Культура

Ёлка радасці і мужнасці

Святочныя ранішнікі перад Новым годам арганізоўваліся паўсюдна – у школах, дзіцячых садах, розных аб’яднаннях. У пераважнай большасці яны падобныя па сваёй праграме. Усё гэта ладзілася і ў Доме культуры чыгуначнікаў, але ўражанні ад мерапрыемства засталіся іншымі.

Тут прайшло навагодняе свята для дзяцей, падлеткаў і маладых людзей з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Ды пазіраючы на шчаслівых удзельнікаў, на задаволеныя твары іх татаў і мам, цяжка было заўважыць, што гэта не зусім звычайныя госці. Усе праблемы яны старанна схавалі пад святочныя ўборы і пра іх больш не згадвалі. Хацелася хоць на адзін вечар забыць пра сваю бяду.

Трапіўшы ў сапраўдную навагоднюю казку, кожнаму верылася ў цуды. Ёлка зіхацела рознакаляровымі фарбамі, у карагодзе кружыліся ўсе, хто можа хадзіць. У каго няма такой магчымасці, родныя ці сябры вазілі па зале ў інваліднай калясцы. Нават у тых, хто вымушаны быў назіраць за дзействам седзячы на лаўцы, адчуваўся ўзнёслы настрой. Загадкі і конкурсы, смех і танцы – усё змяшалася сярод святочнага тлуму. Цікавае тэатралізаванае прадстаўленне са Снягуркай, Бабай Ягой, Лесуном, Пачварай і добрай Феяй арганізавалі работнікі ўстановы культуры. Нарэшце, вызвалены з палону галоўны персанаж Новага года, запаліў агні на ёлцы і выслухаў урачыстыя выступленні дзетвары.

Усе члены Лунінецкай гарадской арганізацыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам атрымалі святочныя падарункі. Пажаданні здароўя і цярпення, шчасця і добрага настрою даносіліся з розных бакоў. Вочы абяздоленых людзей свяціліся радасцю, якая не згасае нават ад фізічнага болю. Упэўнена, з такой мужнасцю яны пераадолеюць усе цяжкасці, якія выпалі на маленькія плечы, а чароўны Дзед Мароз здолее выканаць хоць некаторыя запаветныя жаданні.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть