Юначыя мары забрала вайна
Культура

Юначыя мары забрала вайна

бандарэнкаНам часта родныя і знаёмыя жадаюць пражыць доўгае жыццё. Лічба 90 – гучыць як значнае дасягненне чалавечага лёсу, як асаблівая адзнака на календары. Якія ж яны, уладальнікі дзевяці дзясяткаў год? Ці не стаміліся святкаваць дні нараджэння, ці яшчэ не надакучыла ім сустракаць светлыя ранкі, якіх за такі доўгі адрэзак часу было больш як 30 тысяч?
Марыю БАНДАРЭНКА з Засценка родныя павіншавалі з юбілеем у ліпені. Пажаданні кранулі самыя патаемныя стрункі ў сэрцы жанчыны. Яркай стужкай у памяці прамі-льгнула жыццё, напоўненае рознымі падзеямі, якія сустракаліся на шляху.
Родам Марыя Лукашаўна з Дварца. Першыя светлыя моманты дзяцінства вельмі хутка афарбаваліся ў чорны колер – памерла маці. Не забыцца і праз гады, як страшна было тады ёй, брату і сёстрам перажыць пахаванне самай мілай, самай добрай і ласкавай жанчыны на свеце. Потым боль ніколі не пакідаў сэрца малой, калі суседскія дзеці туліліся да сваіх матуль, а яна сіратліва стаяла ў баку, і слёзы з даўкім камяком падступалі да вачэй. Ім не давялося расці ў вельмі дрэнных умовах толькі дзякуючы клопатам бацькі. Ён, як мог, саграваў маленькія сэрцы цяплом, дбаў пра надзённы кавалачак хлеба.
Паступова дзеці падраслі, але тут усе спадзяванні на лепшую долю зруйнавала вайна. Гэта невыносна цяжка, калі ў юначыя мары пра шчасце ўрываецца голад і нястача, беззаконнасць і горыч ад бяссілля. У 1942-ім Марыя трапіла ў спісы моладзі, якую прымусова вывозілі ў Нямеччыну.
На доўгія тры гады давялося развітацца і з вольным жыццём, нястомна праліваць пот, працуючы на чужой ся-дзібе. Жыла ў маленькім халодным пакойчыку. Падаіць, накарміць, прыбраць ранкам за жывёлай, а потым увесь дзень да позняга вечара гнуцца на полі. Выхадных не было, штодзённая занятасць і сум па Радзіме прымушалі адчуваць прыгнечанасць і горыч. Выратавалі працавітасць і вытрымка, да якіх дзяўчына прызвычаілася з дзяцінства.
Вызваленне прынеслі французы. Да дому ехала тыднямі. Бывала садзілася зверху на вагоне.
Марыя і яе равеснікі сваё юнацтва аддалі вайне. У старасці за здзекі на чужыне прыйдзе грашовая кампенсацыя, але ці можна ёю адкупіцца за знішчаную маладосць?
Марачы пра асабістае шчасце,
дзяўчына неўзабаве сустрэла юнака з хутара Яварова, што каля Засценка. Без шумнага вяселля пачалося іх сумеснае жыццё. Не да святаў было ў той час. Пераехала жыць у дом мужа.
Тут, сярод зараснікаў і балот, яна стала жонкай і маці. Толькі бязмежная радасць ад немаўляткі-першынца была нядоўгай. У годзік Танечка памерла.
На шчасце, праз некаторы час, звонкія галасы напоўнілі хату радасцю. Адно за адным паявіліся на свет яшчэ васьмёра дзяцей. Тады жыццё ўвайшло ў сваё рэчышча – малыя дружна раслі, сустракаючы новы дзень звычайнымі клопатамі, якія ёсць у кожнай вялікай сям’і. Старэйшыя дапамагалі гадаваць малодшых, не цураліся працы. Хаця стол не быў перапоўнены асаб-лівымі прысмакамі, але сваёй агародніны мелася ўдосталь. А яшчэ свінні, куры і некалькі кароў на падворку забяспечвалі ўсіх смачнай і карыснай ежай. Каня выкарыстоўвалі для перавозкі грузаў і ўзворвання зямлі.
Працавалі ў калгасе. Марыя Лукашаўна была даяркай і паляводам. У Засценак пераехалі ў новую хату. Зараз яна здаецца маленькай, а тады ўмяшчаліся вялікай сям’ёй. І не думалася нават, што можна мець большыя выгоды. З вокнаў на вёску разносіліся песні і жарты маладых, больш сцішаныя галасы старэйшых.
Але лёс непрадказальны. Калі падумалася, што ўсе страты і цяжкасці мінулі, бяда зноў пастукалася на парог. У 14 год памёр сын Міхаіл…
Разам яны адолелі гора, але адбітак суму назаўсёды застаўся ў вачах маці. Потым памерла дачка Ніна, пакінуўшы сіратой маленькага Алега. У хлапчука не было і бацькі, таму замяніўшы ўнуку самых родных людзей, Марыя Лукашаўна імкнулася аддаць яму ўсю любоў і пяшчоту. Сама расла сіратой, згадваўся той даўкі камяк у горле, калі іншых малых цалавалі бацькі…
Так, паступова пераадольваючы нягоды, прыйшоў пенсійны ўзрост. Дзеці раз’ехаліся ў свае жыццёвыя дарогі. Яны з мужам засталіся чакаць маладых у госці, сустракаць унукаў, зяцёў і нявестак. Ціхая старасць сярод вясковай размеранасці дадавала сэрцу спакою. Але хутка жанчыне наканавана было застацца ўдавой – Канстанцін Вікенцьевіч памёр амаль 20 год таму…
Цяпер адзінота пасялілася ў хаце
разам з гаспадыняй. Не мае магчымасці часта адведваць маці сын Канстанцін, які жыве на Далёкім Усходзе. Люба і Рая апынуліся ў Бабруйску, Саша – у Маладзечна, Васіль – у Рэчыцы. Усе яны імкнуцца не пакідаць матулю без увагі, але вялікая адлегласць не дазваляе бачыцца часта. Бліжэй за ўсіх, у Міжлессі, жыве Алег, унук, які рос сіратой. Цяпер у яго – жонка і трое дзяцей. Разам забяспечваюць бабулю ўсім неабходным. Зусім нядаўна ў хату Марыі Лукашаўны зноў прыйшла горкая вестка – у Расіі памёр сын Мікалай…
За сцяной стары конскі воз разбураецца ад сонца і дажджу, знішчаючы нечыю ручную карпатлівую працу. Маленькія кацяняты грукочуць па столі і ганку, пачынаючы свае немудрагелістыя гульні. На сценах – фотаздымкі юнакоў і дзяўчат, знятыя ў самыя розныя моманты жыцця. Навокал – зеляніна, спакой, цішыня.
90-гадовая юбілярка чакае суседак, у гамонцы з якімі весялей мінае дзень. Невысокая хударлявая жанчына, яна часам скардзіцца на шум у галаве, але з паўсядзённымі абавязкамі пакуль спраўляецца сама. На святы вызвалення атрымлівае падарункі за пакуты, якія выпалі ў вайну. А слухаючы віншаванні па радыё, адзначае: мала пражыць доўгае жыцце, трэба яшчэ і шчаслівае.
На развітанне я шчыра павіншавала былога вязня фашызму Марыю Лукашаўну з адметным юбілеем. І ў вачах гэтай мужнай жанчыны заўважыла цяпло і любоў да ўсяго жывога на свеце. Хочацца пажадаць, каб сонца яшчэ доўга ўсміхалася ў хате, дзе цягнецца гісторыя сям’і, роду, Радзімы.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть