Культура

Юбілей — на выбары

mariya-voronich

Часам здараюцца ў жыцці цікавыя супадзенні. Нічым непрыметная для іншых дата асабістага дня нараджэння раптам з’яўляецца значнай падзеяй для ўсёй рэспублікі. Так атрымалася ў лёсе Марыі ВАРОНІЧ з Ракітна, якая сёлета адзначыць 90-годдзе 11 верасня – у дзень выбараў у парламент.

І хаця пражытыя вёсны і зімы пакінулі на сэрцы вельмі глыбокі след, сустракаць юбілей заўсёды прыемна. Асабліва пры дасягненні такога паважанага ўзросту. У гэты дзень збяруцца ўсе родныя, каб павіншаваць жанчыну, аддацца дарагім сэрцу ўспамінам, парадавацца за поспехі жывых і хвілінай маўчання ўшанаваць страчаных.

Цяжкасцей на шляху Марыі Міхайлаўны выпадала больш, чым радасці. Нарадзілася і вырасла ў Дрэбску. У перадваенны час разам з равесніцамі рыхтавалі пасаг, марачы пра хуткае замужжа. Самі пралі, ткалі, шылі і вышывалі. Ніхто не чакаў, што наперадзе будуць горкія выпрабаванні і пакуты. Але пачвара-вайна праглынула ў сваёй крывавай пашчы людскія надзеі і мары, ператварыла жыццё ў чорныя колеры…

Хутка бамбёжкі і кананада дакаціліся да роднай вёскі. Мяняліся законы новай улады, за любое невыкананне загадаў пагражала смяротнае пакаранне. Стала рызыкоўна выходзіць на вуліцу, каб не трапіць на вочы ўзброеным акупантам. Любы тупат на двары жахам адклікаўся ў сэрцы, бо візіт няпрошаных гасцей мог закончыцца арыштам ці забойствам.

З неверагоднымі цяжкасцямі вяскоўцы трымаліся, захаваўшы ў глыбіні душы веру ў вызваленне. Калі пайшлі чуткі пра набліжэнне сваіх, радасці не было межаў. Шэптам перадавалі апошнія звесткі з фронту, што нейкім чынам даходзілі да вёскі. І неўзабаве сапраўдныя зоркі заззялі на пілотках стомленых байцоў, якія неслі перамогу.

Мясцовыя мужчыны падаліся праганяць ворагаў, а дзяўчыне выпала няпростая, ды пачэсная місія – працаваць на чыгунцы. Ніхто, нават сама яна, не звяртаў увагі, што груз цяжкі, не прызначаны для кволых плячэй. Браліся за любую работу: рамантавалі рэйкі, насілі шпалы, перагружалі вагоны. Усё рабілася з адной мэтай – дапамагчы байцам, якія на абпаленых дарогах Еўропы змагаліся з рэшткамі нямецкай арміі, кожны дзень рызыкуючы сабой.

Паступова жыццё наладжвалася. Пасля Перамогі маладыя сэрцы поўніліся радасцю і светлай верай, што ўсё горшае засталося ў мінулым. Прыйшоў час задумацца і пра асабістае – да Марыі Міхайлаўны пасватаўся Міхаіл Пракопавіч з Ракітна. Ён таксама зведаў нягоды ад фашыстаў: калі падлеткам везлі ў Нямеччыну, то паспеў выскачыць з цягніка і не трапіў у няволю.

Будучая жонка пераехала на радзіму мужа, каб назаўсёды асталявацца тут. Сустракаць узыход сонца: калі з усмешкай на твары, калі праз горкія слёзы ад нечаканых страт. Працавалі Варонічы ў калгасе. На ферме, у полі – там, дзе патрабаваліся рабочыя рукі. Лёгкіх абавязкаў не было нідзе, паўсюдна не хапала людзей і цягавай сілы. Даводзілася шчыраваць за дваіх, за траіх. Але ніхто не скардзіўся, бо пасля ваеннага ліхалецця і такое няпростае жыццё здавалася раем.

Нарадзіліся пяцёра дзяцей: дзяўчынка і чатыры хлопцы. Раслі дружнай сям’ёй, дзе асновай дабрабыту і выхавання была звычайная праца. У полі, на агародзе, падворку – усюды малыя не адставалі ад бацькоў. З гумарам, задорам перамагаліся разнастайныя абавязкі ў залежнасці ад пор года. Вучыліся ў школе, пасталеўшы, знаходзілі сваю сцяжынку ў жыцці.

Незаўважана міналі вёсны, наблізіўся пенсійны ўзрост. Сталі часцей даймаць хваробы. Змаганне з імі не заўсёды прыносіць плён – у 2002-ім пайшоў з жыцця Міхаіл Пракопавіч. На жаль, і дваім сынам Марыі Міхайлаўны лёс адмераў на гэтым свеце значна менш, чым матулі. Праз год пасля бацькі пахавалі сына Рыгора, яшчэ праз 6 – Мікалая. А тры гады таму сям’ю напаткала новая бяда – у аварыі загінуў унук…

Перажытае пакінула цяжкі след на сэрцы жонкі, маці і бабулі. Жанчына не можа абыходзіцца самастойна без дапамогі нашчадкаў. Яе ніколі не пакідаюць у адзіноце. У цэнтры Ракітна жыве дачка Ева, якая заўсёды дапаможа. З Лунінца пастаянна прыязджаюць сын Іван, а з Сінкевіч – Васіль, іх сем’і. Гатовы прыйсці на выручку, як толькі што спатрэбіцца мілай бабулі, кожны з 10 унукаў і 12 праўнукаў.

Стомленая памяць Марыі Міхайлаўны захавала нямногае з перажытага. Што зробіш, узрост прыносіць свае карэктывы ў жыццёвы расклад. Але яна аддана любіць кожнага з нашчадкаў, жадае ім мірнага неба і шчаслівага лёсу. Ганарыцца прыгожым домам, які некалі самастойна будавалі на ўскрайку вёскі. Думалі, заўсёды будзе ў ім шумна і цесна, але атрымалася інакш. Усе малодшыя разляцеліся. Цяпер жанчына адна ў прасторных пакоях. У кожным куточку ёй да болю ўсё так знаёма і блізка. Дагледжаны агарод дорыць адчуванне спакою. Бо нягледзячы на любы ўзрост, ніякая вясковая гаспадыня не церпіць неахайнасці на градках і няўтульнасці на падворку.

Верасень – час, калі падлічваецца сабраны ўраджай, падводзяцца вынікі зробленага. Падобна такому раскладу, да юбілею доўгажыхаркі таксама згадаецца ўсё самае значнае, праз што ёй даводзілася прайсці на жыццёвай дарозе. Смуткавала, радавалася, спадзявалася. Адпавядаючы рэчаіснасці часу, ішла праз голад і разруху вайны, дапамагала будаваць светлую будучыню.

І сімвалічнае супадзенне яе дня нара-джэння з датай, калі вырашаецца воля народа, сведчыць пра многае. Што ў Беларусі існуюць законнасць і стабільнасць, жыццё праходзіць у мірным рэчышчы, пра якое так марылася ў далёкі ваенны час. Не дарэмнымі былі тыя цяжкасці, краіна дасягнула лепшага ў сваім развіцці. Хочацца спадзявацца, што сучасная моладзь у будучыні, святкуючы сваё 90-годдзе, не зможа згадаць нічога горкага і балючага ў гісторыі Радзімы. Тут і надалей будуць панаваць мір і спакой.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть