Культура

“Вы чье, СТАРІЧЬЕ”

Відавочна, многія памятаюць гэтую аповесць Барыса Васільева, якая ўпершыню ўзняла праблему адзінокіх старых. Літаратурны сюжэт завяршаўся аптымістычна – гаротным людзям дапамаглі маладыя хлопцы і дзяўчаты, якія замянілі нядбайных сыноў і дачок няшчасным бацькам. У савецкі час “хэпі-энд” здаваўся лагічным (пэўна, і быў такім). Але за прайшоўшыя 20 год пасля развалу СССР грамадства настолькі змянілася, што звычайнымі становяцца зусім ненатуральныя выпадкі.
“Госпадзі, не пакінь мяне ў старасці адзінокім…”
Цяпер, як і раней, – гэта самая распаўсюджаная просьба да Бога. Людзі, якія перажылі вайну і сумленна працавалі на дабрабыт дзяржавы, ва ўладкаванні быту прывыклі спадзявацца на сябе. Калі былі страчаны жыццёвыя сілы, для клопату аб адзінокіх састарэлых спатрэбілася стварэнне спецыяльнай службы. Сумны 10-гадовы вопыт маюць работнікі раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яго дырэктар Тамара Патурай расказала:
– У час моцных маразоў ажыццяўляем рэйды шэрагу адпаведных службаў па вёсках раёна. Даводзіцца сутыкацца з рознымі сітуацыямі. Іншы раз заходзім у дамы, якія гэтым словам і назваць нельга. У састарэлай гаспадыні толькі і хапае сіл, каб насунуць на сябе для сугрэву ўсе цёплыя ніжнія і верхнія рэчы. Відавочна, што ёй складана і паесці, нават калі сацыяльны работнік прыгатаваў ежу. Скардзіцца, што паліць-паліць печ, а яна дыміць і не грэе. Прадстаўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях папярэджваюць, што ад няспраўнай печы – адзін крок да пажару. Прапануем бабулі часова перася-ліцца ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання састарэлых і інвалідаў. Яна адмаўляецца, маўляў, хату разрабуюць, хаця, шчыра кажучы, там проста пры ўсім жаданні няма чаго ўзяць… Жанчына задаволена, што яе наведалі, і просіць: дапамажыце перарабіць печ. Дакладна бачна: ніхто не ў стане выдаткоўваць значную суму грошай на печ у хаце, што прыдатная хутчэй на знос, чым на рамонт… І такая сітуацыя, на жаль, не адзінкавая.
Прыкры выпадак адбыўся ў адной з вёсак. Аб адзінокай жанчыне, інвалі-дзе І групы па зроку, клапаціліся трое суседак па чарзе, па 10 дзён кожная. На грошы пенсіянеркі куплялі прадукты, гатавалі ежу, кармілі. Але самі ўжо ў пажылым узросце, іншы раз знаходзіліся на лячэнні, таму былі задаволены, калі бабулю аформілі ў бальніцу сястрынскага догляду. У час маразоў пустую хату заняў адзін з непрацуючых вяскоўцаў, якому, як растлумачыў, “родныя дома не давалі спакою” – з-за злоўжывання спіртным. Хутка да яго падсялілася “вольная пташка” з тымі ж схільнасцямі. Суседкі паведамілі аб гэтым пляменніцы ўладальніцы хаты, якая жыве ў іншай вёсцы, працуе, не мае добрага здароўя, таму не магла даглядаць за цёткай. Жанчына прыехала і выгнала новаяўленых “гаспадароў”.       
Але, паспытаўшы смак уладкаванага за чужы кошт жыцця, “салодкая парачка” накіравалася ў сацыяльную ўстанову, дзе знаходзілася састарэлая. Адміністрацыі яны прадставіліся далёкімі сваякамі падапечнай. Яна сама з радасцю згадзілася ехаць дамоў. У дзень атрымання бабуляй пенсіі хата гула ад аматараў спіртнога. Суседкі баяліся наведаць жанчыну, але выклікалі ўрача амбулаторыі. І спецыялісту бабуля зая-віла, што вярнулася дамоў па ўласным жаданні. Але абстаноўка ў хаце была красамоўней за любыя словы. Састарэлую, можна сказаць, прымусова вярнулі ў сацыяльную ўстанову.
Страшна падумаць, што магло б здарыцца, калі б суседкі жанчыны  праявілі абыякавасць да лёсу нямоглага чалавека…          
“Мая Галачка”… 
Гэтыя два словы з ласкавай інтанацыяй не спыняўся паўтараць 75-гадовы вясковец. Выглядаў у акно старэнькай хаты ў надзеі ўбачыць постаць дарагой дачушкі. А навакольныя, павільгатнеўшымі вачамі назіраючы за бездапаможнасцю пенсіянера, хавалі ад бацькі, што дзеці адмовіліся ад яго. 
Год 30 таму гэты чалавек страціў жонку. Гора развейваў, наведваючы з гармонікам розныя вясёлыя “прычыны”. Потым згарэла хата на хутары. Праз некаторы час мужчыну прыняла мясцовая ўдава. Старэйшыя сіроты ўладкаваліся самастойна. Трое, школьнікі, – выхоўваліся ў новай сям’і. Калі выраслі і раз’ехаліся, вельмі рэдка наведвалі бацьку. Толькі з Лунінца прыязджалі дзеці жанчыны, дапамагалі ў гаспадарчых справах. 
Ішоў час. У старасці вясковец цяжка захварэў. Яго даглядала жонка, сама вельмі слабая. Калі дзеці хацелі ўладкаваць маму ў бальніцу, яна адмовілася пакідаць нямоглага спадарожніка жыцця. Не падмацаванае лекамі сэрца дало збой… 
Пасля пахавання нябожчыцы трэба было ўладкоўваць яе вымушанага кватаранта. З роднымі дзецьмі агульнай мовы не знайшлі. Нявестка памёршай жанчыны часова пасялілася ў старой хаце і ўзяла на сябе клопат аб састарэлым. 
І ўсё ж прыняць рашэнне аб далейшым лёсе чалавека немагчыма без удзелу прадстаўнікоў сям’і. Дачку старога выклікалі ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Яна напісала заяву, каб бацьку прызналі недзеяздольным. Працэдура афармлення займае не адзін месяц. Кіраўнікі мясцовай улады шукалі варыянты, куды на гэты час уладкаваць састарэлага вяскоўца. Па шэрагу прычын ён не мог быць прыняты ў сацыяльныя ўстановы, якія ёсць у Лунінцы. 
Калі даведалася аб гэтай сітуацыі, набрала нумар тэлефона дачкі, якую так чакаў састарэлы. Яна была катэгарычнай:
– Бацька мяне не гадаваў, чаму я павінна даглядаць яго цяпер? Не пабудаваў новы дом для дзяцей, а ўладкоўваў уласнае жыццё. Нам з юнацтва адразу давялося працаваць. Было цяжка, але вытрымалі, вызначыліся ў жыцці, абзавяліся сваімі сем’ямі, маем уласныя сядзібы. Яму трэба было дапамагаць нам, каб разлічваць на прытулак у старасці. Ён гэтага не зрабіў, так што няхай абвінавачвае сам сябе. Гэта ж вам скажуць сястра з братамі!
Дарэмна спрабавала пытаннямі перабіць маналог суразмоўцы. І мне засталося пераканацца, што сваіх грамадзян у самым складаным становішчы не пакідае толькі дзяржава…
У красавіку небарака-вясковец памёр. 
Ці абавязаны ўнук купляць тэрмас бабулі?
У мужа маёй знаёмай – амаль 90-гадовая мама, якую ён штодня праведвае. На заўвагі жонкі, што такі клопат празмерны (у якасці сацыяльнага работніка за бабуляй замацаваны родны ўнук, значыць, догляд забяспечаны), мужчына адмаўчаўся і працягваў, як на работу, хадзіць да мамы… Потым яму далі накіраванне на аперацыю. Пасля доўгіх угавораў сям’і ён згадзіўся легчы ў бальніцу, папярэдне ўзяўшы з жонкі абяцанне, што яна не пакіне без увагі свякроў.
Жанчына штодня наведвала прыватны дом, не заўважаючы прысутнасці пляменніка мужа. Прапальвала печ, гатавала ежу, прыбірала, у другой палове дня вярталася дамоў. Калі пачаліся маразы, печ не магла абагрэць старыя сцены. Нявестка прапанавала свекрыві часова перабрацца ў кватэру, але тая была катэгарычнай: не кіну сваё дабро. Дарэмна было пераконваць у абсурднасці такой заявы. Тым часам старая прастудзілася. Выкліканы ўрач сказаў: каб не дапусціць ускладнення, бабулі неабходна пастаяннае гарачае пітво. Не знайшоўшы тэрмасу, жанчына першы раз патэлефанавала ўнуку, які афіцыйна аформлены даглядаць за бабуляй, і папрасіла далучыцца да вырашэння гэтай праблемы.
– Стамлялася так, што не мела сіл хадзіць па магазінах. Спадзявалася, што купіць, а потым разбяромся, хто за што будзе плаціць, – расказвала знаёмая. –Хлопец быццам згадзіўся. Назаўтра ж прыехаў на ўласным аўто і па мабільным прапанаваў, каб спусцілася. Калі выйшла, заявіў: чаму я абавязаны купляць гэты тэрмас? Ці давай грошы, ці гэта будзе вашым (тактоўна!) галаўным болем…
У адказ жанчына вымушана была сказаць, што аб выкананні (дакладней, аб невыкананні) ім службовых абавязкаў паведаміць у сацыяльную службу. На тэрмас яна выдаткавала сродкі са сваёй сціплай пенсіі, але не пазбегла скандалу (добра, што тэлефоннага) з боку маці юнака. Па інстанцыях, зразумела, не звярталася. Перажывае за ажыццяўленне пагрозы мужавых сваякоў, што паскардзяцца яму.
– Упэўнена адчуваю сябе, таму што праўда на маім баку, але мужу ў пасляаперацыйным стане можа пашкодзіць такое “высвятленне адносін”, – гаворыць лунінчанка. – Думаеце, нешта змянілася ў адносінах унука да бабулі? Па-ранейшаму з ранку выходжу на “змену”…
Біблейская запаведзь – “Паважайце бацькоў”…
Даведваючыся пра гэтыя жыццёвыя сітуацыі, выслухала і розныя меркаванні наконт маральнасці паводзін розных бакоў. Не прэтэндуючы на ролю трацейскага суддзі, папрасіла, каб праблему “бацькі і дзеці” пракаменціраваў свяшчэннік. Настаяцель храма, які будуецца ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших”, іерэй Сергій КРЫШТАЛЬ адказаў адназначна:
– Царква заўсёды заклікае да даравання і міласэрнасці. Тым больш гэта датычыць бацькі, які падарыў дзецям жыццё. Калі чалавек не клапоціцца аб родных, значыць, згубіў адказнасць і перад людзьмі, і перад Богам. Вядома, што хрысціянская мараль узведзена ў заканадаўчую норму. У Кодэксе аб шлюбе і сям’і ёсць артыкул, па якім дарослыя дзеці абавязаны клапаціцца аб бацьках. Іншая справа, што большасць іх не звернецца з гэтай нагоды ў суд, – сорамна… На жаль, павялічваецца колькасць выпадкаў праблемы “караля Ліра”. Маладзейшае пакаленне губляе маральныя прынцыпы. 
Упэўнены, што іх усё ж захоўвае большасць у грамадстве. Не сустракаў сітуацый, каб хтосьці адобрыў людзей, якія дазволілі знявагу родных, – гэта выходзіць за межы маральнасці. Павагу выклікаюць менавіта тыя, хто падтрымлівае ці даглядае нават чужых адзінокіх і састарэлых. 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть