Культура

“Залётная ПТУШКА”

І.
Апошнія промні вераснёўскага сонца цяплом абагравалі бялюткія, як малако, сцены бальнічнай палаты. Дзяўчына, якую прывезлі два дні таму, ляжала на ложку, так і не прыходзячы ў прытомнасць. Толькі на трэці дзень яе сухія вусны прашапталі амаль бязгучнае: “Пі-і-іць…”.
Сястрычка, якая дзяжурыла ў палаце, прыўзняла бязвольнае цела і паднесла кубак да губ. Дзяўчына зрабіла некалькі глыткоў – і зноў страціла прытомнасць. Праз некаторы час, калі, нарэшце, стала прыходзіць у сябе, пачалі наплываць тыя жудасныя і страшныя ўспаміны. Перапоўненая машына, коўзкі асфальт, моцны ўдар, невыносны боль і… чорная бездань.
…Яна застагнала. Скрозь гудзенне ў галаве, што не сціхала ні на імгненне, пачула ціхі голас:
– Бедная дзяўчына… Такая маладая, такая прыгожая, а ўжо…
– Можа, абыдзецца, можа, вылячаць, – адказаў нехта другі.
“Пра каго гэта яны?” – падумала Галіна. І раптам – як трапны ўдар: “Госпадзі, дык гэта ж, пэўна, пра мяне!”. Яна хацела прыўзняцца, але цела не слухалася. “Няўжо так будзе заўсёды? Ці наогул памру?” – жудасныя думкі зусім пазбавілі сіл.
ІІ.
Школа. Выпускны. Усе аднакласнікі раз’ехаліся, хто куды. Вучаніцай Галіна спявала, танцавала, была вядучай ці не кожнага школьнага вечара. “Артыстка, дый годзе”, – гаварылі навакольныя. Ёй зычылі шчаслівую будучыню. У раёне ведалі мастацкія здольнасці вясковай дзяўчыны, далі накіраванне ва ўніверсітэт культуры. Яна лёгка паступіла, добра вучылася. Вярнуўшыся на малую радзіму, адразу атрымала пасаду кіраўніка СДК у роднай вёсцы. Малады спецыяліст наладзіла цікавае культурнае жыццё. Спрыялі энергія маладосці, талент, жаданне шчыраваць дзеля землякоў. За год зрабіла больш, чым за тры – чатыры яе папярэднікі. Закіпела работа ў гуртках, сталі ладзіцца цікавыя вечары адпачынку моладзі. Паступова вёска адчула, што ў цэнтры культуры паявілася сапраўдная гаспадыня.
ІІІ.
Лагодным майскім днём, калі квітнелі сады і паветра было насычана цудоўным водарам, да яе забегла ўсхваляваная сяброўка. Марыя з парога радасна паведаміла:
– Галка, якія хлопцы да нас прыехалі! Яны будуць рамантаваць мост праз рэчку. Сказалі, што застаюцца на ўсё лета. Пазнаёмілася ўжо з імі, запрасіла на танцы!
У суботу і Галіна вітала новых наведвальнікаў СДК. З адным госцем вёскі завязаліся асабліва блізкія адносіны. Ураджэнец Гомельшчыны, Іван з першага погляду прыцягваў увагу: высокі, шыракаплечы, лагодны. Яна трымцела пры адным прыгадванні хлопца. Аб сустрэчах словамі не раскажаш – сапраўдная песня! Тры цёплыя, светлыя і радасныя месяцы праляцелі, як адно імгненне.
Закаханыя не хавалі сваіх шчаслівых вачэй. Старыя вяскоўцы папярэджвалі: “Не заляцайся, ён не тутэйшы”. Сяброўкі таксама засцерагалі: “Галка, хлопец – “залётная птушка”. Закончаць сезоннікі працу – пераедуць на іншае месца прызначэння. Іван твой хутка забудзе пра цябе”. У адказ Галіна толькі ўсміхалася. Разам з Іванам марылі, будавалі планы на будучыню…
IV.
Раптам гэтае здарэнне… Горкі камяк падступіў да горла. Душу ахінула цемра. Перажыванні за-хліствалі, нібыта хвалі. У тую трывожную ноч яна не магла заснуць. У памяці, як адно імгненне, пранесліся ўсе цёплыя, светлыя, жаданыя сустрэчы з Іванам.
Пахмурная раніца абвяшчала такі ж шэры дзень. Раптам дзверы палаты ціхенька адчыніліся. Праз слёзы Галіна ледзь пазнала знаёмую постаць. І зноў ледзь не страціла прытомнасць, пачуўшы ласкавае вітанне Івана: “Дзень добры…”.
Толькі калі адчула сваю руку ў яго моцнай далоні, знайшла сілы спытаць:
– Хіба ваша брыгада яшчэ не паехала?
– Усе паехалі.
– А ты?
– Застаўся…
Максім КАЗУН. в. Вічын.  
   
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть