Ядвіся вянчалася ў Лунінцы
Культура

Ядвіся вянчалася ў Лунінцы

jadwisia_1906«Найпрагажэйшая кветачка Палесся» — так Якуб Колас у трылогіі «На ростанях» называў Ядвісю, у якую быў закаханы малады настаўнік Лабановіч.

Правобразам гераіні была Ядвіга Бахенская. Нядаўна газета “Наша Ніва” апублікавала ўнікальнае фота таго часу, калі будучы пісьменнік сустрэў дзяўчыну, стаўшую адным з самых прыцягальных жаночых вобразаў беларускай літаратуры.

На здымку маладая Ядвіга стаіць побач з мужам. Можна ўпэўнена назваць і год. Пара ажанілася ў студзені 1906-га, а ў студзені 1907-га ў іх нарадзіўся сын. На здымку яны яшчэ без дзяцей, але ў абаіх на руках пярсцёнкі.

Але не столькі фота ўражвае аматараў гісторыі, колькі той факт, што Ядвісіна вяселле адбывалася ў Лунінцы! Згодна з архіўнай даведкай, «29 студзеня 1906 года ў Лунінецкай рымска-каталіцкай капліцы Пінскага парафіі ўзялі шлюб мешчанін г. Пружаны Гродзенскай губерні Канстанцін-Леанард Бахенскі, халасты 29 год, і дваранка Слонімскага павета Гродзенскай губерні Ядвіга-Луцыя Баранцэвіч, дзяўчына 17 год».

Даследчык Сяргей Кузняцоў мяркуе, што фота спачатку належала маці Канстанціна — Соф’і, якая жыла ў Лунінцы (!!!). Пасля яе смерці ў 1916 годзе сямейныя здымкі дасталіся малодшай дачцэ Алене, якая таксама жыла ў нашым горадзе. Хутка сям’я пераехала ў Гомель, куды перавялі мужа Алены, інжынера-чыгуначніка Васіля Кузьміча. Там яны пражылі наступныя 20 год. У 1936-ым сям’я Кузьмічоў аказалася ў Свярдлоўску. Здымак захоўваўся ў Алены да яе смерці ў 1979 годзе. Праз два гады Міхаіл Кузьміч, унук Алены, пераязджаючы ў Маскву, забраў фота з сабой.

Здымак маладой Ядвісі, трошкі старэйшай за тую, якую пакахаў малады вясковы настаўнік, апублікаваны ўпершыню. За прадастаўленне інфармацыі ўдзячны ўнучцы Якуба Коласа — Веры Міцкевіч.

Застаецца захоплена ўсклікнуць: колькі яшчэ таямнічых загадак захоўвае такая сціплая, на першы погляд, гісторыя нашага Лунінца?!

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть