Культура

Успаміны пра тату

Прыгаршчамі кранаючых успамінаў ахутвае сэрца надыход дзвюх светлых дат – Дня Перамогі і Дня Незалежнасці. Першая ў мяне заўсёды асацыіруецца з ярка-чырвонымі цюльпанамі, другая – з пунсовымі ружамі. Яны, быццам кропелькі крыві на параненым целе, здалёк віднеюцца на халодна-маўклівым каменні помнікаў і абеліскаў. Яшчэ ў гэтыя дні часта ідзе дождж. Магчыма такім чынам нябёсы дагэтуль аплакваюць неймаверныя страты, што напаткалі чалавецтва ў жудаснай вайне. Ці наадварот, дорыць жыццёвую сілу кожнай расліне, жадаючы каб усё расло, красавала і радавала спакойны і мірны людскі дабрабыт.
Гэтыя самыя важныя дні я заўсёды прысвячаю дарагому чалавеку, які даўно пазірае з вечнасці, але пры зямным жыцці меў непасрэднае дачыненне да падзей 1941-1945гг. Гэта мой тата, які быў на вайне. Радавы Антон Лявонцьевіч Леўшыц прайшоў франтавымі дарогамі ад Беларусі амаль да самага Берліна. Ступіць на брукаваныя вуліцы варожай сталіцы яму не дазволіла цяжкае раненне, пасля якога больш як паўгода правёў у ваенным шпіталі на тэрыторыі Германіі…
Тата быў паранены двойчы. Першы раз на полі бою куля моцна закранула плячо, спыніўшы яго ў той момант, калі ўсёй ротай байцы ірванулі ў атаку. Сцяўшыся ад рэзкага болю, ён паспеў моцна выгукнуць сябрам: ”Біце фашыстаў, не адступайце!”. І страціў прытомнасць. Смутна памятае, як аказаўся ў шпіталі. Далей быў востры пах лекаў. І крыві, што праступала, сачылася праз бінты на глыбокіх ранах. Як нясцерпна крычаў у той момант, калі санітарка бязлітасна зрывала прысохлыя да раны павязкі.
Неўзабаве яго чакала заслужаная ўзнагарода. За мужнасць і смеласць, праяўленую ў час баявых дзеянняў, атрымаў медаль “За адвагу”. Калі рана стала загойвацца, пачаў стамляцца ад шпітальнай цішыні. Як толькі адчуў сябе лепш, папрасіўся на фронт, які імклівымі тэмпамі набліжаўся да варожага логава. Прыступіўшы да ранейшых абавязкаў у конным узводзе, разам з надзейным чатырохногім сябрам мужна пераносіў цяжкасці будняў на перадавой.
Тата часта расказваў, як стаяў на пасту. У люты мароз нерухомую постаць прабірала холадам да касцей, скоўвала ногі. Як доўга цягнулася ноч, як памаленечку рухаўся месяц па небе – без гадзіннікаў яны навучыліся дакладна вызначаць час па сонцу і скупому начному свяцілу. Чакаючы новых загадаў камандавання падоўгу знаходзіліся ў акопах, не звяртаючы ўвагі на дождж ці снег, нізка згінаючыся асцярожна рухаліся па вузкіх траншэях. Як толькі нехта асмельваўся рызыкнуць і ўзняцца, літаральна побач шчоўкала варожая куля.
Нягледзячы на цяжкасці, у салдат быў прыўзняты баявы дух. Адчувалася, вайне прыходзіць канец. Вісла, Одэр – назвы вялікіх рэк, праз якія пралягаў цяжкі шлях да Перамогі. Яны вядомы кожнаму франтавіку, знаёмы да болю. Да самага скону кожны ветэран уздрыгваў, калі нехта вымаўляў гэтыя простыя словы, якія асацыіраваліся з нялёгкімі ўспамінамі аб горыч і пакутах.
Недзе там мой тата зноў адчуў на сабе халодны метал варожай зброі, на невядомых прасторах Нямеччыны струменем пралілася яго гарачая кроў. Ад моцнага ўзрыву атрымаў кантузію, трое сутак знаходзіўся ў непрытомнасці. Асколкам моцна зачапіла ступню, пашкодзіла косць. Гэта прымусіла надоўга заставацца на бальнічным ложку. Горка было таму, што і пераможныя салюты давялося сустрэць у шпіталі. Малады, адважны, ён хацеў быць у страі, да апошняга помсціць за страчаных сяброў, на поўныя грудзі адчуць перавагу савецкага чалавека, байца і вызваліцеля над звергнутым фашызмам.
Вучыўся рухацца з дапамогай мыліц. Кароткія моманты таго лячэння занатаваны на некалькіх фотаздымках, што ўдалося зрабіць і пераслаць родным. Вось разам з аднапалчанінам пазіруюць пад шыкоўным кустом бэзу, вось дрэнна схаваныя “дадатковыя ногі” віднеюцца з-пад стала. І самы яго любімы кадр – на кані. Няхай сабе ў бінтах, стомлены, спакутаваны, але жывы. Поўны жадання ствараць, змагацца, ісці прамой дарогай, не шукаючы лёгкіх шляхоў.
Дадому вярнуўся пазней за саслужыўцаў. Тады, як наноў навучыўся хадзіць. У роднай хаце за дзень да яго прыходу якраз паарудавалі рабаўнікі. Пакуль адзін нешта распытваў у гаспадара, астатнія вынеслі з клеці некалькі мяхоў жыта. Калі ж наступнай ноччу зноў пачуўся стук у акно, усе падумалі што прыйшлі тыя няпрошаныя госці. Бацька схапіў вілы, мала што не накінуўся з імі на роднага сына. Пашчасціла, маці пазнала па голасу. Замест бойкі пачаліся абдымкі, слёзы.
Раны на маладым целе зарубцаваліся, а шрамы засталіся на ўсё жыццё. Толькі яму (і не толькі яму, усім людзям, якія прайшлі вайну), не хацелася звяртаць увагу на тое, што нешта баліць. Загартаванасць на цяжкасцях адчувалася да самай старасці, ён ніколі не баяўся фізічнай працы, марозу ці навальніцы. Мог не спаць суткамі, несці на сабе груз, перавышаючы асабістую вагу.
Мой тата і яго равеснікі неяк іначай глядзелі на навакольны свет – прайшоўшы праз жудаснае выпрабаванне менш увагі звярталі на дробязі, але з прыкметнай трывогай прыслухаліся да выпускаў навін, у якіх расказвалася пра ўзброеныя канфлікты. І абавязкова хацелі дзяліцца перажытым. Яно ірвалася, выплёсквалася з глыбіні душы – варта было сабрацца разам, як размова абавязкова вяртала былых воінаў туды, на перадавую. У кожнага былі свае ўспаміны. Некаму давялося перажыць горшае, іншаму пашанцавала больш. Зусім лёгка не было нікому, таму што “так не бывае на вайне” (урывак з даўняй размовы, які не забываецца праз дзесяцігоддзі).
Маё маленства было багатым на расказы пра вайну. Часта збіраліся разам тата, дзядзька, суседзі-мужчыны, якія вярнуліся з фронту, і кожны згадваў далёкія падзеі страшнага ліхалецця. Яны моцна хвалявалі дзіцячае сэрца. У ім магутнай хваляй узнімаўся гонар за блізкіх людзей, якія ўнеслі ў агульную і такую доўгачаканую Перамогу часцінку сваёй сілы і крыві.
Амаль усе ветэраны з ліку маіх родзічаў і знаёмых вярнуліся дадому з глыбокімі шрамамі ад раненняў. Перад дажджом зажыўшыя раны пачыналі ныць мацней звычайнага. Дарослыя мужчыны крывіліся ад непрыемных адчуванняў у нагах, руках, імкнуліся не падаваць выгляду, але часам не стрымлівалі кароткі стогн…
Мой тата пражыў доўгае жыццё – яго не стала ў 88 год. Нягледзячы на паважаны ўзрост, з фотакарткі на помніку ён пазірае ўдалячынь ясным чыстым позіркам. Некалькі ваенных фотаздымкаў засталіся нам на ўспамін пра яго няпростую маладосць. 9 Мая і 3 ліпеня для ўсіх нашчадкаў асаблівы святочны дзень. Некалі ўсе мы збіраліся ў таты і дзядулі, парушаючы звыклую цішыню ў засені густога бэзу пад старэнькай хатай. Цяпер прыходзім да яго магілы. Навокал шуміць лес, завывае вецер і спяваюць птушкі. Гукі, прывычныя для нас, пакаленняў, якія не ведаюць вайны. І такія каштоўныя для ўсіх, хто прайшоў праз горшае. Хто да старасці прачынаўся ад трывожных сноў, у якіх гулі варожыя самалёты, узрываліся бомбы і шчоўкалі кулі.
Вызваліцеляў мала засталося ў жывых. На жаль, чалавечы ўзрост мае свае канкрэтныя межы. Але наш абавязак памятаць пра іх незалежна ад таго, побач яны, ці ў вечнасці. Таму і даражу я кожным урыўкам з дзяцінства, дзе рана ссівелыя мужчыны вялі гутаркі пра баявую маладосць. Як такіх размоў не хапае маім дзецям і іх равеснікам каб зразумець, якой цаной заваяваны мір на роднай зямлі. Вельмі радуе, што наракаючым на цяжкасці сучаснікам проста няма з чым параўноўваць свае праблемы.

Марыя ЯРАХОВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть