Культура

Жыцця асаблівы талент

семья из ЛахвыГэта сёння ў яе шчаслівая сям’я. Штораніцы са словамі “Прывітанне, мама” на яе глядзяць восем маленькіх вачанятак, а ледзь не кожную хвіліну даводзіцца адказваць на тысячу “чаму?” Асаблівае пачуццё жаночай уладкаванасці прыходзіць у той час, калі самы старэйшы сынок прыязджае з Мінска на выхадныя. Толькі яе памяць хавае цану, якой далося простае шчасце…

Жыхаркай Лахвы Алена АКІНЧЫЦ стала, калі выйшла замуж за мясцовага хлопца. Вырасла ж побач – у суседнім Перунова. Разам з братам рана засталіся сіротамі. Цяжкая праца была знаёма не па чутках. Тым не менш, дзяўчынка не страціла прагі да вучобы. Неўзабаве атрымала спецыяльнасць медсястры ў Баранавіцкім медвучылішчы. Першая спроба займець уласную сям’ю аказалася няўдалай. З двухгадовым Дзімкам яна засталася адна. Ні тады, ні сёння Алена Антонаўна не скардзіцца на свой лёс, не перастаючы сцвярджаць: “На ўсё воля Усявышняга!”. Значыць, трэба было перажыць боль і страх, каб узамен атрымаць радасць і шчасце. Міхаіл Станіслававіч – цудоўны муж, клапатлівы бацька, добры гаспадар. Некалькі год таму Акінчыцы ўзялі крэдыт на рэканструкцыю дома. Неўзабаве на месцы былога зруба вырас сучасны дом, які паступова напоўніўся дзіцячым смехам.

Дзмітрый вырас, стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Ён не так часта, як хацелася б, прыязджае дамоў. Малодшыя сумуюць па старэйшаму брату. Затое як задаволены кожнай сустрэчай! 12 год споўнілася Іне. Сур’ёзныя праблемы са здароўем перашкодзілі дзяўчынцы адчуць сапраўдную радасць дзяцінства. Рэанімацыя, бальніцы, гемадыялізы – здавалася, гэта не скончыцца ніколі.

З апошняй надзеяй Алена і Міхаіл пайшлі ў царкву. Балазе, у Лахве ёсць храм Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Яго настаяцель паспавядаў малышку, прычасціў. Напэўна, такой гарачай і пранікнёнай была малітва Акінчыцыў, што дачушка стала папраўляцца. З той пары кожную нядзелю ўся сям’я імкнецца наведваць богаслужэнні. Цяпер Іна нічым не адрозніваецца ад сваіх равеснікаў. Хаця і вучыцца дзяўчынка на даму, у яе дзённіку стаяць толькі дзявяткі і дзясяткі. А якую прыгожую і доўгую касу яна носіць!

Стараецца не саступаць сястры ў паспяховасці трэцякласнік Серафім. Яго  розуму падуладныя любыя канструктары і камп’ютарныя гульні. Спакойны хлопчык, ён не дастаўляў бацькам асаблівых цяжкасцей. Чаго не скажаш пра пагодкаў Антошку і Лілю. Яму – 3 гады, ёй – 2. Гэтых без нагляду не пакінеш ні на хвіліну! Сёлета сям’і прапанавалі толькі адно месца ў дзіцячым садку, таму Акінчыцы вырашылі крыху пачакаць, каб у наступным годзе малышы пайшлі ўжо разам. Дарэчы, самая малодшая дачушка стала 7-мільярдным жыхаром нашай планеты, што пацверджана адпаведным сертыфікатам. Дакумент беражліва захоўваецца ў сямейным серванце – побач з фотаздымкамі дзетак, іх граматамі і пахвальнымі лістамі.

У кожным пакоі вялікага і ўтульнага дома можна ўбачыць куточкі з іконамі. Вера дапамагае спраўляцца са шматлікімі праблемамі ў жыцці. Не так даўно Міхаіл Станіслававіч перанёс цяжкую аперацыю. Разумеючы, што пенсіі па інваліднасці не хопіць, каб пракарміць сям’ю, Алена Антонаўна памянялася з мужам ролямі: ён пайшоў у “дэкрэтны” водпуск, яна – выйшла на работу ў бальніцу сястрынскага догляду, што функцыянуе на базе былой чыгуначнай. Зменны працоўны графік унёс карэктывы ў прывычнае жыццё. Цяпер немалая гаспадарка лягла на плечы гаспадара. А завіхацца тут ёсць каля чаго. Каровы, козы, свінні, гусі, качкі, індыкі, куры і іншая жыўнасць патрабуюць увагі і клопату. Старання чакае і зямельны надзел. З ранняй вясны да позняй восені зіхаціць двор Акінчыцаў яркім рознаквеццем. Калі ж Міхаіл Станіслававіч знаходзіць вольную хвіліну, то імкнецца на прыроду. Заўзяты рыбак, яшчэ ні разу не вярнуўся дамоў без улову. Ды прыгатаваць смачныя стравы можа не горш за жонку (запечаныя ў рускай печы карпы былі вышэй усялякіх пахвал – Н.П.). Так што, дарэмна Алена Антонаўна перажывае: яе дзеткі будуць заўсёды накормлены. Галоўнае, каб не хварэлі.

Сёлета А.А. Акінчыц прадстаўлена да вышэйшай узнагароды за мацярынства – Ордэна маці. Калі мы развітваліся, міжволі думалі: ці можна лічыць нараджэнне і выхаванне дзяцей асаблівым талентам? Не толькі можна – патрэбна! Толькі мама з уласцівымі ёй цярплівасцю, мудрасцю і дараваннем любых памылак будзе любіць сваіх крывіначак бязмежна і бясконца.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть