумее. Можа старым параіць патрэбныя лекі, з маладзейшымі выбяруць найлепшыя рэцэпты новых тартоў, закатак і іншых прысмакаў, падзеляцца сакрэтамі рукадзелля. Іх ціхая гамонка супакойвае і дадае сілы. Таму і свеціцца ў вокнах доўга, пакуль усе познія госці не разыдуцца па дамах.
Цёмна ў хаце нядбайнага гаспадара-алкаголіка. Даўно адпаведныя службы адключылі за няўплату святло і доўгімі змрочнымі вечарамі ён на ўсю моц уключае старэнькае радыё. Словы дыктара з вуліцы разабраць немагчыма, а вось мелодыі з верхніх радкоў хіт-парадаў можна паслухаць з адчыненых вокнаў усім наваколлем.
Балюча глядзяць у цемру пустыя хаты. Фіранкі няроўна звісаюць над падаконнікам, старыя жоўтыя газеты часткова замянілі выбітую шыбу. Пабляклая фарба ледзь нагадвае першапачатковы колер, скамечаная вата даўно страціла сваё прызначэнне – берагчы цяпло для гаспадароў. Няма больш у вокнах жыцця, мышы і павукі правяць баль у халодным пакоі. Але сонца цікаўна заглядвае раніцай праз запыленыя шыбы, каб хоць крышачку даць святла былому чалавечаму жыллю.
Такіх хат некалькі, і ў кожнай – свая гісторыя. Адну гаспадары асірацілі, пераехаўшы ў горад, бліжэй да выгод, тэатраў і вакзалаў. Жыхары суседняй знайшлі заўчасны вечны спакой на вясковых могілках. Трэцяя стала цеснай для сям’і з дзецьмі, і яны пабудавалі новую. Але ад кожнай апусцелай будыніны вее самотай, а вокны, бы жывыя, глядзяць услед з нейкім дакорам.
Самае цёплае святло сыходзіць ад матулінай хаты. Тыя вокны, з якіх мы маленькімі глядзелі ўдалячынь, назаўсёды застаюцца роднымі і дарагімі. Колькі шчырых памкненняў адчувалі тыя шыбачкі, калі кожны з нас маляваў на запацелым ад дзіцячага дыхання шкле свае мары і думкі! Першыя дасягненні і крыўды мы перажывалі, гледзячы праз тонкае шкло на вялікі свет. Адтуль нас праводзілі матуліны вочы ў самыя розныя жыццёвыя дарогі. Там, на старэнькай іконцы, яшчэ цепліцца бабуліна малітва за нашы лёгкія шляхі і перамогі…
З надзеяй глядзяць у свет пустыя аканіцы новага зруба. Яшчэ не паспелі будучыя вяскоўцы паставіць шклопакеты і дзверы, вецер носіцца па пакоях, ганяючы звонкае рэха, але ў вячэрняй цемры новая будыніна выглядае велічна і прыгожа. І гэта дае надзею, што жыццё не скончылася. Хутка будзе наваселле, і новыя вокны ўспыхнуць у паўзмроку светлым агеньчыкам электрычнасці.
Люблю вячэрнюю вёску. Сваю, суседнюю, незнаёмую. Яны ўсе вельмі падобныя. І хатамі, і людзьмі, і вокнамі. Але найдаражэйшыя вокны тыя, за якімі цябе чакаюць. Дзе разумеюць і любяць. З якіх глядзяць табе ўслед родныя людзі, жадаючы хутчэйшай сустрэчы. І калі ў іх гарыць святло, значыць ёсць куды вяртацца.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть