Культура

«Рухавік» яго жыцця

Часта ў юнацтве пры выбары прафесіі многімі з нас завалодвае рамантыка. Хочацца ў дарослым жыцці займацца нечым незвычайным, прыгожым, асаблівым – лятаць на самалётах, накіроўвацца ў экспедыцыі, рабіць новыя адкрыцці. Але ёсць людзі, якія сваю будучыню з маленства бачаць у руплівай штодзённай працы і знаходзяць у гэтым бязмежнае задавальненне.

Адным з такіх адданых майстроў сваёй справе з’яўляецца лунінчанін Віктар ФУРСЕВІЧ. Як прыйшоў у 1973 го-дзе ў “Райаграсервіс”, так і застаўся тут назаўсёды. Як узяўся рамантаваць сельскагаспадарчую тэхніку ў далёкі савецкі час, так і да сённяшняй пасяўной шчыраваў над ёй надзвычай старанна. І менавіта цяпер вырашыў спыніцца, па-сапраўднаму пайсці на заслужаны адпачынак, хаця права на яго займеў яшчэ сем вёснаў таму…

Віктар Антонавіч родам з Мокрава. Там закончыў школу, у Маларыце вучыўся на механізатара, у Лунінцы атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. З такімі навыкамі яго прызвалі ў армію, якую праходзіў у Цвярской вобласці. Кіраваў грузавіком, абслугоўваючы ваенныя самалёты.

Вярнуўшыся да цывільнага жыцця, задумаўся аб працаўладкаванні. Рабочыя рукі патрабаваліся ўсюды, але больш прывабіла Сельгастэхніка. Арганізацыя тады называлася іначай, і яшчэ не раз мяняліся шыльды, толькі гэта амаль не адбівалася на штодзённай руціннай рабоце. Некалькі месяцаў быў вадзіцелем, ды неўзабаве перайшоў у слесары – з-за часовага недахопу спецыялістаў заняўся новай справай дзень-два, прызвычаіўся і не ўяўляў сябе ў іншай якасці.

А любоў да тэхнікі ў Фурсевічаў агульная – вадзіцелямі і трактарыстамі працавалі браты, іншыя родзічы. Для Віктара Антонавіча захапленне пачыналася з матацыкла, які даводзілася часцей ладзіць, чым ездзіць. Вось тады і зразумеў, што ўсё ў сваіх руках – калі зробіш рамонт з душой і адказнасцю, то і паслужыць доўга і надзейна. З такім прынцыпам і прайшоў па жыцці.

Паступова набыў вопыт, дзякуючы якому адчуваў большую ўпэўненасць у вырашэнні заданняў і задавальненне ад зробленага. Першы рухавік рамантаваў доўга, з другім справіўся хутчэй. Па гуку мог вызначыць, дзе і што ў ім не так, ухіляючы невялікія недакладнасці, засцерагаў ад большых паломак. А гэта вылівалася ў зэканомлены час і меншыя расходы на дорагакаштуючыя запчасткі. Калі за парадай звяртаўся нехта з калег – адгукаўся, разам атрымлівалася хутчэй і якасней вырашыць праблему. З прыходам памочнікаў смела дзяліўся з  імі вопытам і некаторымі хітрасцямі праводзімай работы. Яго заўсёды паважалі, як настаўніка і надзейнага чалавека, які ніколі не адмовіць.

У гарачы перыяд пасяўной ці ўборачнай кампаніі выхадных дзён амаль не было. Клікалі на выручку ў вячэрні і начны час, як камбайн, касілка ці іншы важны агрэгат нечакана выходзілі са строю, спыняючы ўвесь рабочы працэс. Калі захварэе чалавек, выклікаюць “Хуткую дапамогу”, калі тэхніка – звяртаюцца да майстра, які можа паправіць любую паломку. Менавіта слесар-рамонтнік з багатым вопытам, інтуіцыяй і вынослівасцю адпавядаў усім гэтым патрабаванням. Часта працаваць даводзілася ў палявых умовах, было холадна ці спякотна, ішоў дождж, а працэс не спыняўся ні на хвілінку. У “Райаграсервісе” ад кіраўніцтва і калег давялося пачуць шмат добрых водгукаў пра рупліўца:

“Віктар Антонавіч ніколі не адмаўляў у дапамозе. Ён не глядзеў на гадзіннік, заўсёды ішоў туды, дзе яго чакалі. Часта бачым, што стомлены, што даўно пара дадому, але пакуль не закончыць пачатае – не ады-дзе. Нават не прысядзе на хвілінку адпачыць – настолькі вытрыманы і моцны духам. Такія спецыялісты – вялікая рэдкасць і ўдача для любой арга-нізацыі…”.

Шмат сіл вопытны майстар прысвяціў падрыхтоўцы маладога пакалення. Здаралася, давалі ў памочнікі юнака, які з цяжкасцю ўяўляў, з якога боку лепш падысці да рухавіка. Але пры ўмелай падтрымцы настаўніка той неўзабаве мог сам узяцца за складаную работу, нават было з кім паспаборнічаць. Хаця, як кажа Віктар Антонавіч, у яго прафесіі няма рамантыкі.

“Адрамантавалі асобны вузел, паставілі, і трактар паехаў, а ты пачынай усё спачатку на іншым. Рукі заўсёды брудныя, спіна баліць…”. Але гаворачы пра цяжкасці, ён тут жа ўспамінае пра станоўчыя бакі прафесіі: “Бывае, зусім новая тэхніка, а нешта ў ёй не “прыжылося”. Якое задавальненне адчуваеш, калі знаходзіш “слабое звяно” і ўсё ставіш на сваё месца”.

Таксама з цеплынёй ён расказвае аб сваёй сям’і, для стасункаў з якой пастаянна не хапала часу. Хаця яны з разуменнем адносіліся да занятасці мужа і бацькі, але так хацелася часцей быць разам. Жонка Яўгенія Іванаўна родам з Манасеева. Пасябравалі пасля яго вяртання са службы. Праз год аформілі шлюб і неўзабаве атрымалі кватэру ў райцэнтры. Да выхаду на заслужаны адпачынак жанчына працавала памочнікам выхавацеля ў дзіцячым садзе №6. Выгадавалі дваіх дзяцей. Сын Валерый – вайсковец, жыве ў райцэнтры, дачка Ірына – настаўніца пачатковых класаў у Сінкевічах. Радуецца дзядуля траім унукам – двое з іх задумваюцца пра самастойнасць, бо заканчваюць 11 клас, а малодшая толькі пачынае асвойваць школьную праграму.

У “Лунінецкім райаграсерві-се” са шкадаваннем аднесліся да навіны, што Віктар Антонавіч вырашыў пакінуць работу, бо знайсці падобнага рупліўца наўрад ці пашанцуе. Але ўгаворваць і ўтрымліваць не сталі – за 45 год чалавек стаміўся ад манатоннасці працоўных будняў. Зразумелым падалося яго жаданне заняцца дачай, агародам і іншымі хатнімі справамі, часцей быць разам з блізкімі. Развітваліся цёпла, ад усяго калектыву пажадалі яшчэ надоўга захоўваць у сабе жыццёвую актыўнасць, душэўную моц, фізічную сілу і ўпэўненасць.

Шматлікія Ганаровыя Граматы і Падзякі, атрыманыя за перыяд работы, будуць захоўвацца ў доме, як важная сямейная рэліквія. Стануць яскравым прыкладам стараннасці бацькі і дзядулі для малодшых пакаленняў. Магчыма нехта з іх пры выбары сваёй будучыні зверне ўвагу на гэта і зразумее, што дзеля душэўнага задавальнення не абавязкова імкнуцца да нечага незвычайнага. Любая прафесія можа стаць сэнсам жыцця, прынесці радасць, калі адносіцца да яе аддана і з любоўю.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть