Культура

Яшчэ раз – ПРА КАХАННЕ…

Гісторыя першая. Без фатаграфіі

Маленькі здымак, на якім былі адлюстраваны тры салдаты Войска Польскага, аддалі на павелічэнне ў майстэрню. На жаль, фота згубілі. Аб гэтым не спыняецца шкадаваць Вольга Хартановіч з Дзятлавіч. 93-гадовая вяскоўка свята захоўвае ў памяці аблічча першага мужа, якому планавала ўзвесці надмагільны помнік з партрэтам. Аб незвычайных перыпетыях лёсу маці расказвае лунінчанка Таццяна Чарнавокая:

– Мая мама выйшла замуж за Яфіма Хартановіча пасля яго вяртання з арміі. У маладой сям’і ў 1937-ым нарадзіўся першынец Міхаіл, у 1940-ым – дачка Лідзія, у 1943-ім – яшчэ адзін сын, Рыгор. На жаль, іх бацька падарваўся на міне.

Як паведамілі ў раённым аддзеле ЗАГС, у метрычнай кнізе Дзятлавіцкай царквы прычынай смерці прыха-джаніна ўказана: «Забіты немцамі”. Адбылося гэта 7 ліпеня 1944-га. У наваколлі ішлі жорсткія баі з фашысцкімі акупантамі. Вяскоўца пахавалі 10 ліпеня – у дзень вызвалення раёна.

Маладая ўдава засталася з трыма малымі дзецьмі на руках. Таццяна Харытонаўна працягвае расповяд:

– Тым часам з фронту вярнуўся брат загінуўшага – інвалід Вялікай Айчыннай вайны Харытон Хартановіч. Бацька маёй мамы параіў дачцэ: без мужчынскай падтрымкі прападзеш, выходзь замуж за дзевера. З другім мужам у мамы нарадзіліся Алена, Георгій і Мікалай. Цікава, як і ў першым шлюбе, з інтэрваламі роўна ў тры гады. Я ж – праз 9 год, паследак, так бы мовіць… Бацька пасля цяжкага ранення на вайне страціў нагу, але па меры магчымасці працаваў, выконваў усе гаспадарчыя работы на сядзібе. Памёр у 1977-ым. Мама працягвала пераадольваць нягоды лёсу. Наш зводны брат Рыгор быў інвалідам з дзяцінства. Давялося даглядаць небараку на працягу амаль 60-ці год, да яго ўходу…

Вольга Фёдараўна па праву носіць званне маці-гераіня. Ад семярых дзяцей дачакалася 16 унукаў, радуецца ўжо і дзвюм прапраўнучкам. Але адчувае абавязак перад першым мужам і ўвесь час просіць дачку звярнуцца ў ваенныя архівы: магчыма, там захаваўся згублены ў наш час здымак…

Гісторыя другая. З фатаграфіяй

Яе ў альбоме бабулі знайшоў жыхар Пінска Юрый Амяльковіч. Адзначыўшы ўласнае 50-годдзе, вырашыў заняцца стварэннем радавода для ўнукаў. Перагартаў сямейны архіў, які беражліва захоўвае як бацькоўскую спадчыну. Удалося, кажучы мовай даследчыкаў, ідэнтыфікаваць абліччы многіх людзей, у асноўным сваякоў, адлюстраваных на здымках. Толькі адзін, з подпісам на польскай мове, заставаўся «белай плямай”.

Пінчанін, бабуля якога нарадзілася ў Вульцы 1, даслаў фатаграфію на адрас раённай газеты з просьбай дапамагчы ў пошуку. На абароце здымка прачыталі: «Вось табе малая картачка, каб мяне заўсёды помніла. І заўсёды, як толькі паглядзіш, прыгадаеш, хто цябе кахаў”. Падпісана: «В. Дударга”. Звярнуліся да старажылаў вёскі, якія маглі памятаць дзяўчыну, якой адрасаваны пяшчотныя радкі, і «жолнежа” Войска Польскага.


Яго імя – Віктар – назвала 85-гадовая Даміна Кляўцэвіч:

– Аб каханні аднавяскоўцаў ведала ўся Вулька Лунінская. Але маці Антаніны Шпакоўскай прасватала дачку ў засценак Сушыцк паблі-зу Пінска, адкуль была родам сама. Калі нявесту з заможнай сям’і везлі на возе з багатым пасагам, яна так галасіла, што заглушала нават гучныя званочкі, якімі, разам з кветкамі, была ўпрыгожана дуга на кані. Дзіцячыя ўражанні – самыя моцныя. Мне, 7-гадовай, здавалася, што разам з дзяўчынай плача ўся вёска…

З вясельнага фотаздымка 1936-га глядзяць спакойныя твары маладажонаў. Пасля вянчання жонка стала добрай гаспадыняй у доме мужа. На двары нават завяла пчальнік, даглядаць за якім навучылася ў бацькі. Сцяпан Шпакоўскі, служыўшы лесніком «пры Польшчы”, у 1940-ым быў высланы на Поўнач, далейшы лёс рэпрэсіраванага невядомы. Яго зяць, чырвонаармеец Георгій Бурван, загінуў 6 сакавіка 1945-га ў Германіі.


Юрый Амяльковіч упершыню ў жыцці наведаў Вульку 1. Захаваўся дом, з якога выходзіла замуж яго бабуля. Яшчэ жывы, але цяжка хворы, адзін з 12-ці стрыечных братоў і сясцёр Антаніны па бацьку. Пінчаніна гасцінна сустрэлі сваякі па трэцяй і чацвёртай лініях радства.

Як аказалася, і каханага Антаніны адняла вайна. У кнізе «Памяць. Лунінецкі раён” увекавечана гэта прозвішча: «Віктар Максімавіч Дударга, н. у 1918, мал. сяржант, кам. аддзялення 1232 сп 370 сд, загінуў 31.01.1945, пахаваны ў в. Бабевіцы акругі Брандэнбург (Германія)”.

Перастаў быць загадкай фотаздымак з сямейнага альбома. Вечнай таямніцай застанецца каханне, на якое пашчасціла нашым зямлячкам…

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть