Культура

З марай пра мора

турция

З маленства, толькі-толькі пачынаючы пазнаваць свет, мы прагнем нечага далёкага і нязведанага. Часам імкнемся быць падобнымі на каго са знаёмых, здараецца, шукаем нешта аднолькавае з героямі любімых кніг або кінафільмаў.

Сталасць часта кардынальна мяняе дзіцячыя мары і ў’яўленні, а тыя першыя жаданні назаўсёды застаюцца няздзейсненымі.

Але здараецца і зусім іначай…

У цяперашняй жыхаркі Стамбула Валянціны КАРАДАГ дзяцінства было зусім звычайнае. Яна нарадзілася на Лунінеччыне ў мнагадзетнай сям’і, жыла на аддаленым хутары. З вадаёмаў побач была толькі невялікая рачулка, якая летам перасыхала наогул. Але гэта не перашкаджала малой марыць пра мора. І хацелася не толькі ўбачыць бязмежныя водныя прасторы, а жыць там пастаянна.

Быў савецкі час, ніхто са знаёмых дзяўчынкі не ездзіў у далёкія падарожжы. Таму і яна не імкнулася пабачыць вялікі свет, глыбока ў сэрцы схаваўшы жаданні пра невядомае. Закончыла школу, выйшла замуж, нарадзіла сына і дачку. Здавалася б, усё склалася, заставалася толькі дбаць пра дабрабыт сям’і, зрэдку ўздыхаючы ад няспраўджанага.

Але прыйшлі нечаканыя перамены. Адносіны ў сям’і разладзіліся, жанчына пера-ехала жыць у Барысаў. Той перыяд быў занадта цяжкі для ўсіх. Неўзабаве Валянціна пазнаёмілася з Сабры – ура-джэнцам і жыхаром Турцыі, які працаваў на беларускай будоўлі ад вядомай замежнай фірмы. Яго кантракт цягнуўся яшчэ тры гады, за якія мужчына і жанчына ўпэўніліся ў трываласці сваіх адносін, таму ў далёкую краіну накіраваліся разам.

А непадалёку было мора! Побач з домам, як у дзіцячай мары. Жанчыне вельмі спадабалася новая мясцовасць. Яна засталася жыць тут і пастаянна любавацца незнаёмымі краявідамі, да якіх паступова прывыкла, як да родных. З таго часу мінуў 21 год. Нарадзіліся сыны Таркан і Рыдван: адзін заканчвае школу, другі атрымлівае спецыяльнасць мытніка. Хлопцы ведаюць словы на матулінай роднай мове, бо часта разам з бацькамі прыязджаюць у Беларусь. Тут жывуць старэйшыя брат і сястра, якія таксама часта гасцююць у Турцыі разам са сваімі сем’ямі.

Валянціна і Сабры добра разумеюць адзін аднаго, ха-ця спачатку цяжка было асвойваць незнаёмую гутарку і нацыянальныя звычаі для абодвух. Больш дасканала турэцкую ведае жонка, бо пастаянна жывуць там, а на Палессі бываюць толькі наездамі. Але асноўныя мясцовыя назвы і тэрміны даўно вядомы і яму.

Увесь час у далёкай краіне былую беларуску супакойвае шум хваляў. Ціхіх, павольных, ледзь бачных на роўнай гладзі. Ці рэзкіх і парывістых, з белай густой пенай каля ўзбярэжжа пад павевамі моцнага ветру. Мора мае свой неаднолькавы настрой – калі лёгкае і спакойнае, іншы раз зусім непрадказальнае і незразумелае. Але такое блізкае жаночаму сэрцу…



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть