Культура

Юбілей у бляску ўзнагарод

Ваеннае мінулае не дае спакою, думкі зноў вяртаюць у трывожную маладосць усіх, хто бачыў жахі баёў і зарыва пажараў. Праз многія дзесяцігоддзі ажывае горыч і боль неспакойных дзён і начэй, якія, здавалася, цягнуліся бясконца. Не забылася пара ліхалецця і для 90-гадовага лунінчаніна Васіля САЎЧУКА, які крочыў партызанскімі і франтавымі дарогамі, будучы зусім маладым…
Яго маленства праходзіла на маляўнічым хутары Юркавічы ў ваколіцах Манасеева. Лес служыў месцам дзіцячых забаў, тут выпасвалі каровы, збіралі грыбы і нарыхтоўвалі дровы. Ніхто не думаў, што некалі родныя сэрцу бярозы ды сосны стануць выратаваннем жыцця для многіх мясцовых жыхароў. Менавіта густыя зараснікі дапамаглі людзям схавацца ад немцаў і дачакацца вызвалення.
Сядзібу Саўчукоў часта наведвалі партызаны. Ідучы на заданні ці вяртаючыся да месцаў дыслакацыі стомленыя лясныя мсціўцы спыняліся ў надзейных гаспадароў адпачыць і падсілкавацца. Ды ўсё тайнае некалі становіцца яўным – нехта данёс ворагам пра такія візіты і над сям’ёй навісла смяротная пагроза. Імкліва ўварваўшыся, немцы рыхтаваліся знішчыць хату разам з гаспадарамі.
Але безабаронным мірным людзям тады дапамагаў Бог. Іначай як растлумачыць той факт, што маці паспела зняць жывым старэйшага сына з пятлі, якую захопнікі падрыхтавалі ў павеці. Потым іх, малых і дарослых, прымусілі спусціцца ў яму, над якой стаялі немцы з аўтаматамі. Калі кожны ў думках ужо развітаўся з жыццём, пераводчык загадаў маці трымаць малых каля сябе, не ўставаць, не крычаць, доўга сядзець і нават не варушыцца.
Раздаліся стрэлы, але кулі спецыяльна прашчоўкалі вышэй дзіцячых галовак. Узброеная варта знікла, а яны сядзелі ў здранцвенні, не верачы, што ўсе засталіся ў жывых. Хата занялася яркім полымем, але на страту матэрыяльнага ў той крытычны момант ніхто не звяртаў увагі. Баючыся выпрабоўваць лёс, яны адразу рушылі ў лес, да партызан. Васілю тады ішоў 16-ты год. Сядзець без справы ён не мог, імкнуўся на барацьбу з захопнікамі ў атрадзе імя Калініна. І накіроўваўся на заданні, дзе кожны раз па слядах ішла смерць. На шчасце, застаўся цэлым, хаця з пякучым болем развітваўся са страчанымі сябрамі…
Калі чырвонаармейцы пераможным крокам ступілі на Лунінеччыну, радасці не было межаў. І партызаны далучыліся да салдат, аб’яднаўшы сілы ў барацьбе супраць ворага. Іх накіравалі ў Пінск, дзе фарміравалі войскі для далейшага наступлення. Хацелася прама рушыць на Берлін, знішчыць немцаў, і хутчэй забыцца, што такое вайна. Але да фашысцкага логава была ой якая цяжкая і крывавая дарога даўжынёй амаль у год. Дайшлі да Брэста, ступілі на тэрыторыю Польшчы. Баі каля Варшавы спынілі рух беларускага хлопца ў франтавым страі пехацінцаў – куля трапіла ў жывот і надоўга паклала на бальнічны ложак. Паведамленне пра Вялікую Перамогу таксама сустрэў пад дахам шпіталя.
Затым была армейская служба, у час якой пабываў у розных кутках бязмежнага СССР. Навасібірск, Уладзівасток – гэта толькі некаторыя з гарадоў, пачуўшы назвы якіх сэрца шчыміць хвалюючымі ўспамінамі. Асвоіў спецыяльнасць танкіста, і пад бранёй магутнай машыны калясіў па самых розных дарогах. Радавала, што навокал мірнае неба, але няпроста было ўзнаўляць разбуранае. У салдацкай форме з гонарам насіў званне абаронцы Радзімы.
Хоць прыгажосці ў свеце шмат, магчымасцей застацца недзе далёка таксама хапала, але палешука моцна цягнула дадому. Вярнуўся, уладкаваўся на работу ў калгас. Неўзабаве стаў трактарыстам. Пасля ваджэння танка кіраваць мірнай тэхнікай было намнога прасцей. Нават не спатрэбілася ўдасканальваць навыкі. Ажаніўся на дзяўчыне з суседняй вёскі. Але быць разам адразу і назаўсёды не атрымалася – Бог не даў ім нашчадкаў, і праз некаторы час шлюб распаўся.
Адносіны з новай выбранніцай узаконіў ва ўзросце 46 год. Аляксандра Апанасаўна ў той час адна гадавала двое маленькіх дзяцей пасля смерці мужа. Асцерагалася нешта перайначваць у сваім жыцці, але Васіль Мікалаевіч знайшоў правільны падыход да жаночага сэрца – ён пацягнуўся да малых. Бачачы, што тыя з нецярпеннем чакаюць яго прыездаў, просяцца пакатацца, больш уважліва і сама прыгледзелася да новага знаёмага. Разам рашыліся на пошукі сямейнага шчасця, але нават ніколі не думалі, што Бог падорыць ім яшчэ 44 вясны сумеснага жыцця, што разам сустрэнуць 90-гадовы юбілей гаспадара…
Аляксандра Апанасаўна родам з Луніна, таксама ў гаротны час адчула на сабе ваенныя нягоды. У партызанскім лагеры аказалася разам з дарослымі ў 10-гадовым узросце. На заданні не хадзіла, але дапамагала выконваць розныя даручэнні тыпу “аднясі-прынясі-падай”. Шкада, што не паклапацілася пра гэта раней – не захавалася сведкаў ці дакументаў – і жанчына не лічыцца ні ўдзельніцай вызваленчага руху, ні пацярпеўшай ад фашызму.
Не заўсёды было светла на небасхіле сям’і Саўчук. Нарадзілі малодшых Мішу і Валю, не пакідалі без увагі старэйшых дзяўчынак. Вырасцілі ўсіх, адправілі ў самастойныя дарогі, з радасцю сустракалі прыезд унукаў. Але страта прыйшла якраз у той момант, калі яе чакалі менш за ўсё – ад невылечнай хваробы сына Міхаіла не стала ў 33 гады, пакінуў сіротамі дваіх дзяцей…
Васіль Мікалаевіч усё жыццё адпрацаваў на сельскагаспадарчай тэхніцы. Тыя трактары цяжка параўнаць з сучаснымі энерганасычанымі, але фронт работ імі выконваўся нават складанейшы, бо акрамя штогадовых сезонных клопатаў у калгасах ішло асушэнне тарфянікаў, інтэнсіўна будавалася жыллё, да якога падводзілі водаправоды і каналізацыю. Менавіта на апошніх участках быў задзейнічаны вопытны механізатар і былы танкіст.
Пра стараннасць сведчаць запісы ў працоўнай кніжцы аб узнагародах граматамі і медалямі. Дадаўшы іх да баявых і юбілейных, святочны касцюм ветэрана зіхаціць яркім бляскам, у метале якога адліты кропелькі страчанай гарачай крыві на дарогах змагання за родны край і салёнага поту, які засцілаў вочы на шляхах да яго ўзнаўлення і росквіту. Варта дадаць, што па жыцці Васіль Мікалевіч заўсёды ішоў з добрым пачуццём гумару і аптымізмам, а гэта дапамагала прасцей ставіцца на розных складанасцей і праблем.

Марыя ЯРАХОВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть