Культура

Святло незвычайнай паездкі

Своеасаблівым падарункам напярэдадні Ражства для навучэнцаў Дзятлавіцкай СШ стала экскурсія “Па святых месцах Лунінецкага краю”, арганізатарамі якой сталі аддзелы райвыканкама: адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама РФСК “Здароўе”.

Цікавы і насычаны дзень пачаўся з Лунінецкай Крыжаўзвіжанскай царквы, купалы якой бачныя практычна з любога ўзвышша горада. Па тварах прысутных можна было пазнаць, як уважліва кожны лавіў тыя словы, у якіх клірык храма, іерэй Георгій Філіновіч удала злучаў нашу мінуўшчыну з сучаснасцю і будучыняй. Цікавым настаўленнем і благаславеннем закончыў ён свой аповяд, пасля якога дзеці змаглі паставіць свечку за здароўе сваё і родных.

На працягу ўсяго шляху хлопчыкаў і дзяўчынак суправаджала дырэктар раённага краязнаўчага музея Наталля Благадзёрава, цікавыя расказы якой не давалі сумаваць юным вяскоўцам. Велічнасцю, прыгажосцю ззяючых пад сонечнымі промнямі купалоў уразіў наведвальнікаў храм ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших”. Па меркаванню яго настаяцеля іерэя Сергія Крышталя: “Для большасці дзяцей такая экскурсія становіцца першым сур’ёзным знаёмствам з Храмам і светам хрысціянства, якое не павінна стаць апошнім. Таму вельмі важна, каб юныя госці вынеслі з гэтага падарожжа па святынях нешта большае, чым набор інфармацыі. Неабходна, каб паездка стала для падлеткаў падставай сур’ёзна задумацца аб духоўным баку свайго жыцця, аб яго сэнсе і канчатковай мэце”.

У захапляючае падарожжа ператварылася паездка ў маляўнічы куток Палесся – Кажан-Гарадок. Шчырай усмешкай сустрэў тут старшыня Гарадоцкага сельвыканкама Іван Зубко. Гэтыя мясціны багатыя на легенды і гісторыі. Адна з іх расказвае пра тое, як паселішча ператварыўлася ў мястэчка. Выдумка ці праўда – вызначыць складана, але ад гэтага Кажан-Гарадок толькі яшчэ больш цікавіць і натхняе. Кажуць, што да 16 стагоддзя забудова вёскі была хаатычнай (як і большасць палескіх паселішчаў), што выклікала незадаволенасць мясцовых жыхароў. Яны паскардзіліся самой каралеве Боне Сфорцы (жонцы Жыгімонта). Тая  загадала зрабіць адмысловую планіроўку: пракласці 5 вуліц у розныя бакі, што сыходзяцца на цэнтральнай плошчы (месца).

Падарожжа па мястэчку пачалося з крынічкі. Жыхары наваколля з задавальненнем наведваюць цудоўны куточак. Нездарма нашыя продкі верылі (і перадалі гэта сучаснікам), што крыніцы – «вочы Маці зямлі». І па-сёння яна дае людзям бадзёрасць і сілу, чысціню і здароўе. Па бяспечных прыступках тут можна спусціцца да вады, смак якой прымусіць зноў і зноў сюды вяртацца. А ва ўтульнай альтанцы адпачыць і схавацца ад дажджу. А яшчэ – гэта не проста прыродны помнік, а духоўна асвячаная мясціна. Паласаваліся “жывой вадзіцай”  і госці з Дзятлавіч, бутэлькі якіх Іван Карпавіч шчодра напоўніў да краёў.

Наступным прыпынкам  сталі  паселішчы і гарадзішчы перыяду ранняга жалезнага веку, якія паўсталі на ўлонні вялізных лясных гушчароў ва ўрочышчы Гарбарава Гара. Тут пачалася сапраўдная вандроўка ў таямнічы свет продкаў. Пагадзіцеся, куды цікавей праводзіць урокі гісторыі на прыро-дзе, а не седзячы за падручнікам у класе. Дзеці не адступалі ні на крок ад свайго “правадыра”, з цікавасцю слухалі яго расказы аб мінулым, якія перапляталіся з таямнічымі апавяданнямі пра Лесуноў і Бабу Ягу, што наўмысна выкарчоў-ваюць дрэвы і ламаюць галінкі, каб заблытаць вандроўнікаў і збіць іх з дарогі. Гледзячы на ўсё дзейства, здавалася, што Івану Карпавічу не хапае хіба што адзення Дзеда Мароза, чароўнага посаху ды крыху сняжку, каб ператварыць наваколле ў сапраўдную казку. 

Не менш цікавай стала гісторыя аб рымскім паэце Авідзіі, які праславіў сябе паэмамі “Метамарфозы” і “Навука кахання”.  Ён на схіле жыцця трапіў у няміласць да імператара Аўгуста. Як вынік – выгнанне на бераг Чорнага мора. Паводле падання, адтуль па Дняпры, а пасля па Прыпяці паэт і дабраўся да наваколляў Кажан-Гарадка. Тут і памёр. На месцы яго пахавання насыпалі ўзгорак, які сёння завецца Відзііўш-гарой.

Незабыўнае ўражанне пакінулі батанічныя помнікі  прыроды “Векавыя дубы”. Самае “тоўстае” дрэва Беларусі, 500-гадовы дуб,  носіць імя Адама Міцкевіча. Існуе меркаванне, што ён мог наведваць мястэчкат менавіта для таго, каб пабачыць магілу Авідзія. Дарэчы, каб абхапіць «цара дрэў» спатрэбілася шэсць чалавек! А яшчэ дуб за 5 стагоддзяў свайго існавання спраўдзіў нямала людскіх мар. Наша сустрэча з ім не стала выключэннем – хлопчыкі і дзяўчынкі скарысталіся магчымасцю прашаптаць тут свае самыя запаветныя жаданні.

Адна са святыняў Лунінеччыны – Свята-Мікалаеўская царква, якая сёлета адзначае 200-годдзе. І тут не абыйшлося без легенды, што звязана з вайной 1812 года. У 1818 палонныя французы сваімі шапкамі насыпалі велізарны ўзгорак у цэнтры мястэчка, на якім і была пабудавана царква. Грошы на ўзвядзенне храма ахвяраваў мясцовы памешчык Шчыт.  Гісторыя захавала імёны тых, хто ўзводзіў гэты цуд. Аляксандр Маліноўскі, Сімон Канапацкі і Васіль Лістапад упісаны ў летапіс з самымі шчырымі словамі ўдзячнасці. Над інтэр’ерам храма працаваў мясцовы мастак Іосіф Астапчык. Цяпер наўрад ці хто паверыць, што майстры, пабудаваўшыя ў Кажан-Гарадку царкву, былі непісьменнымі: не маглі ні чытаць, ні пісаць, ні нават распісацца. Пад кантрактамі, заключанымі на будаўніцтва, замест подпісаў яны прастаўлялі насупраць сваіх прозвішчаў па тры крыжыкі. І гэтыя людзі стваралі шэдэўры, сапраўдныя цуды дойлідства, бо царква пабудавана без адзінага цвіка! Настаяцель храма протаіерэй Дзімітрый Грыб гаворыць, што гэта не зусім так. Цвікі выкарыстоў-валіся, але драўляныя. Тым не менш іх наяўнасць  не робіць царкву менш унікальнай. А яшчэ храм беражліва захоўвае лампаду, атрыманую ў дар у дзень узыходжання на прастол імператара Мікалая ІІ.

– На працягу амаль двух стагоддзяў тут не спыняліся богаслужэнні, – кажа айцец Дзімітрый. – Менавіта таму гэтае намоленае месца прыцягвае шматлікіх паломнікаў. Сярод іх не толькі праваслаўныя хрысціяне, але і розныя дэлегацыі, замежныя турысты, якія са здзіўленнем глядзяць на ўнікальнае збудаванне.

Час не праходзіць бясследна… Да канца 19-га стагоддзя некалькі купалоў храма нечакана пачалі сыходзіцца да цэнтра. Канчаткова знешні выгляд змяніла няўмелая рэканструкцыя ў 70-80-ых, з-за якой будынак прасеў яшчэ на 20-30 сантыметраў. Святыні патрэбна тэрміновая рэстаўрацыя, якая спыніць  разбурэнне, але, на жаль, сродкаў на гэта няма… 

Убачаныя мясціны і славутасці яшчэ раз пацвердзілі, наколькі багатай і ўнікальнай з’яўляецца наша спадчына. А колькі нязведаных маршрутаў яшчэ ёсць на карце нашай малай радзімы! Такія экскурсіі патрэбныя, такія экскурсіі маюць права на жыццё! І дзяржава, і царква, і кожны веруючы хрысціянін, і знаўца мастацтва – усе разам, сваімі сіламі і малітвамі,  нізкім паклонам перад продкамі і з добрасумленным наказам нашчадкам, павінны зберагчы гэтую каштоўную спадчыну і адсвяткаваць яшчэ не адно свята пад купаламі святынь Лунінеччыны!

МЕРКАВАННІ

Есенія Канапацкая, вучаніца 9 “Б” класа:

– Мегалегендарнае мястэчка! Язык не павернецца назваць, як афіцыйна належыць, вёскай акуратненькае паселішча з насельніцтвам каля 2 тысяч чалавек і з такой багацейшай гісторыяй!

Максім Брэзін, вучань 6 “А”:

– Мінулае нашай Лунінеччыны ўражвае сваёй ве-лічнасцю. Нават уявіць не мог, што ў нашым раёне ёсць такія дзівосныя месцы. А яшчэ прыемна, што бацюшкі ў кожнай царкве так проста, даступна і цікава расказалі не толькі пра гістарычныя факты, але і далі зразумець, наколькі важна звяртацца да Бога і верыць.

 

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть