“За што я люблю сваю вёску”
Культура

“За што я люблю сваю вёску”

пружаныВыязное пасяджэнне праўлення абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” на гэты раз сабрала актывістаў жаночага руху ў Пружанах. Мерапрыемства было прысвечана Году гасціннасці.
Дэлегацыю вітаў старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Сяркоў. Кіраўнік раёна захоплена расказаў пра сённяшні дзень і перспектывы развіцця ўзначальваемага ім рэгіёна. Аповяд пра Пружаншчыну турыстычную працягнуў намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Кудравец. Яго словы дапоўнілі яскравыя слайды.
Зрэшты, упэўніцца ў прыгажосці і плённай рабоце па захаванню і прымнажэнню гістарычнай спадчыны ўнікальнага рэгіёна жанчыны змаглі на свае вочы. Першым прыпынкам невялікай аўтамабільнай экскурсіі па старажытным горадзе стаў Палац воднага спорту – сведчанне клопату дзяржавы пра здароўе нацыі. Тут нам расказалі не столькі пра тое, як аб’екту сацыяльна-культурнага прызначэння ўдаецца выжываць у сённяшніх няпростых эканамічных умовах, колькі пра знаходкі работнікаў палаца ў справе далучэння да здаровага ладу жыцця як мага большага кола жыхароў Пружаншчыны. І гэта пры тым, што ў раёне 7 басейнаў! Апраўдала сябе сістэма скідак для дзетвары і людзей пажылога ўзросту. Па словах кіраўніка, атрымаць асалоду ад аздараўленчых водных працэдур у Пружаны прыязджаюць шматлікія наведвальнікі з суседніх раёнаў.
Парадавала ўменне работнікаў Палаца знайсці ўдалае прымяненне кожнаму свабоднаму квадратнаму метру плошчы. Побач са звычнымі трэнажорнай залай і більярдам знайшлі месца настольныя гульні накшталт футбола і хакея. Не пакрыўджаны аматары пінг-понга: у фае ўстаноўлены некалькі сталоў для настольнага тэнісу.
Наведалі госці грамадска-культурны цэнтр “Мікалаеўскі” аграгарадка “Жураўлінае”, турыстычны комплекс “Белавежтур”, а завяршылі паездку ў Клепачах. Аграгарадкі пакінулі светлае ўражанне, парадавалі дагледжанымі аб’ектамі сацыяльна-культурнага прызначэння і таленавітымі людзьмі, якія там жывуць і працуюць.
У выніку актывісты ГА “Беларускі саюз жанчын” былі аднадушнымі ў тым, што на Пружаншчыне Год гасціннасці стане новай старонкай багатай гісторыі краю. Самы зацікаўлены ўдзел у гэтай справе бяруць члены раённай жаночай арганізацыі. Не застаюцца яны ўбаку ад шматлікіх дабрачынных акцый, падтрымліваюць асветніцкую дзейнасць, аматарскую творчасць, адным словам – садзейнічаюць прыцягненню ў раён турыстаў.
Паўдзельнічаць у высакароднай справе папулярызацыі культуры Беларусі, яе вясковага побыту вырашыла і рэспубліканскае праўленне ГА “Беларускі саюз жанчын”. Разам з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь вырашана правесці творчы конкурс сярод школьнікаў 8-11 класаў “За што я люблю сваю вёску”. Трэба спадзявацца, што вучні і нашых школ прымуць у ім самы актыўны ўдзел, каб шчырым словам распавесці пра тое, што і на Лунінеччыне шмат слынных мясцін, адметных вёсак, таленавітых людзей, якія нястомнай працай ладзяць сённяшні дзень малой радзімы.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть