Культура

І «коцікі» вярбы суцешылі боль памяці…

У чарговы раз лунінецкія гімназісты наведалі шматпакутную вёску Лугі – адну з 13-ці “лунінецкіх Хатыняў”.

Каля помніка ахвярам фашызму дзяцей чакалі вяскоўцы. Успамінамі падзяліліся відавочцы трагедыі 20 лютага 1943 года. Ганна Цыбулька і стараста вёскі Уладзімір Ярмаковіч расказалі, як на іх вачах расстрэльвалі родных, як на працягу 9-ці дзён гарэла паселішча. А потым юныя госці хвалююча зачыталі мартыралог загінуўшых – імя за імем назвалі 137 чалавек, зажыва спаленых у 106 хатах. Слёзы стрымлівала хвіліна маўчання…

Намеснік дырэктара гімназіі Наталля Скамейка адзначыла:

– Імкнемся да вывучэння падзей Вялікай Айчыннай, а сустрэчы з “дзецьмі вайны” дапамагаюць эмацыянальнаму ўспрыняццю гэтай тэмы. Дзякуючы расказам старажылаў, навуковыя работы ўражваюць не толькі мовай фактаў і лічбаў, але і перадаюць боль юных даследчыкаў аб трагізме і гераізме ваеннага часу…

У акцыі міласэрнасці “Марш Жыцця” разам з гімназістамі па традыцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі раённых арганізацый ГА “Беларускі саюз афіцэраў” – на чале са старшынёй Уладзімірам Жураўлёвым і Чырвоны Крыж – в.а. старшыні Надзея Ігнаткевіч. Гаротным мясцовым жыхарам і мнагадзетным сем’ям падрыхтаваны дабрачынныя падарункі, у тым ліку і ад тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва.

Калектыў Вялікачуча-віцкай СШ гасцінна прыняў дэлегацыю з Лунінца. Дырэктар Ірына Грыцкевіч і намеснік Марыя Шчатко вітаюць усталяванне сяброўства паміж гараджанамі і вяскоўцамі. Памяць аб мінулай вайне згуртоўвае розныя пакаленні дзеля мірнага будучага. Гэтай тэме прысвяцілі мастацка-дакументальную праграму, з якой выступілі гімназісты Андрэй Бусько, Яна Бушыла, Валерыя Казун, Наталля Калесніковіч, Аліна Крагель, Аня Лебядзеўская, Вераніка Мамантава, Дзяніс Рудовіч.    

Арганізатар акцыі – кіраўнік навуковага таварыства навучэнцаў “Зямляне” Ірына Грушэўская падкрэсліла:

– Сёлета “Марш Жыцця” здзейснілі навучэнцы 9 “Б”. Класны кіраўнік Валянціна Казун здолела так настроіць сваіх выхаванцаў, што суботні дзень прысвяцілі ўшанаванню памяці не толькі лунінчане, але і падлеткі з Бастыні, Дзятлавіч, Луніна, Вічына, Рэдзігерава, Ракітна, Кажан-Гарадка. А калі вярталіся дамоў, хлопчыкі нарвалі дзяўчынкам галінкі вярбы з “коцікамі”. Такі кранальны вечны сімвал вясны і жыцця…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть