Вуліца Рэвалюцыйная
Культура

Вуліца Рэвалюцыйная

революционная улица

Гэтая вуліца паявілася ў горадзе, дзякуючы меліярацыі. А меліярацыя стала магчымай, дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі. У гэтым перакананы старажылы прыгожага куточка Лунінца, які носіць назву кардынальных перамен у грамадстве амаль стогадовай даўніны.

Сама вуліца спакойная, і ніяк не адпавядае свайму гучнаму найменню. Незвычайнасць хіба ў тым, што яна раздзелена на тры невялікія адрэзкі, якія знаходзяцца асобна адзін ад другога, і месцазнаходжанне таго ці іншага дома можа паказацца незразумелым на першы позірк. Але людзі тут жывуць добрыя і тактоўныя, калі што, адразу раскажуць і пакажуць дарогу.

Надзея ЕЎЦІХЕЕВА (на верхнім здымку) жыве тут амаль паўстагоддзя. Дом будаваў бацька, засяліліся ў 1968-ым. Навокал была пустка, якая больш нагадвала балота. Жанчына працавала начальнікам аперацыйнага аддзела ў ашчаднай касе, часта дабіралася на работу ў гумавых ботах. Сорамна было, але трымалася. А зараз гэта самыя светлыя ўспаміны юнацтва і такога блізкага савецкага часу.
Балоты асушылі,  паявіліся новыя дамы і абрысы сапраўднай вуліцы. Будавалі кватэры для меліяратараў, дзякуючы чаму на ўсё жыццё тут асталяваліся былы кіраўнік гэтай арганізацыі Павел Пажывілка, бульдазерыст-ардэнаносец Ермалай Вярэніч і многія іншыя іх равеснікі. Цяпер большасць будынкаў упарадкоўваюць на сучасны лад маладзейшыя пакаленні, для якіх назва вуліцы – даніна гісторыі і традыцыям.

революционная улица 2
Наталля ШВЕД разам з мужам Паўлам купілі дом на вуліцы Рэвалюцыйнай 12 год таму. Крыху адрамантавалі на свой лад, пасадзілі маладыя дрэўцы. Мясцовасць стала блізкай сэрцу, бо тут нарадзіліся дзеці – Барыс і Паліна. У назве жанчына не бачаць нічога незвычайнага – даніна гісторыі, якую варта паважаць і памятаць.

7 лістапада – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Свята, значнасць якога мяняецца пад веяннем часу. Гэта прычына частых спрэчак, асабліва сярод прадстаўнікоў розных пакаленняў, ёсць свае меркаванні на гэты конт у гісторыкаў і палітыкаў. Які яго сэнс сёння, пацікавілася ў жыхароў вышэйназванай вуліцы?

– Савецкі час быў зразумелым, усё адпавядала прынцыпу: працуеш – маеш. Цяпер людзі часцей хочуць атрымаць больш, а зрабіць менш. Маладыя пакаленні мала ведаюць гісторыю краіны і сваёй радзімы. І што моцна хвалюе – многія не імкнуцца да гэтага.

– Рэвалюцыя ўсіх зрабіла роўнымі, дала аднолькавыя магчымасці. Шкада, што цяпер мяняюцца каштоўнасці. А свята значнае, яго нельга ігнараваць. Гэта частка жыцця, цэлая эпоха. Асабліва на вуліцы з такой назвай.

– Мой тата – ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Ён дагэтуль памятае эйфарыю гэтага свята, якая панавала ў грамадстве. Згуртаванасць і адзіная мэта дапамаглі перамагчы ў барацьбе з ворагам. Нельга сказаць, што тады не рабілася памылак, але і ганьбіць той час мы, маладзейшыя, не маем права.

– Я нарадзілася праз 75 год пасля рэвалюцыі. Для мяне восеньскае свята – толькі добрая традыцыя, якая застаецца з маленства. Не магу дасканала зразумець той лад жыцця, хаця і вывучала гісторыю. Каб мець адпаведныя ўражанні, трэба адчуць гэта на сабе.

– Рэвалюцыя? А што гэта? 7 лістапада? А навошта яно святкуецца? Прабачце, ніяк не разумею, пра што вы…

– Ведаю, што свята, але яно больш значнае для бабулі, якая ў гэты дзень пра многае з мінулага расказвае, часта плача. Мама яе супакойвае, а нас просіць не турбаваць і лішне не распытваць…

Многія жыхары вуліцы Рэвалюцыйнай адмовіліся адказваць на пытанні, спасылаючыся на занятасць, ці паціскалі плячамі, не ведаючы, што сказаць. Людзі жывуць сваім прывычным укладам, незвычайная назва нічога не мяняе ў іх поглядах ці адчуваннях. Больш хвалююць надзённыя праблемы, радуюць стасункі з блізкімі і працоўныя поспехі, незалежна ад таго, якая шыльдачка на хаце ці рэгістрацыя ў пашпарце.

У апошні час многія будынкі рамантуюцца на сучасны лад, ад чаго вуліца выглядае больш светлай і прыгожай. Радуе, што тут ахвотна селіцца моладзь, дзіцячы смех даносіцца з большасці хат. Менавіта ім, сённяшнім хлопчыкам і дзяўчынкам, прадстаіць будаваць новае ў сваёй краіне, дбаць пра яе жыхароў. Няўжо ім будзе яшчэ складаней згадаць падзеі 1917 года?

Кастрычніцкая рэвалюцыя застаецца часткай агульнай гісторыі, праз якую да сённяшніх дасягненняў ішлі старэйшыя пакаленні. Імкнучыся да лепшага жыцця, яны кавалі дабрабыт пасільнай працай, сваім прыкладам навучалі дзяцей і ўнукаў. Дарога была нязведанай, яны часам памыляліся, часцей – перамагалі. Гэта шлях, па якім крочылі нашы продкі. Сучаснікі глядзяць на той час па-новаму, але перайначыць мінулае немагчыма. Да асаблівага дня варта адносіцца з павагай і разуменнем. Даражыць мінулым і верыць у лепшае. Таму ўсіх нас – са святам!

Марыя Яраховіч

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть