Культура

Шрамы на сэрцы

шаликВетэран медыцыны, лунінчанка, 75-гадовая Эма Шалік жыве са спадзяваннем знайсці звесткі аб родных, загінуўшых на вайне, і памінае іх у храме.
Так з 1944-га рабіла яе мама. Радасць вызвалення ад фашыстаў азмрочылася атрыманнем сумных паведамленняў аб дарагіх людзях, якія з 1941-га ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай. Сям’я з вёскі Марозавічы Буда-Кашалёўскага раёна страціла трох мужчын. Толькі на малодшага Пятра Емяльянавіча Лапузенку, які загінуў пры вызваленні Польшчы, прыйшла “пахаванка”. Два яго браты прапалі без вестак. Сярэдні, Трафім, які да пачатку Вялікай Айчыннай паспеў закончыць педінстытут, быў малодшым палітруком, старэйшы, Васіль, – радавым стралком. Першы выкрэслены са спісаў баявога складу ў чэрвені 1941-га, другі – у красавіку 1944-га.
– Паднімаць на ногі сірот дапамагалі дзядулі – Емяльян і Захар, – расказвае Эма Васільеўна. – А вось бабуль звалі аднолькава – Марыі. Бацькава да скону дзён не спынялася плакаць па трох сынах. Чацвёрты, самы малодшы, ужо ў мірны час стаў ваенным, выйшаў у адстаўку ў званні маёра…
Яна прыгадвае, што мама ўсё жыццё чакала бацьку. Неяк хтосьці з аднавяскоўцаў наведаў Брэстчыну – тады многія з разбуранай фашыстамі Гомельшчыны ездзілі за харчамі ў менш пацярпеўшыя ад акупантаў раёны. Узрушылі надзеяй: у Кобрыне бачылі мужчыну-калеку, якога прынялі за Васіля. Людзі казалі, што ён быццам не хоча абцяжарваць сям’ю сваёй немаччу, таму і асталяваўся ў тамтэйшым прытулку для інвалідаў вайны. Выправіліся ў дарогу. У Эмы Васільеўны ад слёз блішчаць вочы і дрыжыць голас:
– Мама плакала: няхай без рук, няхай без ног, але я абяцала, што буду з мужам заўсёды разам, і стрымаю сваё слова…
На жаль, навіна не пацвердзілася, але сустрэча незнаёмага чалавека з цяжкім лёсам пераканала сям’ю ў тым, што і іх родныя па нейкіх прычынах маглі затрымацца па дарозе дамоў. Адзіным напамінам дачцэ застаўся выраблены бацькам гадзіннік ды яго фотаздымак.
Цяпер Эма Васільеўна засталася ўжо адна і, як завяшчала ёй мама, сама памінае родных. Выконваючы патрабуемыя хрысціян-скія абрады, задумалася і аб грамадскім увекавечанні памяці ўдзельнікаў вайны. Напісала ў Буда-Кашалёўскі раён, адкуль атрымала да-кументы аб гібелі сваіх родных. З самымі высакароднымі думкамі звярнулася ў Лунінецкі райваенкамат.
– Вядзецца вялікая пошукавая работа, – растлумачыла жанчына мэту свайго візіту. – Спецыяльныя атрады знаходзяць астанкі загінуўшых і выяўляюць іх родных для ўрачыстага пахавання герояў вайны. Магчыма, аднойчы высветліцца лёс майго бацькі. Калі ласка, запішыце яго дадзеныя і мае, каб вы ведалі, хто чакае такіх звестак.
Шкада, маладыя супрацоўнікі не зразумелі адчайных імкненняў Эмы Васільеўны знайсці свайго бацьку. Адказалі, што пенсіі сем’ям загінуўшых выдат-коўваюць органы сацыяльнай абароны, а райваенкамат не мае да гэтых выплат ніякага дачынення…
Вырасшая без бацькоў-скай ласкі, Эма Васільеўна ведае кошт грамадскай увагі. Як сакратар раённай ветэранскай арганізацыі ўстаноў аховы здароўя, яна з вялікай радасцю арганізуе ўшанаванне былых медыкаў з нагоды прафесійных святаў ці асабістых юбілеяў калег. Такімі натуральнымі падаюцца яе словы:
– Галоўнае маё жаданне – быць вартай памяці бацькі…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть