“ВЫШЫЙ, БАБУЛЕЧКА, МНЕ РУЧНІЧОК…”
Еву Пятроўну ЯКУБОВІЧ застаў за любімым заняткам – вышываннем ручнікоў. У вачах суразмоўцы ўспыхваюць вясёлыя іскрынкі, калі размова заходзіць аб далёкіх гадах маладосці.
– У спадчыну перадалося мне майстэрства, – уступае ў размову жанчына, – таму, калі замуж ішла, мела ўжо больш за дзесятак даматканых вышытых ручнікоў. Хораша вышывала крыжыкам мама! А як за кроснамі шчыравала! Нездарма на ўвесь Кажан-Гарадок майстрыхай лічылася. Бывала, пойдзе ў поле працаваць, я за іголку з ніткай – і давай “дапамагаць…”
Імкліва, як вясновыя ручайкі, беглі гады са сваёй радасцю і сумам: нараджэннем дзяцей і ўнукаў, горыччу страт родных і блізкіх людзей. Забыць пра ўсё цяжкае, што было ў жыцці, дапамагае любімы занятак.
Хіба ж магла падумаць вясковая жанчыла, што яе вырабамі змогуць любавацца ў далёкім замежжы, дзе на аздараўленні былі ўнучкі Евы Пятроўны. Гасцінцы (вышыўкі на ільняным палатне), зробленыя клапатлівымі і пяшчотнымі рукамі бабулі, Яна і Мілана перадалі ў далёкія Канаду і Германію. Вышыванкі Евы Пятроўны цэняць не толькі у замежжы, хараством вырабаў замілоўваюцца суайчыннікі.
Па выхадных і святочных днях цесна робіцца ў хаце Евы Пятроўны. У госці да матулі і бабулі прыязджаюць сыны з нявесткамі, дачка, 10 унукаў. Не-не, ды і спытаюць старэйшыя: “Бабулечка, а можа і нам вышыеш па ручнічку?”…