Культура

Сям’я абаронцаў радзімы

жукУдзельніца партызанскага руху, ветэран працы нашага прадпрыемства Ганна ЖУК адзначыла 85-гадовы юбілей.
Яе мама паявілася ў Лунінцы падчас Першай сусветнай вайны. Ура-джэнка Іванаўскага раёна, акупаванага кайзераўцамі ў 1915-ым, знайшла выратаванне ў нашым горадзе. Так назаўжды замацавалася за ёй мянушка “Бежанка”. Выйшла замуж за мясцовага жыхара. Пры Польшчы беззямельны селянін будаваў “брукаванку”. У 1939-ым, з усталяваннем Савецкай улады, стаў машыністам паравознага дэпо. Калі пачалася Вялікая Айчынная, сям’я далучылася да падпольнай барацьбы з акупантамі.
Больш за год яна з бацькамі і братам знаходзілася ў партызанскім атрадзе “За Радзіму” брыгады імя Кірава Пінскага злучэння. Ігнат Сцяпанавіч Жук быў паранены падчас баявой аперацыі на Грушаўскіх хутарах каля вёскі Бастынь. Каб не трапіць жывым у рукі ворага, падарваў сябе гранатай. Яму не было і 45-ці… Веры Данілаўне Жук лёс адпусціў удвая большы зямны шлях. У партызанскім атрадзе яна выпякала хлеб. Аўдавеўшы пасля гібелі мужа, стварыла сям’ю з абяздоленым селя-нінам, чыя жонка і шасцёра з сямі дзяцей загінулі пры трагедыі вёскі Мелясніца – адной з 13-ці “лунінецкіх Хатыняў”. Да выхаду на пенсію працавала ў калгасе паляводам. Выдатна спявала, удзельнічала ў хоры пад кіраўніцтвам Ксеніі Бясан.
15-гадовая Аня выконвала даручэнні партызанскага кур’ера. Восенню 1943-га фашысты забілі трох пляменнікаў, зімой загінуў стрыечны брат – камандзір разведчыкаў 22-гадовы Аляксей Жук. Пасля вайны ён быў перапахаваны на гарадскіх могілках. Да юбілею вызвалення Беларусі па просьбе былой партызанкі на надмагільнай пліце ўвекавечана і імя яе бацькі.
Ветэранам вайны быў і брат Г.І. Жук. Разам складалі дынастыю чыгуначнікаў у другім пакаленні. Мікалай Ігнатавіч ад машыніста паравоза вырас да намесніка начальніка лакаматыўнага дэпо. Па волі лёсу, яго жонка таксама была бежанкай – у пасляваенны час многія ўкраінцы, ратуючыся ад голаду, аселі ў заходніх раёнах Беларусі… З пачатку 1990-ых жыве ў памяці калектыву, родных і знаёмых.
Калі юная партызанка выйшла замуж, як удзельнік вайны, атрымала лес. Неўзабаве сям’я пабудавала дом. Тут нарадзіліся двое дзяцей. Калі яны падраслі, уладкавалася ў паравознае дэпо. Спачатку працавала прыбіральшчыцай Дома адпачынку брыгад, затым – нарадчыкам.
Ліпень – асаблівы месяц у лёсе Ганны Ігнатаўны. Яна паявілася на свет у ноч на Купалле, але адзначае дзень нараджэння дзясятага – у свята вызвалення Лунінца ад нямецка-фашысцкіх захоп-нікаў. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “Партызану Айчыннай вайны” і “За перамогу над Германіяй у Вялікую Айчынную вайну 1941-1945 гг.”, юбілейнымі.
Шмат год на гарадскіх урачыстасцях уставала ў калону ветэранаў. Зараз Ганна Ігнатаўна не здзяйсняе працяглыя прагулкі, але яшчэ даглядае за прысядзібным участкам, вядома, з дапамогай сына і дачкі. Дзеці ўладкаваліся на Міншчыне, але клапоцяцца пра маму, рэгулярна наведваюць. У ветэрана вайны – пяцёра ўнукаў і дзесяць праўнукаў.
Аляксандр МАТОР, старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Лунінец.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть