Культура

За лецейкам восень прыйшла

осеньЗдаецца, яшчэ нядаўна святкавалі Спас, а ўжо лецейка пайшло ад нас. А разам з ім пакінулі родныя мясціны буслы. Да наступнай вясны апусцелі іх гнёзды – паляцелі даўганогія птушкі ў вырай. Перад адлётам яны часта спускаліся на сваю буслянку. Аблюбаванымі месцамі заставаліся сенажаці ды поймы ракі. Бывала, збіраліся ў чароды: старыя – у адзін гурт, маладыя –  паасобку. Клекаталі трывожна ці шыпелі, быццам вужакі.

Асмялелі каршуны. Цэлымі днямі робяць налёты на падворкі, дзе падрос маладняк курэй, гусянят ды качак. Як ні ратуйся ад драпежнікаў, не-не ды і не далічышся свойскіх птушак. Не даюць спакою драпежнікам і вароны. Бывае, гуртам наляцяць на каршуна і спрабуюць скубануць дзюбамі. Ды што з таго, юркне той у густую крону раскідзістага дуба і ведай яго.

Надыход восені прадказвалі віртуозы-ластаўкі. Пакінулі яны па-майстэрску зробленыя гнёзды, мякка ўсланыя пер’ем. Больш не носяцца роем у бязвоблачным небе, не ўладкоўваюцца чародамі на электрычных правадах.

Імкліва бяжыць час, штодня запавольваючы свой бег, павялічваючы цемру. Цяпер ранкі святлеюць намнога пазней. А якія яны! Росныя, з кропелькамі-бусінкамі на пажоўклай траве. Здараецца і надта цёплыя, і вельмі халодныя, быццам глыбокай восенню. Ва ўсю ўладараць туманы, надоўга завісаючы над ціхай гладдзю ракі, над азёрамі. Нячутна сцелюцца над ні-зінамі, заросшымі канавамі, дзе плаваюць вывадкі дзікіх качак.

Духмяна пахне на градках кроп. На яго сцяблінах з даспелым насеннем развесілі тоненькія сетачкі павучкі. Падаюць долу сакавітыя яблыкі і грушы, над якімі роем кружаць восы. А наляціць аднекуль вецер і сыплюцца на зямлю лісточкі. На беластволых бярозках яны пажоўклі і цяпер пазалотай аддаюць на сонейку. Пад цяжарам спелых зярнятак нахіліў  долу шапкі сланечнік. Здаецца, не так даўно за мёдам прыляталі сюды пчолкі ды чмялі, цяпер на яго робяць набегі сінічкі-непаседы ды тоўстадзюбыя вераб’і. На вачах лускаюць семкі, кідаючы лушпінне.

Палымнеюць у лясах верасы, на балотах наліваюцца чырванню журавіны. Аматары ціхага палявання з кошыкамі ў руках па высокаму разнатраўю блукаюць у пошуках баравікоў, чырвонагаловікаў, сыраежак… Цешаць вока сямейкі лісічак – чародкамі жаўцеюць яны сярод зялёнага моху.

Не чуваць болей звонкіх і меладычных галасоў шпакоў. Выводзяць яны сумныя трывожныя напевы. А на падворках тым часам квітнеюць ружы ды геаргіны, радуюць вока суквецці гладыёлусаў і хрызантэм. Усяму свой час – восень павольна ўступае ў свае правы.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть