Культура

Выхоўваем “асаблівых” дзетак

Бацькі – асноўныя ўдзельнікі псіхолага-педагагічнай дапамогі малышам з асаблівасцямі ў развіцці. Для стварэння добразычлівых умоў выхавання ў сям’і неабходна ведаць магчымасці і перспектывы нашчадкаў, арганізоўваць мэтанакіраваныя карэкцыйныя заняткі, сфарміраваць адэкватную ацэнку, развіць неабходныя ў жыцці валявыя якасці.
Часта мамы і таты, жадаючы пазбавіць нашчадкаў ад цяжкасцей, пастаянна апякаюць, аберагаюць ад усяго, што можа засмуціць, не давяраюць ніякіх спраў. Такое выхаванне па тыпу гіперапекі прыводзіць да пасіўнасці, адмовы ад дзейнасці. Добрыя, цярплівыя адносіны блізкіх павінны спалучацца з пэўнай патрабаванасцю да дзіцяці. Не трэба саромецца сына ці дачкі, тады і яны не будуць бянтэжыцца сваёй хваробы і замыкацца ў сабе.
Пакуль дзеткі маленькія, бацькам здаецца гэта не такім важным, і яны ўсё робяць за малышоў. З часам даводзіцца цяжэй, дарослыя ўжо вымушаны вырашаць вялікую праблему: страх бездапаможнасці, страта самастойнасці. У канчатковым выніку дзіця становіцца сацыяльна пасіўным. Фізічныя недахопы вядуць да ізаляванасці ад знешняга свету і зносін з равеснікамі. Замкнёнае кола “фізічных дэфектаў” змяняе звяно “псіхічных заган”. Вырастаючы, падобныя хлопчыкі і дзяўчынкі аказваюцца няздольнымі да самастойнага жыцця.
Задача бацькоў і спецыялістаў складаецца ў стварэнні ўмоў для адэкватнага развіцця і фарміравання асобы. Для гэтага важна актыўнае ўцягненне сына ці дачкі ў паўсядзённасць, пасільную працоўную дзейнасць, імкненне да таго, каб яны не толькі абслугоўвалі сябе (самастойна елі, апраналіся, былі ахайнымі), але і мелі пэўныя абавязкі (накрыць стол, сабраць посуд). Такім чынам, у дзетак паявяцца інтарэс да работы, упэўненасць у сваіх сілах, пачуццё радасці, што акружаючым яны могуць прынесці карысць.
Алёна СЫЦІНА, педагог-псіхолаг Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Лунінца.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть