«Вясёлы Новы год» з марцыпанамі
Культура

«Вясёлы Новы год» з марцыпанамі

IMG_1901Каманда Лунінецкага райспажыщтаварыства стала пераможцай юбілейнага XXX абласнога конкурсу-семінара повараў, кандытараў і афіцыянтаў арганізацый спажывецкай кааперацыі, які на мінулым тыдні прайшоў у Камянцы.

Як расказала дырэктар філіяла “Грамадскае харчаванне” Валянціна Швед, на падрыхтоўку да конкурсу адводзілася не так многа часу, але, улічваючы стараннасць і адказнасць дзяўчат, яны справіліся на выдатна з усімі заданнямі і ў няпростай барацьбе пацвердзілі высокі ўзровень майстэрства.

Кандытар Людміла Грыцкевіч працуе ў філіяле з 1987 года. Для яе выпрабаванне абласнога ўзроўню стала другім па ліку ў яе прафесійнай дзейнасці. Як прыгадвае сама, першая спроба была не вельмі ўдалай, і ўвайсці ў лік прызёраў ёй не ўдалося. На гэты раз яна адчувала сябе больш упэўнена і разлічвала даказаць, што кіраўніцтва не памылілася, аказаўшы ёй давер абараняць гонар Лунінеччыны.

Вы чулі калі-небудзь пра мафіны і капкейкі? Мяркую, што большасць чытальніцкай аўдыторыі ўпершыню чуе такія словы, аднак, не сумняваюся, што многія ведаюць іх смак. Гэта — кандытарскія вырабы, падобныя на мініяцюрныя кексы. Мафіны — менш салодкія, могуць быць з ягадкай унутры, ужываюць часцей на сняданак. А вось капкейкі — міні-пірожныя, якія могуць быць з начынкай ці без яе, але зверху абавязкова ўпрыгожаны крэмавай шапачкай ці глазур’ю. Дык вось, Людміла Міхайлаўна можа не толькі расказаць пра гэтыя прысмакі, а вырабіць іх настолькі арыгінальнымі і смачнымі, што нават строгае журы было ў сапраўдным захапленні. Уразіў і прыгатаваны ёй торт “Вясёлы Новы год” ў афармленні якога прысутнічалі марцыпаны. Дамашняе заданне — эксклюзіўны вясельны торт “Зямное шчасце” дапамог нашай зямлячцы выпрабаваць падобнае пачуццё, калі абвесцілі, што ёй прысуджана першае месца.

Вольга Кузьміч адносна нядаўна ўладкавалася ў райспажыўтаварыства — у 2010 годзе, але паспела зарэкамендаваць сябе са станоўчага боку. Свой поварскі талент і густ яна дорыць наведвальнікам піцэрыі “Фіеста”. Перамога ў раённым конкурсе адкрыла ёй шлях на абласны этап. Папярэдне ўсе канкурсанты атрымалі меню, у якое ўваходзіла 16 страў з тэхналогіяй іх прыгатавання. Яго вывучалі дзяўчаты дома. Падчас выпрабаванняў за тры гадзіны трэба было прыгатаваць 7 з іх. Вольга, як сапраўдная чараўніца, стварала кулінарныя цуды. У іх ліку — фарэль-фламбэ, крэветкі ў цесце “Філа”, салат з манга, авакада і вэнджанай куры, агародніна-грыль з праванскімі травамі, дэсерт “Панакота”… У “чорнай скрыні” знаходзілася заданне для нашай канкурсанткі, згодна з якім трэба было прыгатаваць халодную і гарачую закуску з птушкі. Вольга Кузьміч здзівіла натуральным стэйкам з марынаванай агароднінай, а таксама “вітамінным” салатам з рулецікамі з куры. Зразумела, што повар павінен не толькі цудоўна гатаваць, але і афармляць стравы. Падчас выпрабавання майстар карвінга невялікі цукіні ператварыла ў вазу з кветкамі. За свае старанні Вольга ўзнагароджана дыпломам другой ступені.

Такой жа вартасці ўзнагароду атрымала і афіцыянт рэстарана “Прыпяць” Кацярына Зышчык. Нягледзячы на тое, што яна не так даўно вярнулася з водпуску па догляду за дзіцём, хутка ўвайшла ў рабочы рытм і нават удасканаліла прафесійныя навыкі. Без асаблівай цяжкасці яна справілася з сервіроўкай сталоў для вячэры для дваіх і банкетнай вячэры. Не было ёй роўных у складванні сурвэтак. За 10 хвілін — 40 штук! Але як сцвярджае сама, магла і больш, але на стале не хапіла месца. А яшчэ афіцыянтка павінна без мернай шклянкі разліваць па бакалах вызначаны аб’ём. Дык вось, Кацярына 100 грамаў наліла з дакладнасцю да міліграма. “Менш — за 100 не прасіце”, — пажартавала дзяўчына. У “забегу” з падносам, на якім знаходзіліся два напоўненыя фужэры і бутэлька, лунінчанка прадэманстравала і акуратнасць, і хуткасць.

ВІНШУЕМ каманду Лунінецкага райспажыўтаварыства з перамогай. Цяпер нашых кааператараў чакае новае выпрабаванне — разам з брэстаўчанкамі яны прадставяць вобласць на рэспубліканскім конкурсе, які стартуе 11 снежня ў Ашмянах Гродзенскай вобласці.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть