Культура

Вулька Лунінецкая…

Гісторыя прыгараднай вёскі непарыўна звязана з Лунінам і Лунінцам, паміж якімі яна размешчана.
У кнізе “Палескі архіў”, якая пяць год таму выдадзена ў Мінску, сабраны лінгвістычныя, этнаграфічныя і гістарычныя матэрыялы Вячаслава Вярэніча (1924-1999), які ў кастрычніку 1982-га наведваў наш раён. У Вульцы 1 навуковец сустрэўся з Мікалаем Максімавічам Дуньчыкам (н. у 1913). Мясцовы ўраджэнец удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, пасля працаваў будаўніком. Старажыл паведаміў, што “раней вёску называлі Вулька Каралінская. Згодна з паданнямі, тут жыў калісьці пан Каралінскі, яшчэ да Друцкага-Любецкага”.
Абгрунтаваць словы старажыла дапамаглі летапісныя крыніцы. Згодна з імі, у сярэдзіне XVI стагоддзя ўладальнікам Вялікага і Малога Лунінаў стаў полацкі ваявода па прозвішчу Давойна. Ён і яго стрыечны брат, які пасля смерці ўладальніка апекаваў маёнтак, не мелі дзяцей. У іх кузіны, жонкі князя Друцкага-Любецкага, было двое – сын Іван і дачка Ганна. Як бліжэйшыя нашчадкі, яны сталі прэтэндаваць на частку спадчыны. Удава Давойны пасля судовых працэсаў на працягу 1578-1587 гадоў згадзілася на раздзел маёнтка. У выніку Вялікі Лунін застаўся за Барбарай Саламярэцкай (двойчы ўдавой – Хадкевіча і Давойны), Малы Лунін – за Ганнай, жонкай шляхціча Мікалая Харлінскага, і Паўлам Іванавічам Друцкім-Любецкім – сынам яе памершага да таго часу брата.
На той частцы маёнтка, што дасталася Ганне Харлін-скай, узніклі два новыя паселішчы – Воля, Волька (польская форма – Вулька), што існуе і цяпер, і Дняпрэц, які знаходзіўся ў нізоўях ракі Бобрык. У 1600-ым адбылося размежаванне зямель паміж Лунінцам і Волькай – уладаннем Сімана Мікалае-віча Харлінскага. Дняпрэц належаў яго братам. Усе разам яны валодалі і 1/12 долі сяла Лунінец. У далейшым гэтыя землі адышлі спадчыннікам Друцкіх-Любецкіх. Вядома, што ў 1762-ім “падданыя князя з сёлаў Лунін і Волька Харлінская цярпелі крыўды ад манастырскіх падданых з Малога Луніна”. Што яшчэ цікавага занатавана па ўспамінах старажыла?
“Старая вёска зачынялася з абодвух бакоў. Краямі прамой вуліцы былі вароты – завесніца – на драўляных бегунах. Дамы і гаспадарчыя пабудовы ставіліся на паўночным баку вуліцы, дзе былі горшыя пясчаныя землі, а на процілеглай – размяшчаліся агароды. Насельніцтва – панскія сяляне князя Друцкага-Любецкага з Крыстынова. Было 36 надзелаў, 4 – батрацкіх, некалькі – пустак, што з цягам часу купіла шляхта, якая перасялілася сюды пазней. Велічыня ўчастка – 36 дзесяцін, пераважна няўдобіцы. Прыход Лунінскі, хаця была тут і свая царква. Прастольнае свята – на “Трыйцу” і “Парасківу” (Пяцёнку). Школа пачыналася з 3 класаў царкоўна-прыходскай, пры паляках было 5 класаў, цяпер – 8-годка…”.
Пералічаны гаспадары надзелаў з іх родавымі імёнамі. З большасці толькі аднаму ёсць тлумачэнне: “Наканечныя – таму што жылі на канцы сяла, каля варот”. Вось каб падзяліліся сямейнымі легендамі нашчадкі Канавалавых, Шышовых, Раманішыных, Калядзіных, Чайчыных, Шымачкавых, Ёвікавых, Бэцкавых, Даміканавых, Вэрасковых, Карнейчуковых (ці Карнічковых), Кавальчуковых, Каналупавых (ці Гражданскіх), Піўнёвых, Качурыных, Галаўцовых, Пэрэдковых, Бабэрчыкаў, Канапэльскіх (ці Канаплякоў), Грыбовых, Громавых, Салімонавых! Шляхта (што мела купчыя на надзелы) захавала свае прозвішчы, з пяці гаспадароў толькі адзін – Паўлюк Каховіч – пазначаны як Кармізон. У былых уладальнікаў батрацкіх надзелаў былі наступныя мянушкі: Клімаўцы і Плюшыны.
У “Палескім архіве” прыведзены назвы ўрочышчаў і старых частак вёскі, што само па сабе – прастора для даследаванняў, якія, хочацца верыць, захопяць вясковых настаўнікаў і школьнікаў.  

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть