Культура

Згадаем страчаных

Зноў сумная восень паступова блізіцца да свайго завяршэння. Хмурае неба і начныя замаразкі міжволі выклікаюць маркоту. У гэтыя змрочныя дні прынята згадваць тых, хто пакінуў гэты свет і зараз з небыцця, здаецца, нагадвае пра сябе лёгкім подыхам ветру. На Дзяды мы памінаем блізкіх…
Так балюча страчваць сваіх родных. Але жорсткасць жыцця зноў і зноў прымушае нас змірыцца з рэчаіснасцю і адпускаць дарагіх сэрцу людзей. Самыя розныя прычыны прыво-дзяць да страт, але ў любым выпадку лягчэй ад гэтага не становіцца…
Вяночак на дрэве, дзе зусім нядаўна адбылася страшная трагедыя, зноў нагадвае пра далікатнасць жыцця. Зусім выпадкова, будучы пасажырам у машыне знаёмага, тут скончылася жыццёвая дарога маладога юнака Віктара. Ён проста ехаў нейкія дзесяць кіламетраў да суседняй вёскі, спяшаўся хутчэй вырашыць свае справы… Па віне вадзіцеля хлопец назаўсёды застанецца толькі ва ўспамінах родных. Больш ніколі не ўсміхнецца і не адклікнецца на прывітанне. Той, хто дапусціў парушэнне правілаў дарожнага руху, панёс заслужанае пакаранне, але цяжар не знікае. Маці страціла сына, без каханага засталася маладая дзяўчына, браты схілілі галовы над свежай магілай… Адзін недарэчны момант зруйнаваў лад і спакой цэлага роду, доўга яшчэ боль не пакіне растрывожаныя сэрцы.
Юнак быў добрым. Гэту асаблівую рысу, не надта частую ў нашым грамадстве, ён дарыў акружаючым, дапамагаючы ў самых розных жыццёвых сітуацыях. Да яго звярталіся з просьбамі аб дапамозе, і ён не адмаўляў. Шукалі парады – ён знаходзіў правільнае рашэнне. Ад яго заўсёды веяла спакоем, хацелася зноў сустрэцца з позіркам ясных вачэй і ціхім голасам.
Жахлівыя хвіліны пахавання, труна апускаецца ў зямлю, каб назаўсёды накрыць тоўстым слоем пяску мары і спадзяванні маладога чалавека. Слёзы міжволі наварочваюцца на вейкі, сум, горыч, боль…
Лёс Віктара – маленькая часцінка сусвету. Кожны дзень страты перапаўняюць сэрцы людзей. Так упарадкавана жыццё, і нічога не перайначыць. Але ў нас застаецца Памяць. Гэта цудоўная магчымасць не забываць пра ўсіх, хто пайшоў, пра тых, хто дарагі нашаму сэрцу. Неабходна знайсці ў паўсядзённых клопатах час для ўспамінаў, вярнуцца думкамі туды, дзе цеплілася радасць нашых продкаў і сяброў.
Для гэтага ёсць асаблівы дзень памінання – Дзяды – калі мы згадваем пра нябожчыкаў, просім у іх прабачэння. Ніхто не вечны, але пакуль наша зорка ззяе на небасхіле, неабходна памятаць аб усіх. Каб там, за рысай небыцця, куды пайшлі нашы родныя, яны ведалі пра шчырыя пачуцці жывых.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть