Зайдзіце за кнігай, зазірніце ў музей – дарослых парадуюць тут і дзяцей!
Культура

Зайдзіце за кнігай, зазірніце ў музей – дарослых парадуюць тут і дзяцей!

музейІнтэрнэт трывала ўвайшоў у наша жыццё, адцясніўшы на другі план многія патрэбныя рэчы. Але, на шчасце, не змог гэтага зрабіць з найвялікшым дасягненнем чалавецтва – друкаванай кнігай. З якім задавальненнем перагортваюцца старонкі ў цвёрдым пераплёце! І колькі страчвае той, хто грэбуе даступнай магчымасцю: накрыцца цёплым пледам, паставіць побач кубачак кавы і разгарнуць цікавую непрачытаную кнігу.
У любой бібліятэцы можна знайсці літаратуру па душы. А яшчэ лепш, калі гаспадыня кніжнага царства – зацікаўлены і адданы сваёй справе чалавек, які параіць і дапаможа ў выбары. Такой з’яўляецца Ніна Гарагляд, бібліятэкар у Вульцы 2 з 34-гадовым стажам працы. Яна не толькі выдае чытачу патрэбны экзэмпляр, але імкнецца расказаць пра гістарычную спадчыну, традыцыі роднай зямлі, прывіць любоў да Радзімы.
Бібліятэкар праводзіць пошукавую і даследчую дзейнасць аб роднай вёсцы і навакольных Добрай Волі і Галым Бары, збірае фальклорны матэрыял, распавядае пра знакамітых землякоў.
Падборка “Дарагая мая Лунінеччына” расказвае пра асаблівасці роднага краю, “З глыбінь сівой даўніны” – пра мясцовыя назвы. “Запытаем, падумаем, адгадаем” – прыказкі, прымаўкі і загадкі, якія часта ўжываюцца ў абыходзе мясцовых жыхароў. Многа выстаў-панарам і экскурсаў падрыхтавана ў бібліятэцы. Для дзіцячага садка праводзяцца святы, для школьнікаў – гістарычныя ўрокі. Яшчэ працуе аматарскае аб’яднанне “Зялёны патруль”, якое заклікае берагчы прыроду. Галоўная задача – зацікавіць чытачоў, асабліва школьнікаў, каб тыя з задавальненнем супрацоўнічалі і знаходзілі патрэбны матэрыял.
Ніна Сцяпанаўна ініцыявала збор экспанатаў для музея этнаграфіі і вясковага побыту, які створаны пры бібліятэцы. Тут адразу трапляеш у таямнічую даўніну. Хочацца дакрануцца да кожнай рэчы, адчуць атмасферу таго самабытнага вясковага жыцця, цяпло рук нашых продкаў. Назвы даўніх прылад будуць незразумелыя сучаснікам: ніт, верацяно, бэрда, вярстат, вараціла – усё неабходнае для вырабу даматканай тканіны. Цяжка паверыць, што ўсяго паўстагоддзя таму гэтыя малавядомыя рэчы былі абавязковымі ў кожнай хаце.
Знайшлося месца і для іншых гістарычных сведчанняў. Вось лапата, якою ў печ саджалі хлеб; цэп, якім малацілі жыта; качалка – прататып сучаснага праса. Цікава, як усё гэта выглядае ў прадстаўленні дзяцей, што бываюць тут часцей за дарослых? Больш зразумелымі зіхацяць рознакаляровыя вышыванкі гладдзю і крыжыкам. Гэта ручнікі і настольніцы, фіранкі і прасціны. Прыцягваюць увагу рэчы, звязаныя кручком і драўляныя вырабы сучаснага майстра. Учора і сёння змясцілася ў музеі агульнай старонкай мясцовага жыцця, стварыўшы казачную таямнічасць.
Прыгажосць і ўтульнасць пануе ў памяшканні бібліятэкі. Якія б эканамічныя крызісы ці прыродныя катаклізмы не калацілі чалавецтва, кнігі на паліцах ціхенька чакаюць свайго чытача, нібы разумеючы нашу паўсядзённую занятасць. Яны дапамогуць у працы, аблегчаць доўгае чаканне, падораць карысны адпачынак. Іх цярпенне ў нечым супакойвае і нас, дадаючы мудрасці і разважлівасці.

З музеем жыве таямнічае штосьці –
Нібыта мінулае просіцца ў госці.
Бабуліны бачацца нам далягляды,
Занятыя справай ручныя прылады:
Як воўна прадзецца раўнюткаю ніткай –
Вайна і галеча з сялянскаю жыткай.
На ткацкім станку завіхаецца маці,
Няма электрычнасці, цёмна ў хаце…
І вопратка грубая, нават не гнецца,
Але дзетвара ў ёй задорна смяецца.
Не мерзнуць у лапці абутыя ногі –
Шукаючы шчасця, ірвуцца ў дарогу…
Дзяўчаты шчыруюць каля вышыванкі,
Аздобілі ўжо ручнікі і фіранкі,
З прыпеўкамі, жартамі ладзяць вячоркі,
Душа замірае ад дзіўнай гаворкі.
З багацця – каса пад хусцінкай прастою,
Ды поўніцца сэрца цяплом і спакоем.
І радуе цяжкая праца ў полі –
Не марылі нават пра лепшую долю…
Іх лёсы з мінулага, радасць, надзею
Захоўвае слаўная веліч музея.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть