Культура

Зёлкавае ПАВЕТРА РАДЗІМЫ

“Той, хто здолеў вырасціць два каласкі там, дзе рос адзін, дзве былінкі травы там, дзе расла адна, заслужыў бы ўдзячнасць усяго чалавецтва, аказаў бы паслугу сваёй краіне”. Такую думку выказваў вядомы пісьменнік Д. Свіфт.

Прырода шчодра адарыла нашу зямлю лясамі, лугамі, мудрагелістай мазаікай азёр. Зямля і вада – вечная ўзаемасувязь, вечнае адзінства. Яно цудоўнае тады, калі ёсць трэці элемент – лес. Створаны самой прыродай, каб укрываць зямлю, берагчы яе ад сушэння вятрамі, размыву дажджамі і паводкамі, ваду – ад замутнення, захоўваць яе чысціню, рабіць яе жывой. Лес іграе вялікую ролю ў стварэнні глебы. Глыбокія драўняныя карані бяруць з грунту сілкуючыя рэчывы і, разам з лісцем і ігліцай, аддаюць іх травам і кустам, ствараюць высакародную глебу – кормяць усё жывое вакол сябе. Лясны подсціл усмоктвае дажджавую і талую ваду і павольна аддае яе грунту, поіць рэкі і азёры крынічнай вадой. Лес захоўвае іх чысціню і паўнаводнасць. Ён надае асаблівую прыгажосць мясцоваму пейзажу. Наша Брэстчына – край ураджайных раўнін і зеляніны. Нашы пушчы, старажытныя лясы і сасновыя бары – непаўторная прыгажосць. На благадатнай палескай зямлі мора кветак, а паветра здаецца мядовым. Мітусяцца пчолкі і шмялі, матылькі – паўлінавае вока, бялянкі, перламутраўкі, занесеныя ў Чырвоную кнігу адмірал і махаон. На сухіх пясках, у нізінах, асабліва на берагах азёр, расце ядловец, надаючы непаўторны каларыт пейзажу. Ён выдзяляе дабратворныя для чалавека фітанцыды. Пасаджаны і растуць сасновыя бары, прыгожыя клёны, ліпы і іншыя меданосы – жывое асенняе золата, багранае полымя. Нават вузкая палоска дрэў, кустарнікаў і траў уздоўж берагу змяншае замутненасць дажджавых сцёкаў у 100 раз, а ўтрыманне аміяку – у 2-3 разы. І ў вадападах сонечных промняў, і пад патокамі летняга цёплага дажджа, паляны і лугі зіхацяць і пераліваюцца ўсімі колерамі вясёлкі. Глядзі, слухай, дыхай водарам лесу, насычайся зёлкавым паветрам!

Анатоль ЧАБАТАРОЎ. г. Пінск.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть