Культура

Заданне ад уладыкі

мелесницаУ дзень Узвіжання Крыжа Гасподняга ў старым храме нашага горада, дзе свята з’яўляецца прастольным, літургію служыў Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан.
Пасля завяршэння малебна Ўладыка, якога суправаджалі настаяцель протаіерэй Васілій Дужак і клірык іерэй Георгій Філіновіч, наведалі Мелясніцу. Дзякуючы гэтаму, для жыхароў вёсачкі сёлетні “святок” стаў сапраўды гістарычным.

Гэта паселішча вядома з пачатку XVII стагоддзя як валоданне, разам з Лунінцам, Дзяцелавіцкага Нова-Пячэрскага Прэабражэнскага мужчынскага манастыра. Абіцель дзейнічала амаль 250 год, а пасля закрыцця Мелясніца засталася ў Лунінецкім прыходзе. Да вайны тут пражывалі больш за 300 сялян.
1 кастрычніка 1943 года дзве трэці жыхароў былі забіты фашыстамі, вёска – спалена. Людзі, якія цудам выратаваліся, пахавалі костачкі сваіх родных у брацкай магіле, а з цягам часу – адрадзілі Мелясніцу. Вёска ўвекавечана на Дрэве Жыцця мемарыяльнага комплекса Хатынь.
Мелясніца паступова змяншаецца. Цяпер тут у 15-ці дварах пражывае 32 чалавекі, палова з якіх – пенсіянеры, і ніводнага школьніка.
Можна ўявіць радасць вяскоўцаў, якія мелі гонар прымаць высокіх гасцей! 92-гадовая Надзея Паўлюкавец з дапамогай дачкі, 65-гадовай Ганны Даўгун, вітала Ўладыку караваем. Ён благагавейна пацалаваў хлеб і благаславіў старажылаў. Шчырыя словы падтрымкі адрасаваў “дзецям вайны”, якім удалося выжыць у час трагедыі вёскі і захаваць адданасць малой радзіме. Не ўдзельнічала ў свяце прыкаваная да ложка 85-гадовая Любоў Гардзіевіч. З ёй падзеляцца ўражаннямі на 10 год малодшыя Раіса Мыслейка і Тамара Літвінчук, а таксама Яўгенія Прыходзька, якая нарадзілася ў лесе праз два месяцы пасля знішчэння вёскі.
Пастаянны ўдзельнік мелясніцкіх сустрэч – 88-гадовы ветэран вайны і працы Міхаіл Канапацкі, былы лунінецкі чыгуначнік. А сям’я яшчэ адной ахвяры фашызму на мітынгу-рэквіему прысутнічала ўпершыню.
У полымі загінулі 25-гадовы Аляксандр Негацін з жонкай і 8-месячным сынам. Звесткі аб трагедыі, што і цяпер баліць, занатаваў яго бацька. Напісаныя крывёю сэрца радкі былі агучаны каля абеліска. Разам з жыхарамі Мелясніцы ў хвіліне маўчання застылі нашчадкі адзінай дачкі Васіля Негаці-на, якая жыла ў Лунінцы. Унукі захавалі дзённікі дзеда. Адна з іх, Дана Сярогіна, уручыла каравай Благачыннаму. У памятным мера-прыемстве ўдзельнічалі яе сын-масквіч, сястра Ганна Мігалевіч, якая жыве ў Лахве, з дачкой і зяцем.
Уладыка адзначыў, што вельмі важна, святкуючы юбілеі ваенных падзей, шанаваць памяць ахвяр фашызму. Сучасная моладзь павінна ведаць, што ад гітлераўскага генацыду нас выратавала вызваленне Беларусі і Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне. У памінальнай малітве злучыліся духавенства і ўсе ўдзельнікі сустрэчы. Да абеліска былі ўскладзены вянкі ад Уладыкі, Лунінецка-Ганцавіцкай арганізацыйнай структуры ДТСААФ, СВК “Хваецкае”.
Штогод адзначаючы гадавіны трагедыі, адначасова ўшаноўваем жыхароў Мелясніцы з нагоды Дня пажылых людзей. Ад раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа падарункі ўручыла Надзея Ігнаткевіч, ад тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – Лідзія Чыжакова.
Своеасаблівае паломніцтва на прастольнае свята ў Мелясніцу ажыццявілі гімназісты. І менавіта да юнакоў і дзяўчат звяртаўся Ўладыка, нагадваючы аб агульнахрысціянскай святыні – Крыжы Гасподнім. Настаўніца Ірына Гнедзька ўсхвалявана адзначала, што прыхаджанкай часта была ўдзельніцай набажэнстваў, якія служыў Уладыка, але ўпершыню трапіла ў святло дабрыні яго вачэй і благаславення, што сыходзіла і на старых, і на моладзь. Словы Архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана аб каштоўнасцях сям’і і роду натхнілі намесніка дырэктара Вольгу Сыцэвіч на правядзенне творчага конкурсу, што яна бу-дзе лічыць ганаровым заданнем ад Уладыкі. Сімвалічная экскурсія можа мець працяг, як лічыць сёлетні пераможца міжнароднага экалагічнага конкурсу, алтарнік храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших”, 11-класнік Улад Барысевіч:
– Нічога значнага не зрабілі, а жыхары дзякавалі нам проста за тое, што на іх адзінай вуліцы Партызанская нарэшце чуліся размовы і смех моладзі. Раскажам пра Мелясніцу сваім аднакласнікам і сябрам. Яшчэ раз хочацца наведаць вёску, магчыма, з велапрабегам і большай колькасцю гімназістаў…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть