Культура

Восень з дзіўнай пазалотай…

Шэры ранак палохае прахалодай. Звычайныя кропелькі расы раптам ператварыліся ў лёгкае шапаценне заінелых травінак. Іх шэраваты колер нагадвае цёплае футра паверх зялёнай афарбоўкі.
Наваколле дыхае паўночным ветрам, які пранізвае праз лёгкую вопратку, выклікаючы дрыжыкі ва ўсім целе. Ранішнія промні вылузваюцца праз верхавіны дрэў, шукаючы дзе пакінуць свой яркі адбітак. Аблюбаваныя імі мясцінкі блішчаць, нагадваючы вялікае люстэрка. Недзе высока ў нябёсах развітальна крычаць журавы, нібыта аддзячваючы роднаму краю за шчодрае лета.
З лёгкім шэптам апускаецца долу жоўты лісток. Вецер плаўна носіць яго па наваколлю, ствараючы шыкоўны восеньскі дыван.
Павукі ахвотна таўкуцца на новых цянётах, якія за ноч перакрылі ўсе сцежкі, і разам з расінкамі непрыемна прыліпаюць да твару. Грыбы цікаўна выглядаюць з-пад моху, бурымі верхавінкамі прыкрыўшы светлы карэньчык. Больш смелыя і ярчэйшыя мухаморы лезуць на сцежку, баючыся застацца незаўважанымі.
Прырода жыве сваім звычайным раскладам. Вавёрка даследуе наваколле на наяўнасць смачных арэшкаў, вожык носіць на іголках духмяны яблык. Спалохана мільгне з-пад куста зайчык, потым, стрыгучы доўгімі вушамі, зноў схаваецца ў зарасніку.
Цішэе лес ад птушынага спеву. Не да песень, калі холадам скоўвае бары і паляны. Апошнія кветачкі стомлена схіляюцца да зямлі, пашкоджаныя начнымі замаразкамі. Не адчуваецца паху, горш ахутвае смутак ад страчанага цяпла.
Чырвоныя гронкі рабіны крывавымі плямамі глядзяць на затуманены прастор, крышачку ўпрыгожваючы ўсе-агульную шэрасць. Цяжкія воблакі раптам надоўга хаваюць сонечнае святло, зрабіўшы ранак змрочным і сумным. На зямлі ўладарыць восень – залатая, багатая, але часам дажджлівая і халодная.
Нам не перайначыць законы прыроды. Падзякуем за тыя рэдкія моманты бабінага лета, якія часам дораць наваколлю цяпло і казачную пазалоту.
Толькі час хуткаплынны. І журавы неўзабаве зноў агучаць зямлю сваім крыкам – але ўжо радасным, які засведчыць прыход новай вясны!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть