Культура

«Вічынскія паляне» і іх нашчадкі

Стагоддзю этнаграфічнай экспедыцыі Ісаака Сербава прысвечаны сучасныя даследаванні навукоўцаў і студэнтаў гістфака БДУ, якія цяпер працуюць у нашым краі.

Намаганнямі ўраджэнца Дварца Уладзіміра Пясоцкага ў 2005 годзе перавыдадзена амаль забытая кніга вядомага вучонага, які ў дарэвалюцыйны час вывучаў матэрыяльную культуру нашых продкаў. І.А. Сербаў лічыў, што жыхары вёсак Вічын, Дварэц, Язвінкі, Яжаўкі, Ракітна, Цна, Дрэбск складаюць асобны этнаграфічны раён Беларусі, і даказаў гэта сваімі працамі. У раздзелах “Геаграфічнае палажэнне”, “Забудова”, “Насельніцтва”, “Сельскагаспадарчы быт” адлюстравана аднастайнасць і адрозненне так званай Вічынскай зямлі.

Падрыхтоўку матэрыялу да друку ажыццявіў Тадэвуш Навагродскі – цікава, што цяпер доктар гістарычных навук, прафесар кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтвазнаўства  БДУ ўзначаліў экспедыцыю ў наш раён.

– Зборам этнаграфічных матэрыялаў займаюся ўжо 25 год, – расказвае Тадэвуш Антонавіч. – Разам са студэнтамі, якім пасля першага курса па вучэбнай праграме належыць удзельнічаць у палявой практыцы, выязджаем у рэгіёны краіны. Сёлета юным ураджэнцам розных мясцін пашчасціла вывучаць адметнасці Дварца – клубнічнай сталіцы Беларусі.

Зразумела, амаль 30 даследчыкаў, якія размясціліся ў Лунінцы ў інтэрнаце сельгаскаледжа, наведваюць і іншыя вёскі раёна. Выкладчыкі ўніверсітэта навучаюць студэнтаў запісваць успамі-ны старажылаў – песні, прымхі, іншую фальклорную спадчыну. Але галоўная ўвага сканцэнтравана ўсё ж на рэгіён “вічынскіх палян”. Мэта экспедыцыі – прасачыць, якія змены адбыліся на працягу стагоддзя, параўнаць цяперашнія ўмовы жыцця з тымі, што занатаваны І.А. Сербавым. У аснове апытанняў зафіксаваны такі істотны этнаграфічны аспект як традыцыі харчавання. Будзем з нецярпеннем чакаць апрацоўкі матэрыялаў, якія ў багатай этнаграфічнай спадчыне Беларусі занатуюць і мясцовыя звычаі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть