Юбілей у дарослых, якія дораць дзяцінства
Культура

Юбілей у дарослых, якія дораць дзяцінства

хняяяяЗаўсёды прыемна святкаваць юбілей. І не толькі асабісты, але і агульны. Таму ўрачыстасць з нагоды 30-годдзя адкрыцця дзіцячага сада ў вёсцы Красная Воля прайшла запамінальна. Цяперашні калектыў запрасіў на сустрэчу ўсіх тых, хто ў розныя часы прымаў удзел у працоўных буднях установы, з кім разам давялося пераадольваць цяжкасці і захапляцца поспехамі сваіх выхаванцаў.

…Савецкі час. Калгасы рапартуюць пра высокія надоі і багатыя ўраджаі. А вясковыя дзеці-дашкольнікі прадастаўлены самі сабе. Ці гуляюць на вуліцы без нагляду дарослых, ці бацькі забіраюць іх з сабой на работу. І вось падзея 1984-га – адкрыццё дзіцячага сада. Адна група колькасцю каля 30 чалавек. Усіх жадаючых пакуль прыняць не змаглі. Калектыў з чатырох работнікаў – загадчыца, выхавацель, нянечка і повар. Кожную раніцу некаму з іх трэба хадзіць з бітончыкам на ферму за малаком. А яшчэ займацца праннем бялізны, самастойна выконваць гаспадарчыя абавязкі, часта ездзіць у горад, вырашаючы арганізацыйныя пытанні…
Цяпер пра тыя клопаты яны згадваюць з усмешкай, бо перамены ў сферы дашкольнага выхавання адбылі-ся кардынальныя. Прыгожае памяшканне, зладжаны калектыў, правільна размеркаваныя абавязкі. І асаблівая рыса ў характарах лю-дзей, якія прысвяцілі сябе рабоце з дашкалятамі – дабрынёй свецяцца вочы, мяккі голас, цёплыя і пяшчотныя рукі. Незалежна ад узросту – шчырасць на тварах, бо іначай з малымі немагчыма знайсці разуменне. Было столькі ўспамінаў! Маладзейшыя, хто нарадзіўся ў гэтай вёсцы, некалі самі выхоўваліся тут, а цяпер працуюць у родных сценах.
На сустрэчу сабраліся толькі жанчыны. Здзівілася, няўжо ніколі ў калектыве не было мужчын?
– Былі загадчыкі гаспадаркі. Але прыйсці пасаромеліся, маўляў, трапім у жаночае царства.
А тут сапраўды ўсе выглядалі шыкоўна, як каралевы. І хаця многія цяпер знайшлі сябе ў іншых сферах, час клопатаў пра малых аднавяскоўцаў застаўся светлай старонкай у жыцці. Было столькі ўспамінаў!
Музычную праграму падрыхтавалі работнікі Краснавольскага СДК. Кожнае прывітанне адпавядала адной з катэгорый працаўнікоў з жартоўна перакладзеных песень:
“У садку гуляла, дзяцей збірала,
Усіх любіла і гадавала”… – прысвячалася выхавацелям. Іх памочнікі чулі ў свой адрас: “Нянечка наша, ты чараўніца…” Прыгожыя віншаванні падарылі поварам, прачкам, загадчыкам, музычным кіраўнікам і медработнікам. Усе атрымалі памятныя падарункі, якія будуць доўга нагадваць уладальнікам, што сціплая дзетсадаўская работа не прайшла незаўважана.
З самага адкрыцця ўстановы тут працуе Ніна Раковіч. 30 год яна прысвяціла вёсцы, куды прыехала маладым спецыялістам. З ёй разам пачынала Вікторыя Сыцэвіч, якая потым па сямейных абставінах перайшла выхоўваць дзетвару ў Міжлессе. Жанчыны захавалі сяброўскія адносіны, дзеляцца набыткамі ў прафесійным плане і жыццёвым вопытам.
На імгненне свята ўсіх вярнула ў маладосць. Бо кожны дзень, сустракаючы былых дзетсадаўцаў дарослымі, вастрэй адчуваецца хуткаплыннасць часу. Але ў сэрцах жыве гонар, што менавіта яны дапамаглі новым пакаленням краснавольцаў навучыцца азам граматыкі і першым асновам выхавання.
Заўтрашні ранак прывя-дзе да парога малышоў, якія цікаўна будуць разглядваць цацкі, спалохана трымаючыся за рукі матуль. Але хутка выхавацелі пяшчотна і ўпэўнена завалодаюць увагай дашкалят, каб на доўгія месяцы стаць ім сябрамі і дарадчыкамі. Пачнуцца звычайныя працоўныя будні ў дзіцячым са-дзе…



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть