Культура

Восень – на скронях, у сэрцах – вясна!ф

грудькоУ цэнтры Краснай Волі іх драўляны вялікі дом велічна ўпісваецца ў агульную панараму вуліцы. Высокія дрэвы адгукваюцца на рэзкія павевы ветру і шапочуць густой лістотай, нібыта расказваючы аб мінулым сваіх гаспадароў. Сонца цікаўна прабіваецца праз разгалістыя ствалы яблынь, накіроўваючы свае яркія промні ў вокны будынка, дзе праходзяць дні ціхай старасці Марыі і Уладзіміра ГРУДЗЬКО. Дні, напоеныя светлай радасцю за дасягненні і лёгкім сумам ад пройдзенага доўгага шляху, які ўжо не паўторыцца ніколі і толькі ўспамінамі будзе саграваць іх сэрцы.
Марыя Нічыпараўна нарадзілася ў 1931 годзе ў вёсцы Жыліхава Капыльскага раёна. Добра памятае вайну. Давялося ўдосталь спазнаць нягод, калі варожая ўлада здзекавалася над людзьмі. Іх ніколі не сцерці з памяці, тыя чорныя дні акупацыі.
Адраджэнне пакалечанай зямлі супала з гадамі сталення дзяўчынкі. Яна вучылася, марыла пра лепшае будучае. Пасля заканчэння школы паехала паступаць у педвучылішча.
Размеркаванне ў аддаленую палескую вёску ўспрыняла, як неабходнасць. Спачатку думала, што едзе сюды часова, але лёсам было наканавана застацца тут назаўсёды. З невялікім клуначкам дзявочых пажыткаў будучая настаўніца прыехала ў Лунінец. Даведалася, што да школы дабірацца яшчэ больш як 30 кіламетраў. Аўтобусы не хадзілі – ішоў 1954 год. На транспарце арганізацыі, якая займалася нарыхтоўкай сена, Марыя прыехала ў Красную Волю.
Школай называўся стары будынак на тры пакоі, тут маглі займацца адначасова толькі некалькі класаў, астатнія размяшчаліся ў суседскіх хатах. Уладкавалася на кватэру, прыступіла да заняткаў. Дзяцей было многа, да 43 вучняў у адным класе. Цесната, шум. Пехатой даводзілася дабірацца на раённыя нарады, але дарога ўжо была знаёмай і не палохала сваёй аддаленасцю.
Маладосць брала сваё. Прывыкла, пазнаёмілася з калегамі і вучнямі. Ведала, лепшых выгод няма і ў іншых месцах, краіна яшчэ не зусім узнялася з руін. Працавалі ў дзве змены. У цёмны час сутак запальвалі лямпы, бо пра электрычнасць даводзілася толькі марыць. Пасля позніх заняткаў першакласнікаў з аддаленых хутароў праводзіла дадому.
Але, нягледзячы на што-дзённую занятасць, вольны час усё ж знаходзіўся. І прысвячала яго дзяўчына сустрэчам з Уладзімірам, мясцовым юнаком, амаль равеснікам. Ім было цікава разам. Згадвалі пра нялёгкае дзяцінства, не звярталі ўвагі на часовыя праблемы. Хлопец расказваў, што яго бацька загінуў у канцлагеры. Давялося рана пасталець. Двое старэйшых братоў жылі асобна, яны – трое меншых – выжывалі як маглі. Касілі сена, аралі поле, дадатковыя сродкі на падаткі зараблялі цяжкай фізічнай працай, наймаючыся да людзей. У арміі быў старшыной. Калі арганізоўваліся калгасы, Уладзіміру даручалі самыя розныя пасады. Бедны быў час. Ні вопраткі прыгожай, ні ежы смачнай. Але ніхто гэтага не саромеўся – усе былі аднолькавыя. Жылі дружна, весела.
Хутка Марыя і Уладзімір вырашылі быць разам. Пра вяселле і не думалі – не было грошай. Пехатой пайшлі за 10 кіламетраў у Вульку 2 рэгістраваць шлюб.
– Рамантыка – смяюцца зараз. – Каб каму з сённяшняй моладзі так давялося правесці галоўны дзень у жыцці…
Вечарам сціпла адзначылі нараджэнне новай ячэйкі грамадства, і пачаліся сумесныя будні. Сэрцы поўніліся каханнем, вочы свяціліся радасцю, дні замільгалі з неймавернай хуткасцю. Жонка настаўнічала, муж стаў касірам у калгасе, а ў 1963-ім яго прызначылі старшынёй Вулькаўскага сельсавета. 10 год ён прабыў ля руля мясцовай улады. Жыхары старэйшага пакалення, якія ў той час звярталіся да яго па самых разнастайных надзённых пытаннях, і цяпер часта згадваюць Уладзіміра Рыгоравіча толькі станоўча і з удзячнасцю: “Добры быў, разумеў, падтрымліваў…”
Паступова стаміўся ад загружанасці на пасадзе, папрасіўся на больш спакойную работу. Прызначылі інспектарам у аддзел кадраў. Але калі пачалі будаваць новы жывёлагадоўчы комплекс каля Міжлесся, кіраўнік туды патрабаваўся адказны і вопытны. Зноў галава сям’і ўзяўся за адказную справу. І не дарэмна. Дасягнулі добрых паказчыкаў, рабочыя атрымлівалі годную зарплату. Потым са стажам у 42 гады закончыў працоўны шлях тэхнікам-нарміроўшчыкам.
Сярод штодзённай занятасці яны знаходзілі дастаткова часу для выхавання дачушак. Наталля і Святлана раслі ў атмасферы павагі і любові. Бацькі імкнуліся даць дзецям адукацыю, дзяўчаты не былі пазбаўлены ўвагі і адказнасці. Але ў прафесійным выбары іх больш зацікавіла медыцына: Святлана працуе медсястрой у Старых Дарогах, Наталля – фельчарам у Лунінцы.
Новай радасцю азарыліся твары старэйшых, калі на свет паявіліся 4 унучкі. “Дзявочае царства” – жартоўна называлі святочныя дні, якія праводзілі ўсе разам у бацькоўскай хаце. Не змянілася сітуацыя і з нараджэннем праўнукаў – зноў 4 дзяўчынкі. Толькі два з паловай гады таму ў “царстве” ўтварыўся «раскол» – нарадзіўся праўнучак Максімка.
Менавіта ў новых пакаленнях нашчадкаў бачаць старэйшыя сваю радасць, ім жадаюць поспехаў і новых значных дасягненняў. Марыя Нічыпараўна і Уладзімір Рыгоравіч раяць узяць за прыклад павагу і разуменне, якія перапаўняюць іх сэрцы ўсе доўгія гады. Цяпер дружная сям’я з нецярпеннем чакае зіму 2015-га, калі можна бу-дзе шчыра павіншаваць старэйшых з 60-годдзем сумеснага жыцця. І хаця рызыкоўна будаваць планы далёка наперад, яны мараць сустрэць гэты дзень разам за святочным сталом.
Праблемы са здароўем трывожаць усе часцей, але вынослівасць дае старым сілы змагацца. Дзед вельмі любіць рыбалку. Аднадумец-зяць часта састаўляе яму кампанію паехаць з вудамі на рэчку. І добры ўлоў – не самае галоўнае. Свежае паветра, сонца і вецер узнімаюць настрой, спакайнеюць удары сэрца. Для бабулі вялікае задавальненне – агарод. За ўсё жыццё так прывыкла ўпарадкоўваць грады і бачыць плён сваёй працы, што і зараз цыбуля, агуркі ці памідоры здаюцца смачнейшымі, чым купленыя.
Агульнае задавальненне гаспадары атрымліваюць ад “Лунінецкіх навін”. Дня выхаду газеты чакаюць з асаблівым нецярпеннем. Потым разам перагортваюць старонкі любімага выдання, разважаючы над публікацыямі.
У хаце адчуваецца добрая гаспадарская рука. Карціны на сценах, фотаздымкі – чорна-белыя і каляровыя, дзе ўся гісторыя амаль векавой даўнасці. Нікога з блізкіх родзічаў не засталося на маленькай радзіме Марыі Нічыпараўны, можна толькі з фотаальбомам вяртацца ў сваё дзяцінства.
Іх вялікі дом гасцінна глядзіць на вуліцу прасторнымі вокнамі. Гаспадары згадваюць, як адразу пабудавалі невялікую хатку. Новы будынак потым узвялі прасторны, высокі. Але застаюцца тут найчасцей толькі ўдваіх, бо ў маладых свае клопаты. Ды старыя не крыўдзяцца. Яны разам – каханне, павага, узаемаразуменне не пакідаюць іх сэрцы. Гэта самы галоўны скарб, які ствараўся на працягу дзесяцігоддзяў, і якім абавязкова трэба даражыць усім нам. Каб і ў маладым, і ў сталым узросце было каму даверыць свае думкі і перажыванні, каб родная далонь заўсёды сагравала і супакойвала, засцерагаючы ад любых непрыемнасцей.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть