Яблыня майго дзяцінства
Культура

Яблыня майго дзяцінства

яблокоГэта была нічыйная яблыня, але мы, хлапчукі, лічылі яе нашай. Расла яна паблізу канавы, паўз якую натоўпам штодня ішлі ў школу, каля самай палявой дарогі. Цвіла – кожную вясну! Тады была надзвычай прыгожая, у белым квецені, нібы ў малацэ. Мы проста здзіўляліся гэтаму хараству!

Як толькі на яблыні завязваліся плады велічынёй з арэх, зрывалі іх усе да аднаго. Стараліся, каб хлапчукам з іншай вуліцы ніводнага не дасталося. З-за гэтай дзікай яблыні, як мы лічылі, здараліся сваркі і бойкі. Па вечарах нават ахову каля дрэва выстаўлялі.

Яблыкі ж былі вельмі моцнымі, цвёрдымі і такімі кіслымі, што ад іх зводзіла сківіцы, а на вачах выступалі слёзы. Наш завадатар Вовік неяк, давячыся плодам, сказаў:

– Ад гэтых яблык станеш касавокім…

Але, пераадольваючы сябе, елі плады. На зайздрасць хлапчукам з іншай вуліцы…

Гэты звычай завялі не мы – так было і да нас. Яблыню церусілі, аббівалі кіямі, камянямі. На зямлю падалі зялёныя, моцныя плады, якія адначасова зрывалі лісты і галінкі. Пасля нашых пабораў яблыня доўга стаяла пахіленая, абшчыпаная, няшчасная.

Аднойчы восенню вяртаўся са школы дамоў. Як звычайна, падскокваючы, бег, размахваў калітою і пазіраў па баках. Прабег пад яблыняй – і раптам спыніўся, як укопаны. Мне здалося, што на дрэве бліснуў яблык! Вярнуўся, і нават вачам сваім не паверыў. Амаль на самым версе вісеў вялікі чырвоны яблык.

Пераканаўшыся, што гэта сапраўды не сон, што яблык правісеў усё лета, і ніхто яго не заўважыў, стрымгалоў пабег клікаць равеснікаў. Праз хвіліну-другую нашы хлопцы прыбеглі да яблыні. Вовік стаў каля ствала:

– Давай!

Хлопцы дружна трасянулі дрэва. Спелы яблык імгненна адарваўся ад галінкі. Вовік шапкаю, як сачком, злавіў плод.

– Чур – на ўсіх! Чур – на ўсіх! у адзін голас закрычалі мы.

Прама пад дрэвам Вовік разрэзаў яблык на роўныя долькі, каб хапіла кожнаму. Мы імгненна з’елі іх. Цудоўная асалода разлілася на нашых тварах. Яблык аказаўся надзвычай салодкім і духмяным.

– Вось калі б яны ўсе паспелі, – марачы, працягнуў хтосьці з нас.

Вовік грозна адгукнуўся:

– Цяпер, калі хто раней часу хаця б адзін яблык сарве, – крыўдуйцеся на сябе…

Мінула шмат часу. Мы даўно сталі дарослымі, але традыцыю захавалі. Раскучаравілася наша яблыня, разраслася. Як і раней, вясною прыгожа цвіце. Восенню новыя хлопчыкі здымаюць з яе ўраджай. З цягам часу шчодрае дрэва прымірыла падлеткаў суседніх вуліц. На ўсіх хапае спелых, налітых чырванню, сакавітых яблык.

Максім КАЗУН. в. Вічын.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть