Культура

Кветкі да падножжа

Кургана Бессмяротнасці штогод у святочныя майскія дні ўскладаюць родныя тых, у каго няма іншай магілы…
На жаль, дагэтуль дакладна не вядома, колькі чалавек сталі ахвярамі фашызму ў гэтым жалобным месцы. Згодна з дакументам 1945-га, “за перыяд акупацыі нямецкая паліцыя і жандармерыя знішчыла і пахавала ва ўрочышчы Баханова 805 чалавек мірных жыхароў, у тым ліку 336 жанчын і 205 дзяцей, а таксама 2813 ваеннапалонных салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі”. У энцыклапедыі 1990-га ўказана, што “пахаваны 4474 савецкія воіны, партызаны і мірныя жыхары, загінуўшыя ў баях за свабоду і незалежнасць Радзімы, расстраляныя ці закатаваныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі” ў гады акупацыі.
75-гадовы Васіль КОРЧЫК з Луніна дакладна ведае, што курган стаў месцам апошняга прытулку для яго бацькі і яшчэ 21 жыхара іх вялікага сяла.
– Мне тады было толькі тры гады, – з цяжкасцю, скрозь слёзы, прыгадвае стары. – Мама расказвала… Пасля падзей 1939-га бацька ўдзельнічаў у камісіі па раздзелу памешчыцкай зямлі. Які там савецкі актывіст, проста добры гаспадар і сумленны чалавек. Але трапіў у спіс, складзены мясцовым здраднікам. Гэта імя ведаюць у вёсцы, але не пра яго вяду размову… Людзі папярэдзілі бацьку аб небяспецы. І мама прасіла, каб не трапляўся на вочы ворагам. Ён адмовіўся. У той чорны дзень 1941-га немцы схапілі сялян. Расстралялі іх тут – ва ўрочышчы Баханова. Мама, цяжарная, засталася з пяццю дзецьмі. Малодшая сястра нарадзілася праз некалькі месяцаў пасля гібелі бацькі…
Цікава слухаць Васіля Трафімавіча, які шмат год узначальваў аддзяленне сувязі ў Луніне. Грунтуючыся на ўспамінах старэйшых, ён расказвае аб велічы духу вяскоўцаў. Адзін з іх, Майсей Корчык, бацькаў сваяк, хаваўся ў лесе. Калі даведаўся пра арышт равеснікаў, вырашыў быць разам з імі. Па дарозе на Лунінец дагнаў нямецкіх салдат і здаўся. І яго магілай стаў Курган Бессмяротнасці.
– Чаму не ўвекавечаны імёны загінуўшых? – пытаецца ў мяне стары. – Ужо звяртаўся ў Лунінскі сельвыканкам, але безвынікова. Кажуць, гэта ў Лунінцы павінны вырашаць. Ці дачакаюся? Пакуль жывы, буду класці кветкі да помніка, але тут толькі прыкладная лічба ахвяр указана… Прыязджаў з дзецьмі, цяпер унук прывозіць. Хочацца спадзявацца, што будзе памінаць пра-дзеда, як я – бацьку…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть