Культура

Жыта – ад слова “жыць!”

Зноў на вуліцы вясна. Халодная раніца змяняецца цёплым паўдзённым сонцам. Вецер больш не палохае вострым казытаннем, а лагодна песціць вусны. Шпакі з прысвістам расказваюць пра сваё зімовае падарожжа, вераб’і з моцным шчабятаннем ваююць з імі за абжытыя гнёзды.
На месцы былога снежнага покрыву – шэрая прастора з сухімі травінкамі і апалым мінулагоднім лісцем. Голыя галінкі бяроз і алешын, першыя “коцікі” на кусціках вербалозу. Нібыта зямля яшчэ не прачнулася, па-сапраўднаму не адчула вясну.
Але сярод звыклага пейзажу вылучаюцца ярка-зялёныя плямінкі – асаблівыя, насычаныя. Гэта пасевы азі-мага жыта. Яны такія светлыя, што немагчыма адарваць позірк ад раўнюткай сакавітай нівы. Тоненькія жывыя ўсходы, сагрэтыя першымі промнямі сонца, імкнуцца ў рост, убіраючы ў сябе веснавую вільгаць. Іх прыгажосць на фоне агульнай панарамы мае асаблівае значэнне. Гэта – сімвал жыцця, знак таго, што хлеб прыйдзе на наш стол своечасова.
Калі ў вас дрэнны настрой ці турбуюць нейкія непрыемнасці, проста звярніце ўвагу на жытнёвае поле паўз дарогу, прыгледзьцеся, як былінка змагаецца з холадам і ветрам і імкнецца да сонца. На сэрцы адразу стане лягчэй, адчуецца яднанне з прыродай. Пацяплеюць не толькі абветраныя далоні, але і позірк, і думкі.
А жыта расце. Хутка сцяблінка пацвярдзее і з сярэдзінкі, напоены гаючай сілай зямлі, узнімецца каласок, каб накарміць нас духмяным караваем і апраўдаць сваю велічную назву – “жыта” – ад слова “жыць”!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть