Культура

Абласныя “Дажынкі” прайшлі на Століншчыне

Сёлета абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2017” прымаў старажытны Давыд-Гарадок. Мястэчка, чыя гісторыя выйшла на рубеж тысячагоддзя, да свята вельмі змянілася. Дастаткова сказаць, што на добраўпарадкаванне населенага пункта, дзе жывуць крыху больш за 7 тысяч чалавек, выдаткавана амаль 7 мільёнаў рублёў. Адметна і тое, што, наводзячы хараство, тут пастараліся максімальна захаваць сведчанні даўніны. У тым, што гарадчукі ўмеюць шанаваць сваю гісторыю, пераканала ўсталяванне на галоўнай плошчы паўтара дзясятка год таму велічнага помніка князю Давіду. Галоўная сцэна знаходзілася побач з помнікам,   таму кульмінацыя свята ладзілася менавіта тут.

Дэлегацыі раёнаў і гасцей па традыцыі вітаў старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс, які адзначыў, што хлебаробы Брэстчыны годна справіліся з уборкай зерневых. Валавы ўраджай збожжа перабольшыў 1,2 мільёна тон пры сярэдняй ураджайнасці 36,7 цэнтнера з гектара. “Жніво паказала нашы сілы і магчымасці, дало пэўныя ўрокі. Абапіраючыся на гэты вопыт, будзем імкнуцца да новых вы-нікаў, тым больш, што рэзервы для гэтага ёсць”, – падкрэсліў кіраўнік вобласці. Адначасова Анатоль Ліс выказаў сардэчную ўдзячнасць за ўкладзеныя ў абласны каравай сілы і цярпенне, за любоў і адданасць роднай зямлі.

Дзесяць разоў паднімаліся на ганаровую сцэну прадстаўнікі Лунінеччыны! Сярод вадзіцеляў- пераможцаў на адвозцы зерня – Мікалай Кіндрук з дзяржаўнага прадпрыемства “Гарадоцкі”, а таксама  Аляксандр Казун і Уладзімір Кіндрук  з ААТ “Дварэцкі”; экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў – Сяргей Калюціч і Мацвей Мацкевіч з ААТ “Дварэцкі”; маладзёжных экіпажаў – старшы камбайнер Мікалай Рудзько з “Сінкевіцкага”; маладых вадзіцеляў – Віталь Агіевіч з “Гарадоцкага”. Ганаровай граматай Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК узнагароджана старшыня Лунінецкага раённага камітэта прафсаюзаў аграпрама Вольга Ермалёнак. У ліку пераможцаў конкурсу “Лепшы кіраўнік перапрацоўчага прадпрыемства Брэсцкай вобласці” – дырэктар ААТ “Лунінецкі малочны завод” Сяргей Карпец. Па выніках абласнога і рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў наш раён заняў трэцяе месца, высокай узнагароды ўдастоены старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко.

Пасля афіцыйнай часткі адбыўся святочны канцэрт, удзел у якім бралі народныя ансамблі музыкі і песні “Прымакі” і “Шляхцічы”. Парадаваў сваім выступленнем дзіцячы танцавальны калектыў “Эдэльвейс” Палаца культуры РУВП  “Граніт”.

Годна была прадстаўлена Лунінеччына і ў “Гора-дзе майстроў”, дзе заўважылі Сяргея Гнедзьку з Вялікіх Чучавіч, Жанну Лапаціну з Язвінак, Вольгу Мелюх з Вулькі 1 і іншых землякоў, якія ўмеюць здзіўляць творчай фантазіяй.

За крок ад п’едэсталу гонару, заняўшы чацвёртае месца, спыніліся Фёдар і Алена Сарока з Вулькі 1, якія прадстаўлялі наш раён у абласным конкурсе “Уладар сяла”.

Нязменнай папулярнасцю на працягу ўсяго свята карысталіся пачастункі, прапаноўваемыя лунінецкімі гандлярамі. Публіка, якую вабілі іскрамётныя песні нашых артыстаў, ахвотна затрымлівалася каля кропак Лунінецкага райспажыўтаварыства.

Адзінае, што крышку засмуціла, – навіна аб месцы правядзення чарговых “Дажынак”. Як стала вядома, абласны фестываль-кірмаш наступнага года будзе ладзіцца ў г. Высокае на Камянеччыне, а ў 2019-ым “Дажынкі” будуць прымаць Ружаны.  І ўсё ж новае пачынанне – правядзенне абласных “Дажынак” у малых гарадах, каб надаць ім новае аблічча, палепшыць якасць жыцця і быту іх жыхароў – пакідае спадзяванне, што ўрэшце дойдзе чарга і да Лунінеччыны, якая несумненна заслужыла падобнае свята.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть