Культура

Хутаранка

хутарокПявунняй яна не была. Ды і для каго спяваць тут, у глухім гушчары лесу, дзе наўкола ні душы, хіба што заезджы чалавек зойдзе наталіць смагу ў спякотны дзень. Тады невысокая жанчына з чарнявымі валасамі ды блакітнымі вачамі магла гаварыць бясконца. Зоська цікавілася ўсім, што робіцца на свеце, і тут жа пыталася: “Адкуль жа ты будзеш, чалавеча?”. Даведаўшыся, прыцмоквала языком, нешта ўсміхалася пра сябе, і зноў сыпала бясконцыя пытанні. Чалавек можа і спяшаўся кудысьці, ды як пайсці, калі прывабная хутаранка зачароўвала сваім прыгожым голасам. Развітаўшыся з незнаёмцам, тая падоўгу глядзела яму ўслед, стоячы пад векавой хвояй, якая сваёй смалой-жывіцай напаўняла наваколле.
Было ў Зоські і яшчэ адно любімае дрэва – старая ліпа. Вясной яно ажывала, а ў пачатку лета тут заўсёды клубіліся пчолы, якія немаведама адкуль паяўляліся на падворку. Белыя кветачкі напаўнялі пахам прастору, быццам запрашаючы затрымацца на некаторы час, удыхнуць на поў-ныя грудзі духмяны водар.
Замуж Зоська так і не выйшла. Ці то цуралася хлопцаў, ці толькі ёй невядомая сіла стрымлівала зрабіць гэта. Праўда, быў адзін юнак, у якога закахалася з першага погляду. Ды і таму адмовіла. А пасля можа і шкадавала, што зрабіла так… Бо ажаніўся хлопец на такой жа хутаранцы, дзеці ў іх пайшлі, а яна так і далей жыла адна на сваім падворку.
На здароўе жанчына не скардзілася. Магла прайсці пешшу два дзясяткі кіламетраў і ніякай стомы ў нагах – быццам маладзела яшчэ больш. Толькі аднойчы моцна заціснула ў грудзях, ажно дыхаць было боязна. Цярпела да пары да часу, пакуль не апынулася на бальнічным ложку. Пляменніца, што ся-дзела каля яе днём і ноччу, прасіла Усявышняга даць пажыць яшчэ, вярнуцца ў родную хату такой жа вясёлай ды гаваркой.
Ды… Зоська яшчэ раз павольна ўздыхнула і, не прамовіўшы ні слова, заціхла. Раз і назаўсёды. Пахавалі яе на вясковых могілках побач з магілкамі маці і таго хлопца, якога кахала, ды так і не выйшла замуж.
…Час ад часу наведваюся на Зосьчын падворак. Гэтак жа як і раней цвіце ліпа, разносіцца па наваколлю водар смалы ад старой хвоі, радуе белай квеценню вясной і адзіная яблынька, што расце каля хаты. Асірацелая цішыня з паросшай густой травой нагадваюць аб тым, што ў недалёкім мінулым тут цеплілася жыццё хутаранкі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть